24 апреля 2024, среда, 6:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як беларускія медыкі «паставілі дыягназ» СССР

1
Як беларускія медыкі «паставілі дыягназ» СССР

Невядомыя старонкі гісторыі змагання з таталітарызмам.

Неяк два студэнты Мінскага медыцынскага інстытута вырашылі, што яны дарослыя людзі і маюць права даць ацэнку эканамічнаму і палітычнаму развіццю сваёй краіны. Якую ацэнку яны далі і што ім за гэта было?

Ужо больш за 25 гадоў мінула пасля распаду СССР і, здавалася б, драмы, якая наша краіна перажывала ў ХХ стагоддзі, павінны былі б быць усебакова даследаваны гісторыкамі. Але беларускія адмыслоўцы не спяшаюцца закранаць некаторыя тэмы. У прыватнасці, тэмы палітычнай апазіцыі ў БССР.

Вось і героям гэтага нарыса, Уладзіміру Казлову і Даніэлю Марошаку, пакуль былі прысвечаныя толькі кароткія артыкулы ў даведніках «Нонканфармізм у Беларусі, 1953–1985» (пад рэдакцыяй Алега Дзярновіча) і «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991» (складальнік Леанід Маракоў).

З іх вынікае, што названыя студэнты Мінскага медыцынскага інстытута стваралі «падпольную арганізацыю», за што і былі асуджаныя па «контррэвалюцыйных» артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэтыя звесткі выклікалі цікавасць, хацелася ведаць больш пра «падпольшчыкаў». Таму я і накіраваўся ў Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, дзе ў фондзе Пракуратуры СССР захоўваюцца матэрыялы нагляднай вытворчасці па справе Казлова і Марошака.

Матэрыялы нагляднай вытворчасці — спецыфічная крыніца. Яны, як правіла, даюць толькі абмежаванае ўяўленне пра сутнасць справы. Гэта скаргі асуджаных ці іх сваякоў, пракурорскія даведкі і пратэсты, часам — копіі судовых рашэнняў. У большасці выпадкаў напісаныя асуджанымі дакументы (дзённікі, лісты, маніфесты, праграмы, статуты, улёткі, літаратурныя творы) і паказанні на следстве і ў судзе цытуюцца толькі ў кароткіх фрагментах. Тым не менш, справа таўшчынёй у трыццаць шэсць аркушаў дае значна лепшае разуменне гісторыі, чым артыкул у даведніку памерам у паўстаронкі.

19 кастрычніка 1954 года былі арыштаваныя студэнты чацвёртага курса Мінскага медыцынскага інстытута Уладзімір Георгіевіч Казлоў (1934 года нараджэння) і Даніэль Давыдавіч Марошак (1933 года нараджэння), абое камсамольцы, несудзімыя і халастыя. Ураджэнец Віцебска, Казлоў, быў арыштаваны ў інтэрнаце медінстытута па вуліцы Краснай, 19, пакой 21 (інтэрнат дагэтуль існуе па тым самым адрасе). Марошак, мінчук па нараджэнні, быў узяты ў кватэры бацькоў па адрасе: вуліца Карла Лібкнехта, дом 30, кватэра 4 (дом больш не існуе).

Як пазней лічылі бацькі Даніэля Марошака, непасрэднай падставай для арышту быў перахоплены паштовай цэнзурай ліст, які Марошак накіраваў свайму школьнаму сябру Зільбергу. Але цалкам магчыма, што назіранне за Казловым і Марошакам пачалося раней, і акурат таму ліст быў перахоплены. Следствам і судом гэты ліст быў расцэнены як «антысавецкі». У лісце Марошак пісаў наконт нядаўніх антысеміцкіх кампаній у СССР («барацьба з бязродным касмапалітызмам», «змова ўрачоў»): «Начинания правительства (позорные начинания) встретили поддержку снизу в лице темноты, забитости и зависти худшей части народа к экспансивным и способным евреям… Верхи стали распространять шовинизм и антисемитизм потому, что это явилось необходимым следствием всей политики и идеологии нашей партии, вернее руководства партии…»

Тэма дзяржаўнага антысемітызму ў СССР з’явілася ў ліставанні Марошака і Зільберга нездарма. Як паказаў пазней у судзе Марошак, Зільберг пацярпеў ад дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце (на жаль, у дакументах пракуратуры прапушчана інфармацыя, у чым менавіта заключалася дыскрымінацыя — немагчымасць паступіць у інстытут, звальненне з працы ці нешта іншае).

Даніэль Марошак сутыкаўся і з іншымі праявамі антысемітызму, і гэта падштурхнула яго да крытычнага асэнсавання дзяржаўнага ладу СССР у цэлым. У сваіх прыватных запісах ён называў лад у СССР «дзяржаўным капіталізмам» і пісаў наступнае: «Он (Сталин) действительно «выполнил» свои обещания и построил «социализм» в одной стране. Но в том то и беда, что он один и строил социализм. (…) Мы с таким сознанием еще претендуем на социализм! Нет! Сначала надо достичь высот буржуазной культуры, а тогда марксистскую теорию народ очень быстро и по настоящему воспримет. (…) Дело все было в том, что в условиях всеобщей национализации средств производства и невысокого сознания масс… был неизбежен государственный капитализм, диктатура одного человека…»

Уладзімір Казлоў нарадзіўся і вырас у сям’і вернікаў (пракурорскай мовай кажучы, «его антисоветские взгляды складывались под влиянием отца, являвшегося руководителем секты баптистов, и других родственников — членов этой секты»). Тым не менш, ён уступіў у камсамол і, відаць, быў атэістам. Але хатняе выхаванне садзейнічала фармаванню крытычных поглядаў на навакольную рэчаіснасць.

У судзе Казлоў паказаў: «В 1952 году я познакомился с Морошеком, и мы сошлись во взглядах…, решили записывать свои мысли… После этого (…) я начал писать «манифест русских марксистов-ленинцев». В манифесте я излагал свои взгляды на действительность. Мы с Морошеком считали, что после смерти Ленина партия вела неправильную политику…»

Пры вобшуку ў Казлова былі знойдзеныя яго дзённікі, а таксама няскончаныя запісы (вышэйзгаданы «Манифест русских марксистов-ленинцев»). У дзённіках і запісах Казлоў характарызаваў лад у СССР як «дзяржаўны капіталізм», Камуністычную партыю ў сваім маніфесце ён называў «холопско-диктаторской партией России».

У лісце, які Казлоў даслаў у ліпені 1953 года сваёй знаёмай Загускінай, ён пісаў у сувязі з роляй савецкай літаратуры: «Государственный капитализм (т. е. наше советское общество) особенно много порождает паразитизма, который под лучами социалистического романтизма с каждым годом становится все нахальнее и распространяется в массовом масштабе… нужно признать, что очень много у нас полулюдей, причем эта мещанская масса преобладает у нас и давит, душит, затягивает все живое. Я так подхожу к оценке нашего общества…»

Казлоў рэзка адмоўна выказваўся пра Сталіна: «То, что он не понял учения Ленина, говорят коллективные хозяйства… поэтому Россия сейчас представляет гнойный пузырь, разрыв которого обольет гноем все коммунистическое движение во всех странах…»

Казлоў і Марошак былі прызнаныя судом вінаватымі ў тым, што «они в разное время, начиная с 1951 года, среди окружающих их лиц проводили антисоветскую агитацию, они возводили клевету на мероприятия Партии и Советского Правительства по колхозному строительству и др.; клеветали на национальную политику в СССР и советскую действительность, восхваляли порядки в капиталистических странах».

Апроч таго, іх прызналі вінаватымі ў спробе стварыць «контррэвалюцыйную арганізацыю». У пачатку 1954 года студэнт медінстытута Бойка збіраўся арганізаваць літаратурны гурток. Казлоў і Марошак меркавалі далучыцца да гуртка, каб падчас яго пасяджэнняў выказваць свае думкі. У выніку гурток так і не быў створаны, бо больш ахвочых абмяркоўваць літаратуру не выявілася. Нічога не паказвала на тое, што гурток мог бы перарасці ў арганізацыю ці выйсці за межы гутарак на тэмы літаратуры. Тым не менш, следства і суд расцанілі гэты эпізод як «стварэнне арганізацыі».

