20 апреля 2024, суббота, 10:23
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

12 гістарычных адрасоў: што паглядзець у Горадні — другой сталіцы БНР

12 гістарычных адрасоў: што паглядзець у Горадні — другой сталіцы БНР

Горадня стала другой сталіцай БНР 27 сьнежня 1918 году.

«Радыё Свабода» запрашае на віртуальную экскурсію па гістарычных мясьцінах Горадні — другой сталіцы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Горадня стала другой сталіцай БНР 27 сьнежня 1918 году, калі ўрад новаабвешчанай дзяржавы на чале з Антонам Луцкевічам пераехаў туды зь Вільні, уцякаючы ад бальшавікоў. Крыху раней, на пачатку сьнежня, Рада Народных Міністраў БНР вымушаная была выехаць зь Менску з той жа прычыны. Горадня лічылася сталіцай БНР да верасьня 1919 году, пакуль урад не вярнуўся на некалькі месяцаў у Менск, акупаваны польскімі войскамі.

Мапа гістарычных адрасоў Горадні — другой сталіцы БНР

Інтэрактыўная мапа ўкладзеная паводле папяровай мапы, якую летась да #БНР100 стварылі Цэнтар гарадзкога жыцьця Горадні і горадзенскі інфармацыйны партал Hrodna.Life. Яны абапіраліся на дасьледаваньні гісторыка Андрэя Чарнякевіча з даведніка «Шляхамі БНР».

Фота: rfl/re

Гатэль «Расія» (Савецкая, 23)

Фота: rfl/re

Раней гатэль яшчэ называўся «Маскоўскі». Напачатку 1919 году тут адбываліся сустрэчы ўраду БНР. Цяпер тут абласны камітэт аховы прыроды і Оргускі цэнтар. На пешаходнай Савецкай вуліцы.

Міністэрства беларускіх спраў (Леніна, 4)

Фота: rfl/re

Тут адбываліся паседжаньні Міністэрства беларускіх спраў Народнага сакратарыяту БНР на чале зь Язэпам Варонкам, адным з ініцыятараў абвяшчэньня БНР.

Цяпер тут, на вуліцы Леніна паблізу аўтавакзалу, Гуманітарны каледж.

Беларуская камэндатура (Горкага, 2)

Фота: rfl/re

Напачатку 1919 году тут разьмяшчалася Беларуская вайсковая камэндатура і цэнтар вайсковых частак у Горадні.

Цяпер тут, побач з архіярэйскім падворкам за гарвыканкамам, рэзыдэнцыя праваслаўнага япіскапа.

Гатэль «Эўропа» (Савецкая, 18)

Фота: rfl/re

У канцы 1918 — пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч. Ён ініцыяваў і стварыў праект Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой БНР была абвешчаная незалежнаю дзяржаваю.

Ад гатэлю нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы на Савецкай вуліцы стаіць унівэрмаг «Нёман».

Гатэль «Раяль» (Гараднічанская, 20)

Фота: rfl/re

Тут у 1919 годзе адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў. Таксама жылі чальцы вайскова-дыпляматычнай місіі Антанты, якая мела вызначыць будучую дзяржаўную прыналежнасьць Горадзеншчыны.

Цяпер гэта закінуты будынак на Гараднічанскай вуліцы ў працэсе зацягнутай рэканструкцыі.

Беларуская хатка (Карбышава, 10)

Фота: rfl/re

Тут разьмяшчалася ў 1919 годзе Грамада беларускае моладзі, якая мела на мэце гуртаваньне маладых людзей, прапаганду роднай мовы, гісторыі, фальклёру; адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Стваральнікі Грамады, грамадзка-палітычныя дзеячы часоў БНР Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка, пазнаёміліся менавіта ў гэтым будынку. Адсюль пачалася гісторыя іхнага каханьня. Пазьней яны пабраліся шлюбам.

Цяпер у гэтым будынку, што крыху вышэй за плошчу Леніна, месьціцца разьлікова-касавы цэнтар.

Турма (Кірава, 1)

Фота: rfl/re

Тут у міжваенныя часы трымалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку палітыка і навукоўца Браніслава Тарашкевіча, набліжанага да ўраду БНР, і паэта, сябра Таварыства беларускай школы Пятра Сеўрука. І цяпер тут, на вуліцы Кірава, турма — № 1 .

Манастыр бэрнардынаў (Парыскай Камуны, 1)

Фота: rfl/re

Напярэдадні Першай усясьветнай вайны (1909–1914) тут адбываліся паседжаньні Горадзенскага гуртка беларускае моладзі на чале з ксяндзом Францішкам Грынкевічам. Ён меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, пра яе гісторыю, культуру, мову, разьвіваць нацыянальную сьвядомасьць моладзі. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясцовых школаў, гімназіяў. Працаваў нелегальна.

Цяпер тут, насупраць драматычнага тэатру, пабэрнардынскі касьцёл.

Беларуская школа (Валковіча, 1)

Фота: rfl/re

Тут быў апошні адрас беларускай школы, якая пераяжджала зь месца на месца. Першыя беларускія школы ў Горадні ўзьніклі ў 1916 годзе, пры нямецкай акупацыі. Нязьменным дырэктарам апошняй беларускай школы быў пэдагог Уладзімер Федарук, які адстойваў яе цягам дзесяцігодзьдзя. Пасьля закрыцьця школы захаваў пасаду настаўніка і выкладаў на курсах беларускай мовы. У 1939 годзе яго па даносе арыштавалі і рэпрэсавалі органы НКВД.

Цяпер тут, на вуліцы Валковіча ў раёне Новы Сьвет, корпус Аграрнага ўнівэрсытэту.

Барысаглебскі манастыр (Маставая, 35)

Фота: rfl/re

З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школаю сябра Віленскай беларускай рады (каардынацыйнага цэнтру беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў у 1918–1919 гг.) Аляксандар Грыкоўскі і настаўніца Тэкля Станішэўская. Ім было 23 і 18 гадоў адпаведна. Незадоўга да таго, як пайсьці выкладаць, яны скончылі беларускія настаўніцкія курсы.

Манастыра не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драматычны тэатар.

Старыя гарадзкія могілкі на вуліцы Антонава (паміж вуліцамі Падольнай і Прыгараднай)

Тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Горадзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Горадзенскай беларускай школы Аляксандар Грыкоўскі.

Дом Багдановіча (1 Мая, 10)

Фота: rfl/re

Тут у 1890-х гадах жыла сямʼя Адама Багдановіча, Максімавага бацькі. Цяпер гэта філія гісторыка-археалягічнага музэю — музэй Максіма Багдановіча. Побач з паркам Жылібэра.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях