21 сентября 2018, пятница, 13:54
На марше
Рубрики

Гедымін вяртаецца ў Ліду

2

Замак і князь — на вечнай варце свайго краю.

Усталяванне гэтага помніка выглядала справай заканамернай ад самага пачатку гісторыі незалежнай Беларусі. Менавіта на загад Гедыміна калісьці паўстала кастэльнага тыпу цвярдыня, якая тады мелася абараніць наш край ад нападаў крыжакоў, а сёння стала галоўнай візітоўкай Ліды. Зрэшты, яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя магло падацца, што Лідскі замак ніколі не адродзіцца ў былой сваёй сціплай велічы. Доўгі час да сівых муроў ставіліся як да крушні, з якой цягнулі цэглу і камяні на свае гаспадарчыя патрэбы. Аднак сёння ён выглядае так, як у тыя часы, калі з ягоных муроў абаронцы цэлілі ў прыхадняў. Цалкам лагічна, што разам з аднаўленнем замку ў Ліду вернецца і ягоны гаспадар. Замак і князь — на вечнай варце свайго краю, піша газета «Культура».

Конкурс на мастацкае вырашэнне помніка праводзіўся так даўно, што многія нават паспелі забыцца пра яго вынікі. Таму нагадаем, што пераможцамі сталі скульптары Сяргей Аганаў, Вольга Нячай і архітэктар Сяргей Багласаў. Прывязка да месца была зразумелая ад пачатку — канешне ж, паблізу замка!

І вось, сёлета справа ўрэшце ссунулася з мёртвай кропкі. Эскіз помніка быў ухвалены Рэспубліканскім мастацка-экспертным саветам пры Міністэрстве культуры Беларусі. А ў мінулы аўторак у Лідзе адбылася рабочая сустрэча творчага калектыву з кіраўніцтвам раёна. Старшыня райвыканкама Міхаіл Карповіч і асобы, якія адказваюць за ідэалогію і культуру, за архітэктуру і будаўніцтва, і нават за жыллёва-камунальнальную гаспадарку, абмеркавалі з аўтарамі як ідэйную і мастацкую канцэпцыю помніка, так і практычныя пытанні (арганізацыйныя, тэхнічныя, фінансавыя), якія могуць паўстаць падчас рэалізацыі праекта.

І ў гэты дзень стала дакладна зразумела, што прывідная дасюль мара ўжо зусім хутка набудзе асязальнае бронзавае аблічча.

Згадваючы конкурс, Сяргей Аганаў з удзячнасцю адзначыў: ужо на самай першай стадыі працы кіраўніцтва Лідчыны разумела, што гэта будзе аб’ект не раённага і нават не абласнога, але агульнанацыянальнага маштабу. Таму і парупілася, каб аб’ект адпавядаў свайму прызначэнню. Нездарма ідэя помніка аднаму са стваральнікаў нашай дзяржаўнасці падтрымана Кіраўніком дзяржавы. Гэтая акалічнасць спрыяе ўпэўненасці ў тым, што справа будзе даведзеная да завяршэння, да таго ж — найлепшым чынам.

Сяргей Аганаў распавёў, што пры ўсёй мастацкай абагульненасці вобразу Гедыміна ў дадзенай трактоўцы, ягонае аблічча адпавядае гістарычнай праўдзе. Гэтаму паспрыялі шматлікія кансультацыі. Аўтары ўлічылі парады спецыялістаў па палітычнай гісторыі Вялікага княства, матэрыяльнай культуры і мастацтве таго часу. Не абышлі ўвагай нават пароду каня, на якім сядзіць князь! Былі спрэчкі і па тым, як правільна пісаць яго імя. Адпаведна, тое, што было прадстаўлена кіраўніцтву Лідчыны, стала вынікам сумеснай працы мастакоў, архітэктара, навукоўцаў.

Даведаўшыся, што аўтарам прапаноўвалі зрабіць пастамент ніжэй, наблізіўшы статую вершніка да зямлі, кіраўнік раёна рашуча гэтаму запярэчыў: маўляў, высокі пастамент будзе падкрэсліваць той статус уладара, які меў Гедымін. Па словах Міхаіла Карповіча, такой самай думкі прытрымліваецца і абсалютная большасць жыхароў Лідчыны, якія ўжо стаміліся чакаць, калі помнік упрыгожыць горад.

Абмяркоўвалася і архітэктурная прывязка да ландшафту. Праблема ў тым, што бронзавы Гедымін, усталяваны на фоне замкавага мура, частку дня візуальна будзе знаходзіцца ў контражуры (сонца са спіны). На жаль, гэтую сітуацыю выправіць немагчыма, і таму варта паспрабаваць павярнуць яе на карысць. Як прызналі спецыялісты, адзін з выйгрышных у пластычным сэнсе ракурсаў помніка не займее тую ролю, якую ён мог бы мець. Але сам замкавы мур за плячамі князя надасць яго постаці значнасці ў вачах грамады. Зрэшты, канкрэтную адлегласць помніка ад муроў яшчэ належыць удакладніць.

Ідэя аўтараў прадставіць Гедыміна не дзеячам, які пашырае сваю дзяржаву (што для князя, зрэшты, цалкам натуральна), а абаронцам межаў краіны, прызнаная правільнай, зразумелай і блізкай сённяшняму пакаленню беларусаў, а таксама адпаведнай нашаму разуменню рэалій сучаснага свету. Плашч-мантыя, які спускаецца з плеч князя на зямлю, — добры сімвал абарончага покрыва, што атуляе Радзіму. Зрэшты, над выразнасцю складак таго плашча аўтарскі калектыў яшчэ мае намер папрацаваць. Магчыма, на ім з’явяцца геральдычныя знакі.

Наступным этапам творчай працы будзе стварэнне рабочай мадэлі ў маштабе 1:4 ад рэальнага памеру (гэта мае адбыцца ўжо ў першай палове верасня) і больш дакладная прапрацоўка дэталяў. Кіраўніцтва Лідчыны і аўтарскі калектыў дамовіліся падтрымліваць шчыльны кантакт і каардынаваць свае планы па стварэнні помніка.

А наконт імя… Вырашылі, што падрабязна распісваць тытул князя на помніку не мае сэнсу. Адно слова — Гедымін — ужо само па сабе брэнд беларускай гісторыі.