Вярхоўны суд БССР 4 студзеня 1955 года асудзіў Казлова і Марошака па артыкулах 72 (пункт «а») і 76 Крымінальнага кодэксу БССР на 5 гадоў пазбаўлення свабоды з паражэннем у выбарчых правах на 3 гады кожнага. Паводле артыкула 72 каралі за «прапаганду ці агітацыю, якія ўтрымліваюць заклік да звяржэння, падрыву ці аслаблення савецкай улады, ці да здзяйснення асобных контррэвалюцыйных злачынстваў (арт. 64–71 КК), а таксама распаўсюджанне ці захаванне літаратуры таго самага зместу», паводле артыкула 76 — за «ўсялякага роду арганізацыйную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку ці здзяйсненне прадугледжаных у арт. 63–75 КК злачынстваў, а таксама ўдзел у арганізацыі, утворанай для падрыхтоўкі ці здзяйснення аднаго з гэтых злачынстваў». У Крымінальным кодэксе РСФСР артыкул 72 меў адпаведнікам артыкул 58-10, а артыкул 76 — артыкул 58-11.

Як бачым, у дадзеным выпадку «контррэвалюцыйная» арганізацыя была «створана» следчымі на паперы, а не студэнтамі-медыкамі.

Тым не меней, у той час у СССР канспіратыўныя гурткі па 3–5 чалавек існавалі і насамрэч. Магчыма, і Казлоў з Марошакам стварылі б урэшце такі гурток, каб дзяржбяспека іх не спыніла.

Смерць Сталіна прывяла да значнага ажыўлення грамадскага жыцця. Але ўжо да яго смерці студэнцкая і вучнёўская моладзь у розных кутках СССР стварала падпольныя групы, у якіх абмяркоўвала палітычныя пытанні. Вынікам некалькіх дзесяцігоддзяў дзеяння палітычнай цэнзуры было тое, што марксізм-ленінізм стаў адзінай вядомай гэтай моладзі ідэалогіяй. Але нават уважлівага чытання твораў «класікаў» хапала, каб прыкмеціць несупадзенне іх поглядаў і дэкларацый з тым, што рабілася навокал. І ў нашым выпадку Уладзімір Казлоў аддаў даніну марксізму-ленінізму, як вынікае з назвы яго няскончанага маніфеста.

Асуджаныя паехалі адбываць свае тэрміны ў лагеры ў «аддаленых мясцінах СССР». Марошак трапіў у «паштовую скрыню» Ж-175/29 пад Варкутой (пра месца, дзе адбываў пакаранне Казлоў, на жаль, звестак няма).

Даніэль Марошак і асабліва яго маці Фаня Беніямінаўна катэгарычна не змірыліся з прысудам. Яны актыўна яго абскарджвалі (частка скаргаў, напісаных у парадку нагляду, асела ў дакументах Пракуратуры СССР). І калі да ХХ з’езда КПСС на скаргі гэтыя не звярталі асаблівай увагі (абмяжоўваліся адпіскамі), то пасля ХХ з’езда сітуацыя памянялася, і крытыка Сталіна ўжо не выглядала настолькі дзёрзкім «контррэвалюцыйным злачынствам», як да яго.

Урэшце 4 жніўня 1956 года намеснік старшыні Вярхоўнага суда СССР Тарасаў апратэставаў прысуд Казлову і Марошаку ў судовую калегію па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР. 15 верасня 1956 года судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР у складзе старшыні Круглікава і чальцоў Аўчыннікава і Пірліева разгледзела гэты пратэст і вынесла ў адпаведнасці з ім вызначэнне. Прысуд Вярхоўнага суда Беларускай ССР ад 4 студзеня 1955 года ў частцы асуджэння Казлова і Марошака паводле артыкулу 76 КК БССР быў адменены, а справа за недаказанасцю абвінавачання спыненая. У частцы асуджэння па артыкуле 72 (пункт «а») гэты прысуд быў зменены, і прызначанае пакаранне зніжана да двух гадоў пазбаўлення свабоды кожнаму, без паражэння ў выбарчых правах.

Але яшчэ раней, 22 жніўня 1956 года, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў рашэнне вызваліць Уладзіміра Казлова і Даніэля Марошака са зняццем судзімасці.

5 верасня Марошак быў вызвалены і накіраваўся ў Мінск (звестак пра дзень вызвалення Казлова няма).

На жаль, у справе пракуратуры СССР няма ніякіх звестак пра далейшы лёс Уладзіміра Казлова. А вось пра Даніэля Марошака вядома, што ён скончыў навучанне, атрымаў кваліфікацыю ўрача і быў пасланы працаваць па размеркаванні ў горад Краснатур’інск Свярдлоўскай вобласці, куды прыбыў у чэрвені 1959 года. Гэты райцэнтр у 425 кіламетрах на поўнач ад Свярдлоўска (сёння — Екацярынбург) для ўраджэнца Мінска мусіў выглядаць не іначай, як месца ссылкі.

У верасні Марошака перавялі ў горад Валчанск, яшчэ на 25 кіламетраў далей на поўнач і яшчэ меншы памерамі. У Валчанску малады ўрач працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні бальніцы №5 у якасці ардынатара і вёў участковую работу.

Бацькі Даніэля Марошака паспрабавалі дамагчыся яшчэ аднаго перагляду яго справы і яе спынення, і дзеля гэтага напісалі скаргу ў парадку нагляду на імя генеральнага пракурора СССР Рамана Рудэнкі. Аддзел Пракуратуры СССР па нагляду за следствам у органах дзяржбяспекі запатрабаваў з улікова-архіўнага аддзела КДБ БССР справу Казлова і Марошака ў двух тамах з пакетам рэчавых доказаў (напісаных асуджанымі лістоў і нататак). У чэрвені 1960 года пракурор аддзела па нагляду за следствам у органах дзяржбяспекі Афанасьеў падрыхтаваў заключэнне, зацверджанае намеснікам начальніка аддзела Самалукавым. Паводле заключэння, Казлоў і Марошак былі асуджаныя абгрунтавана, скарга была пакінутая без задавальнення.

Уладзімір Казлоў і Даніэль Марошак былі рэабілітаваныя толькі 19 жніўня 1997 года Прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі.

На гэтым прыкладзе перад намі паўстае злепак грамадскага жыцця Беларусі часоў «адлігі». Студэнты медінстытута «абагналі» свой час, выступілі з крытыкай Сталіна (выказанай у вузкім коле сяброў і ў дзённіках) раней за ХХ з’езд, за што і паплаціліся. Але гэтая справа паказвае, што Хрушчоў не проста так наважыўся на крытыку сталінізму: на такую крытыку быў моцны «запыт знізу». Бачная тут і непаслядоўнасць, незавершанасць рэабілітацыі палітычных зняволеных у часы «адлігі»: Казлоў і Марошак былі вызваленыя, але не рэабілітаваныя цалкам.

Калі адкрыюцца архівы КДБ, мы зможам азнаёміцца з поўнымі тэкстамі Казлова і Марошака на палітычныя тэмы і скласці лепшае ўяўленне пра іх палітычныя пазіцыі, пра тое, якія тэксты, якія ідэі на іх паўплывалі.

Таксама пакуль невядомы далейшы лёс герояў гэтай справы (і тут адкрыццё архіваў КДБ мала чым дапаможа). Таму рэдакцыя «Новага Часу» просіць выйсці на сувязь сваякоў Уладзіміра Казлова і Даніэля Марошака, калі яны прачытаюць гэты артыкул.

Уладзімір Валодзін, «Новы Час»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях