14 ноября 2018, среда, 0:23
Поддержите сайт «Хартия-97»
Рубрики

Усё пачалося з Караткевіча

Фота: svaboda.org

Як Цмок Лепельскі з пэрсанажу мітаў зрабіўся брэндам рэгіёну.

Ужо 5-ты фэст беларускай міталёгіі «У госьці да Лепельскага Цмока» прайшоў у.райцэнтры 18 жніўня. За гады існаваньня фэсту на ім пабылі тысячы гасьцей, а пра Лепель і ягонага Цмока даведаліся сотні тысячаў — дзякуючы інтэрнэту і аповедам «відавочцаў», якія мелі магчымасьць ня толькі ўбачыць гэтую незвычайную істоту, але й зь ёй сфатаграфавацца, перадае Радыё Свабода.

Усё пачалося з Караткевіча

Паводле энцыкляпэдычнага слоўніку «Беларуская міталёгія», «Цмок» — гэта істота, якая згадваецца ў цэлым шэрагу фальклёрных твораў. Ён «ад прыроды лянівы і маларухавы. Можа быць як аднагаловым, так і мець іх да 12-ці. У адрозьненьне ад іншых «нячысьцікаў», Цмок — чысьцёха, ходзіць у лазьню, мыецца штодня. Жыве ў балоце, а найчасьцей — у возеры».

Лепельскае возера «засяліў» цмокамі Уладзімер Караткевіч. У ягоным рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ёсьць падрабязнае апісаньне незвычайнага «зьвера», якога вылавілі мясцовыя рыбакі:

«Выглядам той цмок быў, як зьвер фока (цюлень. — РС), такі самы льсьняны, у складках, толькі без поўсьці. І шэры, як фока. Але даўжэйшы за яго куды. Бо даўжыні ў ім было сем з паловай лагожаскіх сажняў, а калі пацікавіцца немец, то восем і адна пятая фадэна, а калі, можа, ангелец, то сорак дзевяць футаў і яшчэ дваццаць дзьве цалі. Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі — не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі, таўстамясыя, шырокія, але ня дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву зьмяі, і на галаву лані».

Зрэшты, паданьні пра незвычайную істоту дагэтуль можна пачуць і ад жыхароў Лепельшчыны. І мясцовыя краязнаўцы аднойчы вырашылі ня толькі іх зьбіраць ды запісваць, але і ўвасобіць — усталяваць на беразе возера скульптуру Цмока Лепельскага.

«Хросны бацька» Лепельскага Цмока

Зрабіць гэткую скульптуру аказалася ня так і проста. Шмат гадоў краязнаўца Уладзімер Шушкевіч «піярыў» гэтага пэрсанажа ў мясцовай прэсе, на розных культурніцкіх імпрэзах, і ўрэшце вырашыў узяць удзел у конкурсе міжнароднай праграмы па разьвіцьці сельскага турызму Эўракамісіі. Ідэя ўвасобіць цмока ў скульптурнай выяве і зрабіць яго мясцовым брэндам была падтрыманая самым вялікім грантам — на 2900 эўра.

Шушкевіч кажа, што быў проста шчасьлівы, ягоная мара збылася:

«Ні на капейку з гэтага гранта я не пабагацеў, усе грошы пайшлі на скульптуру, якую зрабіў Леў Аганаў. У 2013-м годзе зьявілася, важыць 600 кг… Але адліць скульптуру — гэта ж яшчэ ня ўсё, трэба ўсталяваць! А грошай на гэта няма. Можа, кіраўніцтва і ня рада было, што ўзялося! 99 мільёнаў рублёў у тагачасных грашах шукалі па ўсім раёне! І сабралі ж! І ён насамрэч стаў брэндам раёну. Доказ таму — фэст „У госьці да Лепельскага Цмока“. Я проста ў захапленьні ад энтузіязму Вольгі Маханенка, нязьменнай арганізатаркі і рэжысэркі гэтай імпрэзы!»

Спадар Уладзімер жартуе, што стаў «хросным бацькам» Лепельскага Цмока, скульптурнай выявы на беразе. Што да фэсту, то ён праводзіцца з падтрымкі мясцовых уладаў і шматлікіх грамадзкіх ініцыятываў. Але Ўладзімер Шушкевіча мае на ім самую адказную ролю: сам пераўтвараецца ў Цмока, каб весяліць гасьцей.

«Хросная маці» фэсту

Калі Ўладзімер Шушкевіч — «хросны бацька» Лепельскага Цмока, дык Вольга Маханенка — «хросная маці». Яна арганізатарка фэсту «У госьці да лепельскага Цмока», а яе дачка Сьвятлана — аўтарка выявы цмока, паводле якой зрабілі скульптуру.

«У раёне быў абвешчаны конкурс малюнкаў, — згадвае Вольга Маханенка. — Мая дачка скончыла дызайнэрскі факультэт віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту — адразу дастала Караткевіча і пачала маляваць дакладна так, як у яго напісана. Малюнкі на конкурсе былі розныя: нехта намаляваў цмока на ўзор кітайскага дракона, нехта — як Зьмея Гарыныча. Але камісія адразу выбрала малюнак цмока „па Караткевічу“».

Цяпер, калі Лепельскі Цмок стаў сапраўдным брэндам і сымбалем рэгіянальнага фэсту, яна разважае пра ягоныя пэрспэктывы:

«Мэта фэстывалю — гэта адраджэньне беларускай культуры ва ўсіх яе аспэктах. Колькі ў нас тут усяго беларускага! Вы бачылі кулінарыю, вы бачылі майстроў зь іх вырабамі. Фэст стаўся і міжнародным — сёлета да нас прыехалі ня толькі беларускія выступоўцы, але і артысты з Расеі, Польшчы, Эстоніі. Вельмі цікавыя рок-музыкі, якія граюць апрацоўкі этна… Мне б хацелася, каб геаграфія фэсту пашыралася, бо міталёгія як неадрыўная частка культуры — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей».

Цмок стаўся вельмі папулярным пэрсанажам. На думку спадарыні Вольгі, у якасьці брэнду Лепельшчыны ён сымбалізуе і багатую фальклёрную спадчыну, і неабходнасьць жыць у гармоніі з прыродай. А яшчэ, паводле Ўладзімера Караткевіча, цмок перастаў паказвацца людзям, калі ім стала жыць надта цяжка.

«Дык вось, мы яго і паставілі, каб усе глядзелі — і каб нашае жыцьцё зьмянілася да лепшага», — кажа Вольга Маханенка.

Лаўка для закаханых ці рэзыдэнцыя Цмока?

На думку Ўладзімера Шушкевіча, міталягічны брэнд рэгіёну мае невычарпальны патэнцыял.

«Можна збудаваць рэзыдэнцыю Цмока на адным з азёраў, — разважае ён. — Можна ўвогуле зрабіць так, каб да нас паехалі аматары анамальных зьяваў: папулярызаваць наш фальклёр, аповеды пра тое, што цмока ў нас насамрэч бачылі!

А калі больш рэалістычна, то можна вярнуцца да даўнейшых плянаў: калісьці была прапанова выяву цмока разьмясьціць на прыгарадных аўтобусах у мэтах рэклямы. Яшчэ я хацеў бы, каб каля нашага цмока паставілі лавачку для закаханых — з краёў пад вуглом ды ямкай пасярэдзіне. Каб людзі прыхіналіся адно да аднаго, дый увогуле каб было дзе прысесьці».

У Лепелі цмок далёка не адзін: папулярнасьць міталягічнага пэрсанажу такая вялікая, што многія арганізацыі хочуць займець свайго, уласнага цмока. Спадар Шушкевіч жартуе, што ў горадзе ёсьць Прапан-гара — узгорачак каля прадпрыемства «Лепельрайгаз». А на ёй — цэлая сямейка цмокаў, якую зрабілі газаўшчыкі.

Што да папулярнасьці цмока як брэнду ўжо ня толькі рэгіянальнага, але й агульнабеларускага, то «хроснага бацьку» Лепельскага Цмока гэта ніколькі ня крыўдзіць.

«Ведаю, што цмокі водзяцца ня толькі ў нас! — пацьвярджае Шушкевіч. — Што ёсьць дасьледаваньні пра беларускіх цмокаў, кнігі пра іх і гэтак далей. Няхай так і будзе! Цмок жа наш, беларускі. Але наш, лепельскі, сярод іх самы галоўны! Бо ён быў самы першы».