25 апреля 2024, четверг, 15:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

10 шчырых прызнанняў Уладзіміра Арлова

10 шчырых прызнанняў Уладзіміра Арлова

Кожная сустрэча пісьменніка з чытачамі ў Віцебску збірае аншлаг.

Так было ў мінулым годзе, калі Уладзімір Аляксеевіч прэзентаваў сваю кнігу «Айчына», так здарылася і на гэтым тыдні, калі аўтар прывёз у горад на Дзвіне некалькі сваіх выданняў, у тым ліку тыя, што пабачылі свет зусім нядаўна, пiша «Віцебскі курьер».

Кнігі Уладзіміра Арлова
Фота Сашы Май

Уладзімір Арлоў у Віцебску правёў адразу дзве сустрэчы: у абласной бібліятэцы і ў арт-пабе «Торвальд». У апошнім яго чакалі наведвальнікі самых стыльных і да таго ж бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова-нанова».

Дырэчы, гэты год для праекта юбілейны — на мінулым тыдні курсы «Мова-нанова ў Віцебску» распачалі пяты сезон.

У чаканні сустрэчы з пісьменнікам
Фота Сашы Май
Вядоўца курсаў Таццяна Дубоўская з Уладзімірам Арловым
Фота з асабістага архіва Таццяны

Яшчэ да прыходу шаноўнага госця вядоўцы Таццяна Дубоўская і Іван Рагавой

Вядоўца курсаў Іван Рагавой
Фота Сашы Май

Аказалася, некаторыя мовананоўцы даволі нядрэнна знаёмыя як з біяграфіяй Уладзіміра Аляксеевіча, так і з яго творчасцю.

Гэта адзначыў і сам пісьменнік, які таксама «пратэсціраваў» прысутных. А тым, хто даў правільны адказ, уручыў на памяць свае аўдыёкнігі.

А напрыканцы сустрэчы адказаць на цікавыя пытанні, падрыхтаваныя вядоўцамі, давялося самому Уладзіміру Арлову. Нездарма мерапрыемства праходзіла ў фармаце нечаканых дыялогаў.

У чым прызнаўся Уладзімір Арлоў у Віцебску? Мы выбралі 10 самых цікавых адказаў пісьменніка.

1. Мой самы эратычны твор? Калі верш, то «Аркады Падуі», калі празаічны твор, то «Танцы над горадам» і «Каханак яе вялікасці».

2. Якія рысы характару я наследаваў ад сваіх бацькоў? Трымаць слова і цаніць людзей, якія гэта робяць, – гэта ад бацькі; празмерную сентыментальнасць, што часам нечаканна праяўляецца, – ад маці.

3. Галоўная традыцыя маёй сям’і – ушанаванне беларускіх святаў, ад Радуніцы і Дзядоў да Дня Волі. А яшчэ ў дзень нараджэння маіх бацькоў я заўсёды стаўлю іх фотаздымкі навідавоку. Дарэчы, у гэтым годзе майму бацьку споўнілася б 100 гадоў.

4. Мая цыганская кроў праяўляецца ў тым, што ў іерархіі маіх жыццёвых каштоўнасцей прага да падарожжаў знаходзіцца на адным з самых высокіх месцаў.

5. Калі мне апошні раз прызнаваліся ў каханні? Ведаеце, не так даўно адна студэнтка-чытачка зрабіла прызнанне, амаль публічнае: «Я ў Вас закахалася». Магчыма, пераблытала каханне з захапленнем? Але ж усё роўна прыемна.

6. Самы арыгінальны камплімент у мой адрас: аднойчы на сустрэчы ў магілёўскім універсітэце атрымаў цыдулку: «Правда ли, что Вы цыган? Я ужас как люблю мужчинак-цыганов».

7. «Мой самы незабыўны дзень нараджэння? Па-першае, у мяне іх два. 25 жніўня 1953 года і 6 лістапада. Менавіта ў гэты дзень 10 год таму мне зрабілі тэрміновую аперацыю на сэрцы. Як бачыце, удалую. Доктар тады сказаў, што 6 лістапада я мушу лічыць сваім другім днём нараджэння.

Наогул, нягледзячы на тое, што мой бацька быў пракурорам, а маці настаўніцай, жылі мы небагата. Толькі раз на год у дзень нараджэння маці купляла мне прыгожую гронку вінаграду. Я прачынаўся, а талерка ўжо чакала мяне на зэдліку каля ложка.

Аднойчы я еў вінаград, адна ягадка закацілася пад ложак, я залез туды, знайшоў яе, трохі абцёр ад пылу і з задавальненнем з’еў.

8. Я лічу, што беларускі менталітэт складаецца з менталітэту рэгіянальнага. Мне падаецца, што жыхары Прыдзвіння, палачане, віцябляне больш вераць у дзівосы, чакаюць незвычайнага ад гэтага жыцця, больш шчодра надзеленыя пачуццём гумару, іроніі і самаіроніі.

9. Быў 1984 год. На сустрэчы ў Воршы я прапанаваў перайменаваць вуліцу Савецкіх касманаўтаў у вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча. Мне адказалі, што гэта «идеологически неверно».

Я пачаў даказваць, што Уладзімір Сямёнавіч тут нарадзіўся і мае непасрэднае дачыненне да гэтай вуліцы і горада ў цэлым. Савецкія ж касманаўты тут не нараджаліся ўсе адразу! А мне адказалі: «Не, яны тут праляталі».

10. Кім я найперш лічу сябе? Пісьменнікам. Але пісьменнікам з гістарычнай адукацыяй.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях