20 апреля 2024, суббота, 6:48
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Валянцін Мазец: Гэта было сапраўды ўз’яднанне ў межах адной тэрыторыі

Валянцін Мазец: Гэта было сапраўды ўз’яднанне ў межах адной тэрыторыі
Фота: onliner.by

17 верасня 1939 года згодна з савецка-нямецкім пактам Молатава-Рыбентропа Чырвоная армія пераступіла межы Рэчы Паспалітай.

Напад Савецкага саюза ў Польшчы ацэньваецца адназначна негатыўна, як нож у плечы, для дзяржавы, якая на той час ваявала з гітлераўскай Нямеччынай.

Аднак беларуская гістарыяграфія не так адназначна ацэньвае гэтую падзею, перадае «Радыё Рацыя».

На пытанні Юркі Ляшчынскага адказаў прафесар Валянцін Мазец з Інстытута гісторыі нацыянальнай Акадэміі Навук у Менску.

– Што абазначае 17-га Верасня для беларусаў, што – для палякаў? Для беларусаў не толькі як нацыі, але і як для дзяржавы?

Для беларусаў як дзяржавы найперш 17 Верасня непарушна звязана з падзеямі 1921 года – заключэннем Рыжскага міру. Менавіта тады без удзелу беларусаў, без удзелу якой-кольвек дэлегацыі ад дзвюх інстытуцый – і Рады БНР і Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь – без іх удзелу, быў заключаны Рыжскі мір. І там інтарэсы Беларусі як дзяржавы не былі ўлічаны.

Проста частка тэрыторыі фармальна заставалася незалежнай і ўваходзіла ў склад СССР. Але ў БССР гэта фікцыя была, а незалежнасць. Рэальнай самастойнасці БССР не мела, каб яна была, то тады б змаглі адбараніць тэрытарыяльную цэласнасць. Што сама паказальнае – калі ў 1919 годзе была маніфестам абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, то тэрытарыяльна яе азначаныя межы супадалі з межамі, якія вызначаліся ў 1918 годзе, калі абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка.

І Урад БНР Ластоўскага і Урад Чарвякова безумоўна хацелі адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць этнічнай Беларусі, дзяржаўнага ўтварэння, але іх праігнаравалі. Кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах Чычэрын заявіў, што беларусаў дапускаць на перамоўны стол ні ў якім разе нельга, таму што яны сапсуюць усю падрыхтаваную палітычную камбінацыю. Беларусаў як суб’ект міжнароднай палітыкі ніхто пад увагу не браў. Таму для беларускай дзяржавы 17-га Верасня было актам гістарычнай справядлівасці.

А вось для звычайных людзей, якія жылі на гэтай тэрыторыі… І палякі і непалякі, якія жылі на гэтай тэрыторыі, пасля гэтага ў значнай частцы сваёй у Заходняй Беларусі зазналі рэпрэсіі, высылкі ў аддаленыя раёны Савецкага саюзу, у Сібір і іншыя месцы.

– Польшча і палякі ацэньваюць адназначна адмоўна 17-га Верасня, як падзел Польшчы паміж фашыстоўскай Германіяй і Савецкім саюзам. Для беларусаў гэта не ёсць такім адназначным, для беларусаў гэта было ўсё ж уз’яднанне ў адну дзяржаву.

– Гэта было сапраўды ўз’яднанне ў межах адной тэрыторыі. Я сам родам з Заходняй Беларусі, з-пад Ваўкавыску. А вось мае сябры, якія жылі з іншага боку мяжы, з-пад Койданава, прыкладам, яны расказвалі, што пасля 1921 года частка іх сям’і апынулася ў Польшчы, а частка па іншы бок мяжы – у Савецкай Беларусі. І каб схадзіць да сваякоў даводзілася даволі часта прасіць дазволу, гэта была проста недарэчнасць нейкая. У некаторых месцах атрымалася, што мяжа нават падзяліла вёскі на часткі лініяй мяжы.

– Гэта на пачатку, а потым мяжа стала ўжо такой шчыльнай, што толькі кантрабандысты яе пераходзілі.

– Так, і потым гэтая кантрабанда падтрымлівалася з аднаго боку і Польшчай, таму што трэба было тавары збываць, і урадам савецкім, таму што трэба было задавальняць таварны голад.

– 17-га Верасня ўсе палітычныя групоўкі ў Заходняй Беларусі, пачынаючы ад камуністаў, канчаючы хрысціянскімі дэмакратамі, станоўча ацэньвалі гэты акт аб’яднання.

– Безумоўна. І той асяродак, які быў угрупаваны і склаўся ў Вільні, а яна была цэнтрам заходнебеларускага руху ў міжваенны перыяд, вельмі станоўча ўспрыняў гэтыя падзеі, бальшыня вітала гэта. Іншая справа, што лёс многіх з іх пасля склаўся даволі трагічна.

– Ці межы сённяшняй Беларусі былі б такімі як цяпер, каб не было гэтага акту уз’яднання ў 1939 годзе?

– Нельга абмяжоўвацца толькі той падзеяй. Рэч у тым, што не трэба забывацца, што 17 Верасня адбывалася ва ўмовах Другой сусветнай вайны. І толькі ад 17 верасня 1939 года мала што залежала, бо літаральна праз паўтары гады адбыўся напад фашыстоўскай Германіі на Савецкі саюз. І тут адна несправядлівасць пацягнула за сабой іншую несправядлівасць. Як гэта бывае ў вялікай геапалітычнай гульні, адно чапляе другое і прыводзіць да канфлікту. Яшчэ адна несправядлівасць – культурны і палітычны цэнтр Заходняй Беларусі Вільня кіраўніцтвам СССР была перададзена Літве. Хоць сам Сталін прызнаваў, што ў Вільні і Віленскім краі на момант перадачы тагачасныя літоўцы-летувісы складалі меншасць. Але інтарэсы народаў не браліся ў разлік.

– Многія гісторыкі лічаць, што каб не было гэтага ўз’яднання беларускіх зямель, то сёння пра Беларусь застаўся б толькі ўспамін.

– Гісторыя не можа мець умоўнага ладу. Яна развіваецца па сваіх законах. У нас была цікавая дыскусія ў Інстытуце Польскім і адзін з прадстаўнікоў польскіх навуковых колаў казаў: калі б усе беларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы, то не было б рэпрэсій 1937-1938 гадоў. На што мае калегі сказалі, што тады б не было і Беларусі. Таму што да моманту 1939 года ў выніку палітыкі асіміляцыі бальшыня беларускіх не толькі палітычных, але і культурна-асветных установаў, у тым ліку і ў школах, ужо перастала існаваць. Адбывалася палітыка цэнтралізацыі і ўніфікацыі ва ўсіх сферах жыцця. Ніякіх гарантый правоў нацыянальных меншасцяў пасля 1921 года не было. Так што з гледзішча дзяржаўных інтарэсаў Беларусі акт 17-га Верасня быў справядлівым.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях