19 апреля 2024, пятница, 4:30
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг»

3
«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг»
Фота: RFE/RL

Чаму мы можам раўняцца на Сяргея Ханжанкова.

13 сакавіка Сяргею Ханжанкову споўнілася б 77 гадоў. Былы палітвязень 70-х памёр амаль тры гады таму, 16 сакавіка 2016-га. Вечарыну памяці Сяргея Ханжанкова зладзіў у офісе БНФ рух салідарнасьці «Разам», перадае «Радыё Свабода».

Актывісты, палітыкі, аднадумцы дзяліліся ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова — аднаго з самых вядомых беларускіх палітвязьняў.

Мікалай Статкевіч: «Унікальны прыклад»

Паводле Мікалая Статкевіча, роля Сяргея Ханжанкова ў беларускім грамадзтве і сёньня ўнікальная.

Мікола Статкевіч

«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг», — казаў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

Палітык нагадаў пра актывістаў, якія пасьля некалькіх гадоў змаганьня адышлі ўбок ад палітычнай барацьбы і заняліся ўспамінамі.

«Атрымліваецца: навошта трэба было змагацца? Што гэта, марна? Але Сяргей да канца жыцьця працягваў барацьбу, і мы павінны на яго ў гэтым раўняцца».

Чаму не пагаджаўся на датэрміновае вызваленьне?

Сяргей Ханжанкоў у 1963 годзе быў асуджаны на 10 год лягераў за стварэньне антысавецкай студэнцкай групоўкі і спробу тэракту — плянаваў узарваць у Менску вежу, якая глушыла «Голас Амэрыкі» ды іншыя «варожыя галасы». Тэрмін адбываў у лягеры ў Мардовіі, дзе ў 60–70-я гады мінулага стагодзьдзя трымалі палітычных вязьняў.

Вячаслаў Сіўчык, заснавальнік руху салідарнасьці «Разам», адзначыў, што Сяргей Ханжанкоў быў перакананым антыкамуністам і пасьлядоўным змагаром за дэмакратыю.

Вячаслаў Сіўчык

«Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў Сяргей меркаваў, што камунізм зьнішчае людзей, у тым ліку саміх камуністаў. І ў нашы часы ён бачыў непасрэдную сувязь таго, што адбывалася ў 60-я, зь цяперашнімі рэпрэсіямі».

«Адной з каштоўнасьцяў беларускай гісторыі ёсьць тое, што Ханжанкоў катэгарычна адмаўляўся ад датэрміновага вызваленьня, бо не пагаджаўся прызнаваць віну. Мог на два гады раней выйсьці зь лягеру, але не саступаў і адбыў увесь тэрмін. Гэта подзьвіг», — кажа Вячаслаў Сіўчык.

«Унівэрсытэты» Сяргея Ханжанкова

Алена, удава Сяргея Ханжанкова, згадала пра радавод мужа.

Алена, удава Сяргея Ханжанкова

Ягоны дзед быў настаўнікам, эсэрам, агітаваў супроць калгасаў, адбыў тры гады ў калёніі. Але ў 35 годзе яго зноў загрэблі, і з Салаўкоў ён ужо не вярнуўся.

Маці Сяргея Ханжанкова паехала за сваім бацькам на Калыму, каб мець магчымасьць яму дапамагаць.

Бацька Сяргея трапіў на Калыму ў 30-я гады за рэлігійную прапаганду і там пазнаёміўся з маці Сяргея, гэтак утварылася іх сямʼя. «Сяргей распавядаў, што ў жывых заставалася 1 з 10 на Калыме. Бацька быў гэтым адным з 10. Яму даводзілася закопваць расстраляных там».

Нараджэньне Сяргея, паводле Алены, таксама было цудам. «Ён быў трэцім з народжаных у сямʼі, двое першых дзяцей ня выжылі».

Маці з малым Сяргеем хадзілі ў бібліятэку, ён там навучыўся чытаць газэты і з прачытанага выводзіць сувязі паміж падзеямі. Адсюль у яго на ўсё жыцьцё захавалася цікаўнасьць да палітыкі.

Бацька Сяргея вызваліўся зь лягеру ў 40-м годзе, але зьехалі яны з Калымы толькі ў 50-м.

Калі Ханжанковы прыехалі з Калымы ў Беларусь, вельмі зьдзівіліся, што тут людзі літаральна выжывалі, настолькі жыцьцё было галоднае і цяжкое.

Сяргею складана было знайсьці аднадумцаў. На амэрыканскую выставу, якая ў 1959 годзе праходзіла ў Маскве, давялося ехаць аднаму, бо не знайшлося нікога, хто б не баяўся і каму б было цікава. Затое аднадумцы, паводле Сяргея, знайшліся ў лягеры. Гэта ён меў на ўвазе, калі ўжо на волі казаў: «Хачу ў лягер».

Ігар Кузьняцоў: Брэндам Беларусі павінна быць дэмакратыя, а не дыктатура

«Яму было б вельмі сумна пачуць сёньня, што брэндам Беларусі павінна стаць дыктатура», — сказаў гісторык Ігар Кузьняцоў.

Ігар Кузьняцоў

Паводле спадара яго, Ханжанкоў першым паставіў подпіс пад вынікамі грамадзкага трыбуналу, які на пачатку 90-х гадоў у Беларусі праводзілі дэмакратычныя арганізацыі. Быў ён і ў складзе міжнароднага «Мэмарыялу», удзельнічаў ва ўсіх акцыях ушанаваньня ахвяр рэпрэсій.

Пры гэтым, паводле Кузьняцова, Сяргей Ханжанкоў не азлобіўся, ня меў нянавісьці да камуністаў. «Я рады кожнаму камуністу, які памяняў свае погляды на дэмакратычныя», — так, з успамінаў Ігара Кузьняцова, казаў Сяргей Ханжанкоў.

Ідэйную спадчыну Сяргея Ханжанкова гісторык падсумаваў гэтак: «„Мы выжылі ў лягеры таму, што былі разам, дапамагалі адзін аднаму ў самых цяжкіх умовах. Нам таксама ўсім трэба быць разам“. Гэтыя словы Сяргея Ханжанкова — ягоны запавет».

Мэдаль са словамі «Ня бойся»

Пісьменьнік і дасьледчык пэрыяду рэпрэсій Ільля Копыл згадаў, што Сяргей Ханжанкоў быў вельмі моцны духам чалавек.

«Ён быў бясстрашны. На пытаньне, чаго баіцца, адказваў, што баіцца баяцца. І сапраўды гэтак жыў».

Трэці год запар актывісты руху салідарнасьці «Разам» ушаноўваюць мэдалём імя Сяргея Ханжанкова змагароў з дыктатурай у Беларусі. У 2017 годзе такім мэдалём быў адзначаны абаронца Курапат, маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі.

Летась мэдаль імя Ханжанкова з рук актывістаў атрымала пэнсіянэрка Ніна Багінская, вядомая адзіночнымі пікетамі з плякатам «Уладу народу» каля КДБ.

Сёлета грамадзкая камісія з 15 вядомых праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячоў узнагародзіла мэдалём імя Сяргея Ханжанкова айца Вікенція, іераманаха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

«Ён і ў Курапатах, і бароніць апазыцыйных палітыкаў, заступаецца за простых людзей, на першы ж заклік ідзе на грамадзкія акцыі і прамаўляе там словы любові. Такой дзейнасьцю айцец Вікенцій даказаў, што ён працягвае чын, пачаты Сяргем Ханжанковым», — сказаў пра айца Вікенція сябра грамадзкай камісіі Генадзь Драздоў, які ўручыў айцу Вікенцію грамадзкую ўзнагароду.

Хто такі айцец Вікенцій?

Айцец Вікенцій

Сьвятар Вікенцій нарадзіўся ў Веткаўскім раёне, у вёсцы, дзе жыло шмат старавераў.

«Мяне зь дзяцінства зьдзіўляла, як людзі з усёй акругі зьяжджаліся ў нашу вёску на рэлігійнае сьвята і яно станавілася сьвятам дабрыні і любові», — згадаў пра дзяцінства айцец Вікенцій.

Паводле яго, у маладосьці ён быў камсамольцам, ваяваў і быў паранены ў Аўганістане, цяпер нясе цяжкую місію сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якую не прызнаюць беларускія ўлады, «але вельмі любяць простыя вернікі».

Падзяку руху салідарнасьці «Разам» таксама абвясьцілі Паўлу Севярынцу і Зьмітру Дашкевічу.

«За гераічны ўнёсак у абарону Курапатаў», — напісана на граматах, якія, паводле актывісткі Алены Талстой, будуць уручаныя Паўлу Севярынцу і Зьмітру Дашкевічу падчас курапацкай вахты.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях