21 сентября 2018, пятница, 13:54
На марше
Рубрики

Новым пакаленням беларусаў адкрыецца праўда

3

Рана ці позна, але дэмакратыя абавязкова ўсталюецца ў Беларусі.

Засцерагальным тормазам, які ратуе чалавека ад кепскіх учынкаў, было і ёсць сумленне. Кожны раз, калі мы трапляем у складаную сітуацыю і трэба зрабіць выбар, апошняе слова застаецца за ім. Але ў ХХІ стагоддзі ў выніку маштабнай маральнай дэградацыі сумленне страціла ролю дарадцы і суддзі, стала таварам.

Падставы для крытычнай высновы маюцца як у мясцовай, так і ў замежнай рэчаіснасці. Пласт цынічных махляроў, індывідаў, якія свядома плююць на сумленне, імкліва расце. Прытым небяспечна, што хвароба набывае размах эпідэміі ў асяроддзі службовых асобаў, публічных людзей, тых, хто павінен рашаць дзяржаўныя праблемы, быць прыкладам для грамадства.

Самае драматычнае для будучыні любога народа — гэта масавы гандаль сумленнем. Гісторыя чалавецтва падае безліч прыкладаў, калі маральная разбэшчанасць і ўсёдазволенасць станавіліся прычынай крушэння магутных імперый, знікнення цэлых этнасаў.

Беларусам не хочацца прызнавацца, але пад кіраўніцтвам аўтарытарнага рэжыму за 24 гады мы дайшлі да такога хісткага маральнага стану, калі перасталі клапаціцца пра будучыню дзяцей і ўнукаў, пра ўмацаванне нацыі, роднай мовы і культуры, пра сапраўднае захаванне незалежнасці краіны. Услед за ўладай многія людзі займаюцца пустой балбатнёй, расхвальваюць тое, што існуе толькі на паперы і ніколі не будзе здзейснена. Гэтаму граху няма апраўдання, а пакаранне чакае самае суровае.

Дэградацыя пачынаецца з простага. У будзённым жыцці людзі прывыкаюць не даваць адпор хлусні, махлярству, сустракаюць іх з паблажлівасцю, маўляў, што з яго ці яе возьмеш, такімі ўрадзіліся. Затым мана і жульніцтва пераходзяць на вышэйшы ўзровень — ва ўзаемаадносіны насельніцтва з уладай. Кіраўнікі і прапаганда ў лоб, адкрыта хлусяць, а задураныя і запалоханыя грамадзяне вераць ім або махаюць рукой — хай сабе, не было б чагосьці горшага! Такім чынам падман вырастае да глабальных памераў, ахоплівае краіну і ўплывае на ўсё насельніцтва.

Калі мы гаворым пра сумленне, то звычайна разглядаем паводзіны нейкага канкрэтнага чалавека. Але ў жыцці краіны здараюцца такія перыяды, у якія пытанні маралі тычацца адразу ўсіх грамадзян. Чуць пастаянную хлусню з вуснаў кіраўнікоў, бачыць разгул карупцыі, крадзяжоў і рабіць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца, не даваць смелы адпор злу, цемрашальству і гвалту, — ці ж гэта не гандаль сумленнем, якім столькі гадоў займаюцца мільёны беларусаў?

У 2018 годзе колькасць заведзеных карупцыйных спраў у Беларусі вырасла на 60 працэнтаў. Людзі дзівяцца і жахаюцца: чаму? Але нічога дзіўнага няма. Прапаную разгледзець сітуацыю зноў знізу, прытым пакарыстаемся фактамі толькі з афіцыйных СМІ.

Жанчына працуе ў школьнай сталовай, крадзе мяса і прадае па ніжэйшым, чым на рынку, кошце. Частка суседзяў, знаёмых, якія ведаюць паходжанне прапануемага харчу (з рота ў дзетак выхоплівае!), адмаўляюцца, але знаходзіцца нямала і тых, хто спакойна купляе, бо выгадна. Практычна ўсе ўдзельнікі продажу-куплі ў гэты момант вядуць гандаль уласным сумленнем.

Афіцыйныя СМІ ў паказе ганебнай з’явы ніколі не ідуць глыбока, баяцца праўды, бо яна выкрывае ўсю аўтарытарную сістэму. Але філасофія дробнай зладзейкі такая, што з ёй варта азнаёміцца. Яна шчыра расказвае сяброўкам: «Кожную нядзельку бегаю ў царкву і стаўлю свечачку за здароўечка нашага Лукашэнкі. Толькі пры ім стала гэтак добра жыць!»

А цяпер прыкінем, якой вышыні і таўшчыні свечкі павінны запальваць у храмах у гонар правіцеля тысячы высокапастаўленых карупцыянераў і злодзеяў, якія ў махінацыях аперыруюць не кавалкамі скрадзенага мяса, а сотнямі тысяч, мільёнамі долараў? Пра што кажа анекдатычны факт, калі чыноўнік забывае нават месца схову накрадзенага багацця?

Да чаго даведзена краіна, сведчыць становішча ў Міністэрстве аховы здароўя. Справа якраз не ў таленавітых урачах, якім пацыенты часта дзякуюць за выдатную працу, за ўратаванае жыццё нязначнымі падарункамі, а ў іхніх начальніках. Гэтае міністэрства — не выключэнне, можна капануць любое — сітуацыя будзе тая ж, бо сістэма кіравання згніла дарэшты.

Спыняць нават дробных хлусаў і махляроў, амбіцыйных невукаў, індывідаў з нізкай культурай і мараллю трэба своечасова, бо паблажлівасць, бяззубасць прыводзяць да таго, што яны пры спрыяльных умовах вырастаюць у мацёрых узурпатараў улады, гвалтаўнікоў і душыцеляў свабоды, апекуноў розных злачынстваў. Падобная метамарфоза адбылася на нашых вачах…

У роздуме будуць дарэчы словы выдатнага рускага пісьменніка, змагара за сумленнасць і праўду У. Вайновіча, які нядаўна адышоў з жыцця. Свой ліст ён адрасаваў сябрам дзіцячага літаратурнага клуба «Бригантина». У час цкавання ўладай высланага за мяжу і пазбаўленага савецкага грамадзянства Уладзіміра Мікалаевіча яны пад дыктоўку напісалі і прыслалі паведамленне, што асуджаюць яго творчасць, а самога выключаюць са сваіх шэрагаў.

Літаратар, які таленавіта высмеяў савецкі таталітарызм, піша дзецям: «Я исключен из Союза писателей за то, что в числе других людей своими слабыми силами пытался не допустить возрождение в нашей стране порядков, характерных для времени, скромно называемого ныне «периодом культа личности».

Когда вы подрастете и узнаете о том времени больше, чем знаете сейчас, у самых совестливых из вас волосы встанут дыбом». Заканчваецца ліст так: «И некоторым из вас станет стыдно за то, что вы подписали письмо, сочиненное вашим директором».

Пасля сталінскіх рэпрэсій і выкрыцця (але не асуджэння!) культу асобы тырана мінула шмат часу. Беларусам, продкі якіх загінулі або прайшлі праз гэтае пекла, можна было б засвоіць урок жудаснай дыктатуры і больш не паўтараць памылак. Ды дзе там! Відаць, традыцыя аблізваць начальнікаў з галавы да пят настолькі прыжылася ў нас, што яе ніколі не выкарчаваць.

Ужо ў незалежнай Беларусі асабіста мне давялося пабыць у пяці «чорных спісах», чатыры гады не быць уладкаваным на працу, хоць абышоў дзясяткі месцаў, заставацца без пэўнага заробку да пенсіі, падвяргацца фізічнай расправе.

Цікава, як будуць характарызаваць перыяд праўлення А. Лукашэнкі новыя пакаленні беларусаў, калі ім адкрыецца праўда пра засакрэчаныя палітычныя змовы, міжнародныя меркантыльныя гандлёвыя здзелкі, карупцыйныя схемы, рэпрэсіўныя дзеянні сілавікоў, продаж зброі, амаральныя ўчынкі эліты?

Раней бытаваў выраз: «Яго (яе) грызла сумленне». Чалавек ведаў, што гэта за перажыванні. Цяпер выраз спісаны ў архіў. Людзі не задумваюцца над тым, што здзяйсняюць учынкі, якія стануць прычынай вялікіх і нават трагічных страт у заўтрашнім дні. Яны бяруць сумленне за горла і кажуць: «Маўчы! Паглядзі навокал! Так трэба».

Трапна напісаў пра гандляроў сумленнем вядомы абхазскі празаік Фазіль Іскандэр, які практыкаваўся і ў паэзіі:

Те, кто совестью 
торгуют,
Тем торгуют, чего нет,
И, о совести толкуя,
Натолкуют сто монет.
Веселей 
торгуйте, братцы,
Ведь нельзя 
проторговаться,
Тем торгуя, чего нет!

Эканоміку, калі падысці з розумам і стварыць належныя ўмовы, падняць не так і цяжка. Складаней перавыхоўваць масы людзей, якія страцілі сумленне. А такая катаржная праца чакае наша грамадства з прыходам дэмакратыі, якая рана ці позна, але абавязкова ўсталюецца ў Беларусі.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com