28 марта 2024, четверг, 13:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Габрэі цанілі беларускую краму з гарэлкай»

«Габрэі цанілі беларускую краму з гарэлкай»
Фото: svaboda.org

Гісторыі міжваеннай Горадні.

Як вулічныя музыканты аказваліся нямецкімі шпіёнамі, лепшую гарэлку ў габрэйскім квартале прадавалі беларусы, а вясковы хлеб перамагаў гарадзкія булкі — у кнізе ўспамінаў пра Горадню 1930–1940-х гадоў. Са старымі гарадзенцамі размаўляў журналіст Руслан Кулевіч. Свабода пачытала рукапіс кнігі і занатавала 10 гісторыяў зь яе.

Вясковы хлеб супраць гарадзкіх булак

Генрых Юхневіч, нарадзіўся ў 1927 годзе

Малым хлопцам штодня хадзіў за 11 кілямэтраў з роднай вёскі Адамавічы ў школу імя Стэфана Баторыя ў Горадні. У гарадзкой школе вясковага хлопца сталі паважаць не адразу. Вучні лічылі, што жыхары вёсак — адсталыя. Казалі: «ты хам-мужык зь вёскі». Праз гэта Генрых пабіўся ў чацьвёртай клясе з хлопцам з шостай. Першым пачаў старэйшы.

«Я яго так адлупцаваў, я ж быў вельмі моцны, бо еў хлеб вясковы, а яны, гарадзкія, елі булкі і былі праз гэта слабыя. Я яго так адчыхвосьціў, што наша бойка дайшла да дырэктара».

Выклікалі бацькоў. Нягледзячы на тое, што шасьціклясьнік быў сынам польскага афіцэра, дырэктар стаў на бок вяскоўца, а крыўдзіцеля пагражаў выгнаць са школы.

Габрэі цанілі беларускую краму з гарэлкай

Галіна Рудніцкая, нарадзілася ў 1934 годзе

Ейны бацька Казімер Яблонскі працаваў у краме вінаў і гарэлкі, вядомай як «крама Яблонскага». Яе адкрылі ў канцы 1920-х гадоў. Усе спачатку сьмяяліся зь беларуса, бо вакол у раёне гандлявалі адны габрэі. Але ў выніку крама мела вялікі посьпех, бо месьцілася побач з драўняным рынкам.

«Людзі гандлявалі, а потым усе ішлі ў краму выпіваць. Людзі давяралі майму бацьку і ведалі, што ён ня будзе разводзіць гарэлку, як іншыя», — тлумачыць Галіна Рудніцкая.

Рабочыя страйкавалі крэатыўна

Ірэна Кізюкевіч, нарадзілася ў 1925 годзе

У 1935 годзе ў горадзе здараліся страйкі рабочых. Дырэктар школы вучыў дзяцей: «Дзеці, калі нешта будзе ляжаць на зямлі ў горадзе — не чапайце. Калі хтосьці што-небудзь будзе даваць — не бярыце». У такіх рэчах маглі быць бомбы.

«Ідзем іншы раз мы з маці па горадзе пасьля касьцёла, а каля натоўпу працоўных дзьве тыпу труны стаяць і напісана: „Слава невядомаму рабочаму“. Я тады ў мамы спытала, што за работнік загінуў. А яна мне распавяла, што такім чынам рабочыя да забастоўкі прыцягваюць увагу», — расказвае Ірэна Кізюкевіч.

У Горадні любілі футбол

Казімер Сальвясюк, нарадзіўся ў 1922 годзе

У міжваенны час у Горадні футбол карыстаўся папулярнасьцю. Часам хлопцы сыходзілі з вучобы дзеля матчу.

«У горадзе было за каго заўзець, і перада мною стаў выбар каманды. „ВКС“ („Wojskowy klub sportowy“), „Макабі“ (габрэйская каманда) або „Крэсовiя“ (каманда палякаў)? Кожная была моцная па-свойму, але я больш сымпатызаваў гарадзкой, ці, па-іншаму, цывільнай камандзе „Крэсовiя“».

Хлапчукам трапіць на футбол было няцяжка. Аховы на стадыёне не было.

«Наведвальнасьць матчу была вялікая. Цяпер шматлікія беларускія клюбы столькі не зьбіраюць. Тады на стадыёне дарослыя дзядзькі і піва пілі, і ні ў кога не было думкі кінуць бутэльку на стадыён», — распавядае Казімер Сальвясюк.

Бацька загінуў у першы дзень вайны — 1 верасьня 1939 году

Пелагея Аляшкевіч, нарадзілася ў 1932 годзе

Пелагея Аляшкевіч не стамляецца распавядаць, што для Горадні жахі Другой усясьветнай вайны пачаліся ня ў чэрвенi 1941 году, як вучаць у школах, а ў верасьні 1939-га, калі Нямеччына напала на Польшчу. У першыя гадзіны вайны загінуў ейны бацька Вацлаў, які працаваў паштальёнам у турме.

«1 верасьня 1939 году ў 8:00 бацька, як звычайна, быў на працы. Дзесьцi каля дзясятай да нас прыйшла суседка і сказала, што тата загінуў — нямецкія бомбы ўпалі побач зь ім... Мы прыйшлі ў турму. Там на тэрыторыі была каплічка, а ў ёй ужо стаяла пяць трунаў, у адной зь іх быў бацька. Загінулых ня мылі і не пераапраналі. Так і пахавалі ў крыві і мундзірах».

Пяць злотых для польскага войска

Ежы Кежкоўскі, нарадзіўся ў 1928 годзе

У 1939 годзе ў Горадні рыхтаваліся бараніць горад ад немцаў, але прыйшлі саветы. Перад пачаткам Другой усясьветнай вайны Ежы быў у дзіцячым летніку за горадам. Усіх дзяцей накіравалі дадому, потым сабралі ў школе.

«У адзін дзень выступіў дырэктар „батаруўкі“ (школы імя Стэфана Баторыя — РС) і сказаў: „Дарагія мае дзеці, Польшча знаходзіцца ў вельмі цяжкай сытуацыі. Трэба ўзбраеньне, хто можа чым дапамагчы: жалеза, грошы“», — успамінае Ежы Кежкоўскі.

Малы прыйшоў дадому, набраў крупаў на кухні, а ў маці стаў прасіць грошы. Іншыя дзеці прыносілі на патрэбы польскага войска па 5–10 злотых, бедныя па 2. Мама дала толькі 50 грошаў.

«Я ёй у адказ: „Што ты мне даеш? За гэтыя грошы нічога нельга купіць, ані карабіна“. Але мама казала, што за 5 злотых можна тры дні жыць, а за 10 і тыдзень. Я кажу: „Мама, ня трэба нам жыць, трэба абараняцца, 5 злотых і канец“. У выніку яна дала мне 2 злотыя. Мы тады, школьнікі, думалі, што трэба абараняцца, а калі не абараняцца, то Польшча зьнікне з карты».

Гішпанцы частавалі цукеркамі

Вера Чарнышова, нарадзілася ў 1928 годзе

У вайну разам зь немцамі ў Горадні зьявіліся гішпанскія салдаты. Многія зь іх жылі ў кватэрах у гарадзенцаў. Але калі пачалася адпраўка на фронт, шмат зь іх паўцякала.

«У гішпанцаў у Горадні быў нейкі зборачны пункт. Памятаю іх добра: невысокага росту, чарнявыя і сьмешныя. Неяк я сядзела на падваконьні, і якраз гішпанцы па горадзе ішлі. І адзін зь іх пазірае на мяне — пацалункі паветраныя шле. Пасьля падышоў і дастаў з кішэні цэлую жменю цукерак і пачаставаў мяне. І гэта было падчас вайны.

А наагул гішпанцы не хацелі ваяваць. І калі ім трэба ўжо было зьбірацца на фронт, то многія хаваліся па горадзе. Мама распавядала, што адзін забег да нас і схаваўся пад ложкам. Пасьля ён сышоў і пакінуў нам крыж», — узгадвае Вера Чарнышова.

Камуністы забралі сямейную краму, немцы — вярнулі

Зыгмунт Левандовіч, нарадзіўся ў 1929 годзе

Сям’я Левандовічаў трымала краму ў самым цэнтры гораду, каля самага Фарнага касьцёла. Шыльду з прозьвішчам сям’і нават можна ўбачыць на старых паштоўках. Там прадавалі кнігі, пісьмовыя прылады.

У 1939 годзе, калі ў горад прыйшлі саветы, дзядулю кінулі ў вязьніцу як буржуя, бацькоў — як сяброў таемнай польскай арганізацыі. Бацьку асудзілі на сьмяротнае пакараньне, маці зь дзядулем — на 10 гадоў лягераў. Зыгмунта зь сёстрамі і бабуляю павезьлі ў Сыбір 20 чэрвеня 1941 году.

Калі напалі немцы, то празь некалькі дзён Левандовічам удалося зьбегчы з разбамбаванай турмы, а Зыгмунту зь сёстрамі і бабуляй — вярнуцца ў горад.

«Саветы краму ў дзеда забралі, а немцы, як прыйшлі, то вярнулі і дазволілі зноў гандляваць», — кажа Зыгмунт Левандовіч.

Нямецкія шпіёны пераапраналіся ў вулічных музыкаў

Анатоль Песьняк, нарадзіўся ў 1926 годзе

Напярэдадні Другой усясьветнай вайны ў Горадні зьявіліся дзіўныя вулічныя музыкі. Яны хадзілі ў асноўным па цэнтры гораду і шмат фатаграфавалі. Аказалася, што гэта нямецкія шпіёны, якія складалі падрабязныя карты мясцовасьці.

«Мы, 13-гадовыя падлеткі, злавілі такіх музыкаў на Віленскай вуліцы каля лазьні... Мы паведамілі ў паліцыю, што музыкі ня граюць, а ўвесь час фатаграфуюць. У выніку затрымалі гэтых дзіўных музыкаў, і ў іх пры сабе было шмат розных дакумэнтаў і картаў. Нам потым аддзячылі шакалядам», — распавядае Анатоль Песьняк.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях