29 марта 2024, пятница, 15:43
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Леанiд Кулакоў мусіць сплаціць амаль 2 тысячы рублёў, каб вызначыць, ці зламалі яму руку

8
Леанiд Кулакоў мусіць сплаціць амаль 2 тысячы рублёў, каб вызначыць, ці зламалі яму руку
Фото: nn.by

Актывiст лічыць кошт экспэртызы завышаным і зьвязвае яго зь перасьледам уладамі абаронцаў Курапат.

1870 рублёў будзе каштаваць судова-мэдычная экспэртыза траўмы рукі абаронцу Курапатаў Леаніду Кулакову, які пацярпеў ад наезду наведніцы рэстарацыі «Поедем поедим», паведамляе «Радыё Свабода».

«Адкуль у мяне такія грошы? Рука не згінаецца, я не магу працаваць кіроўцам, жыву на капейкі. Суд гэта добра ведае», — абураецца Леанід Кулакоў.

Кошт экспэртызы ён лічыць завышаным і зьвязвае яго зь перасьледам уладамі абаронцаў Курапат.

Інцыдэнт здарыўся летась у чэрвені. Леаніда Кулакова падчас пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» зьбіў аўтамабіль, за рулём якога была Злата Савостава.

Яна не адмаўляла ў судзе, што сьвядома паехала ў бок пікетоўцаў, якія стаялі на дарозе ў рэстарацыю: «Думала, што яны расступяцца».

У Кулакова выявілі пералом рукі і наклалі гіпс. Актывіст ацаніў нанесеную яму шкоду ў 120 тысяч рублёў.

Дыягназ «пералом» у судзе пацьвердзіў хірург 27-й паліклінікі, які лячыў актывіста.

Але судмэдэкспэрт зь Менскай абласной управы Дзяржкамітэту судовых экспэртыз заявіў, што ў абласным шпіталі, паглядзеўшы дакумэнты Кулакова, сказалі, што пералому не было.

Пасьля гэтых паказаньняў судзьдзя Натальля Петух вырашыла прызначыць новую экспэртызу траўмы рукі.

Леанід Кулакоў ня верыць, што, аплаціўшы экспэртызу, атрымае бесстароньні вынік. І не разумее, чаму суд не разгледзеў дакумэнты і рэнтгенаўскі здымак, якія ёсьць у 27-й паліклініцы, дзе яму лячылі пералом.

Чаму экспэртыза такая дарагая?

Гадзіна працы судмэдэкспэрта каштуе 20–28 рублёў, пазначана на сайце Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў.

«Атрымліваецца, экспэртыза траўмы, якую я атрымаў, запатрабуе каля 70 гадзін працы экспэрта, альбо 8 працоўных дзён. Чаму гэтак шмат?» — дзівіцца актывіст.

У Дзяржкамітэце сказалі, што названы Леаніду Кулакову кошт — арыенціровачны.

«Канчатковы будзе выстаўлены пасьля правядзеньня ўсіх экспэртыз і вывучэньня дакумэнтаў. Могуць прызначыць яшчэ дасьледаваньні, за якія прыйдзецца заплаціць. Усе нашы расцэнкі зацьверджаныя старшынём», — сказала супрацоўніца Дзяржкамітэту судовых экспэртызаў Ганна Прохарчык.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў доўжыцца з чэрвеня 2018 году. Калі скласьці разам усе прысуджаныя пікетоўцам штрафы — выйдзе больш як 50 тысяч рублёў. Некалькі чалавек у пікеце пацярпелі ад агрэсіўных наведнікаў.

У сваю чаргу, дырэкцыя рэстарацыі летась патрабавала завесьці на актывістаў крымінальную справу за хуліганства. У сьнежні ёй адмовілі ў завядзеньні справы, але пазьней пракуратура Менскай вобласьці пастанавіла правесьці дадатковую праверку заявы. Вынікі праверкі пакуль невядомыя.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях