29 марта 2024, пятница, 10:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Уладзімір Някляеў: Для мяне самае важнае ў барацьбе — дух

3
Уладзімір Някляеў: Для мяне самае важнае ў барацьбе — дух
Уладзімір Някляеў
Фота: «Радыё Свабода»

Паэт выказаўся ў Горадні пра беларускую палітыку.

У Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні 25 верасьня адбылася творчая сустрэча з Уладзімiрам Някляевым, перадае «Радыё Свабода».

Уладзімір Някляеў — беларускі паэт, празаік, грамадзка-палітычны дзеяч. Удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ў 2010 годзе. У 2015 годзе заявіў пра свой выхад з усіх апазыцыйных структур. Стаў першым дзеячам беларускай культуры, які пакінуў з краіны з палітычных матываў у 1999 годзе. Жыў у эміграцыі ў Польшчы і Фінляндыі. Вярнуўся ў Беларусь пасьля сьмерці Васіля Быкава ў 2004 годзе. Цяпер яму 72 гады.

1. Пра таямніцу жыцьця

«... Людзі, якіх я любіў і якія любілі мяне: Барадулін, Быкаў, Бураўкін. Так склалася, што я пасябраваў са старэйшымі. Ня думаеш пра тое, што будзе далей, ведаючы, што мы памром. З тымі маладзейшымі, да каго я вярнуўся пасьля сваіх падарожжаў па сьвеце, мне нецікава было.

Я ўсё жыцьцё дамагаўся ў старэйшых людзей: „Раскажыце мне пра тую таямніцу, якую ведаеце вы, а ня ведаю я“. Мне здавалася, што старэйшыя людзі нешта ведаюць. Паэты ведаюць, як вершы пісаць, а не расказваюць. Навошта табе расказваць, ты таксама будзеш пісаць, праўда?

Толькі цяпер я разумею, што ўсе дурнямі як жылі, так і памром. Ніхто таямніцу жыцьця не разгадаў. Але сам працэс разгадваньня таямніцы жыцьця і ёсьць літаратура».

2. Пра паэзію

«Калі пачаліся працэсы перабудовачныя, усе гэтыя гарбачоўска-ельцынскія часы, тады я адсачыў, што паэзія — гэта ня той інструмэнт, якім я здольны выпісаць тое, што думаю, што адчуваю. Гэта тонкая матэрыя — паэзія, а матэрыял грубы. Тады я згубіў свой інструмэнт і стаў пісаць прозу. Я ня ўмею пісаць вершы. Я ніколі не пісаў вершаў. Яны ці здараюцца, ці не. І тады проста запісваюцца».

3. Пра літаратуру

«У літаратуры сёньня толькі тыя, для каго літаратура — спосаб жыцьця. Тое, што пішуць сёньняшнія маладыя людзі, на парадак вышэйшае за тое, што пісаў я ў свой час. Прычым ня толькі я, а ўсе тагачасныя маладыя паэты... Узровень сёньняшняй беларускай літаратуры параўнальны з узроўнем у любой эўрапейскай краіне».

4. Пра эміграцыю

«Што такое эміграцыя? Гэта ня зьмена месца жыхарства. Ты быў у гэтай Беларусі... Як казалі: „Песень Някляева толькі з праса не чуваць“. Іх кожны сабака ведаў. І раптам ты ніхто. Усё з нуля. Я псыхалягічна пачуваўся ня вельмі. Падумаў: „Як ратавацца?“. Паспрабаваў там палітыкай заняцца, стварыць... няважна, што. Але, як толькі пачаў ствараць, яшчэ нічога на возе няма, але ўжо беларусаў на воз насела... Цягнеш — а чаго такі цяжкі воз? А там ужо дваццаць чалавек сядзяць і чакаюць толькі, калі авёс ім будуць даваць. Вырашыў, трэба ратавацца, чым звычайна, — паэзіяй».

5. Пра палітыку

«Мне шмат хто з маіх блізкіх кажа: „Ты згубіў 10 гадоў на тое, што не прынесла выніку“. Палітыка — гэта што такое? Барацьба за ўладу. Ня выйграў ты — значыць, прайграў усё. Усё астатняе ня лічыцца. Што ты там хацеў зрабіць, як. Білі цябе, забівалі, — нікога не цікавіць».

6. Пра турму

«Там былі дзьве катэгорыі кадэбістаў. Адны — тыя, якія працавалі ў турме да таго, як там зьявіліся так званыя „дзекабрысты“ (затрыманыя ў час выбараў у сьнежні 2010 году. — РС), але іх была мінімальная колькасьць. Тады звольнілі начальніка турмы, памянялі пэрсанал і нагналі гэтыя „маскі-шоў“. Яны былі ўвесь час у масках. Ім было абсалютна напляваць, хто ты, што ты. Калі ты ногі крыху расставіў, ён не праміне палкай ткнуць у прамежнасьць. Я сустрэўся з чалавекам, які расказаў, як іх рыхтавалі да ўсяго гэтага. Ён казаў: „Паверце, Уладзімер Пракопавіч, я думаў, што вы такі злыдзень, якіх сьвет ня бачыў“. І гэта ня толькі ён, а ўся кагорта амапаўцаў, альфаўцаў. Іх проста нацкавалі».

7. Пра ціск

«Мяне цягнуць, як кабана, як сьвіньню, голым на мароз. Усё, думаю, мне каюк. Кідаюць у сутарэньні ў гэтай турме. Я такі шчасьлівы быў, калі ўбачыў турму. Значыць, ужо не заб’юць. Калі выяжджалі з шпіталя хуткай дапамогі, кальцавая: калі направа, то далей лес, а калі налева, значыць, у горад, значыць, ёсьць шанц. Але як там разьбярэсься?

Зь сябе героя можна рабіць колькі заўгодна. Але калі мяне на марозе кінулі на жалезную бляху і я ўсьвядоміў, што мяне зараз проста кончаць, я на гэтым марозе ад страху спацеў. Гэта працуе мэханізм арганізма, які сам сябе ратуе. Калі прыцягнулі туды, убачыў, што людзі ў пагонах, і падумаў, ня будуць жа пры сьведках мяне канчаць. Падумаў: „Якое шчасьце!“

Абвінавачваньне па артыкуле спробы дзяржаўнага перавароту. Гэта пажыцьцёвае або да сьцяны. Мне паказваюць нейкія фотаздымкі, пісталет, гранаты. Гэта знайшлі ў мяне ў офісе, у маім стале. Фатаздымкі з плошчы. Выгляду не падаеш, трэба трымацца. Але ідзе нарэзка, мантаж, паказваюць плошчу. Людзі ляжаць у крыві, пабітыя, не разабраць, жывыя ці нежывыя. Яны кажуць: „Вот, смотрите, что вы наделали. Это люди по вашей вине погибли“. Глядзіш і думаеш: „Я ж не генэрал, які пралічвае колькасьць забітых пры штурме“. Вядома, гэта ўзьдзейнічала моцна».

8. Пра Курапаты

«Для мяне самае важнае ў барацьбе — дух. Ці я іду на плошчу ці некуды таму, што я сябра нейкай партыі, або таму, што я не пайсьці не магу. Сёньня ў намаганьнях улады дэмаралізаваць, пазбавіць маралі наша грамадзтва гэта лякмусавая паперка. Гэта самае страшнае, што дзяржава зрабіла за ўсе гэтыя гады. Аднаўляць гэта будзе неверагодна цяжка. Як яны сапсавалі сам чалавечы матэрыял».

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях