18 июля 2018, среда, 19:21
Рубрики

«Паланэз Агінскага» ў выкананні «Песняроў» сабраў мільен праглядаў на YouTube

33

Калектыў вырашыў адзначыць гэта афіцыйным відэа на песню.

Вакальная версія «Паланэзу Агінскага» ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» сабрала мільён праглядаў на YouTube, дзякуючы чаму стала адной з найбольш папулярных версій знакамітага твора на гэтай пляцоўцы. Калектыў вырашыў адзначыць гэта афіцыйным відэа на песню, паведамляе «Радыё Рацыя».

Інструментальная кампазіцыя была напісаная Міхалам Клеафасам Агінскім у 1794 годзе ў Залессі пад Маладэчнам. На пачатку 90-х яна разглядалася ў якасці аднаго з варыянтаў гімна Рэспублікі Беларусь. У 2008 годзе «Песняры» зрабілі на яе сваю цалкам вакальную аранжыроўку, дадаўшы тэкст, напісаны Вячаславам Шарапавым.

Папулярнасць новай версіі прынеслі канцэртныя выкананні і змешчаныя на YouTube тэлевізійныя відэазапісы, дзе яна выконвалася на розных мовах. Больш за ўсё – звыш 650 тысяч праглядаў – у рускамоўнай версіі кампазіцыі. Каля 280 тысяч праглядаў – у беларускамоўнай версіі. Звыш 100 тысяч – у версіі на польскай. Пры гэтым існуе і версія на ўкраінскай.

Мяркуючы па YouTube, версія «Песняроў» уваходзіць у сусветны топ-5 выкананняў гэтай кампазіцыі. Да таго ж – з вялікім адрывам – з’яўляецца найпапулярнейшай вакальнай версіяй.

– «Паланэз Агінскага» стаў адной з візітовак нашага калектыва. Ён гучыць на кожным канцэрце ў любой краіне свету і нязменна з’яўляецца адным з эмацыянальных пікаў праграмы. Таму першы афіцыйны кліп вырашылі здымаць менавіта на яе, – распавядае мастацкі кіраўнік ансамбля «Песняры» Раман Козыраў.

– Пры ўсёй лірычнасці гэта настолькі моцная і настолькі глабальная кампазіцыя, што любыя здымкі на фоне дэкарацый альбо ў памяшканні выглядалі б штучна. Гэта гімн радзіме, таму адзіным магчымым фонам сталі беларускія неба і зямля, – кажуць рэжысёры кліпу Дзмітрый Ляўкоўскі і Марыя Манакова.

Версія «Паланэзу Агінскага» на беларускай увайшла ў самы новы альбом ансамбля «Песняры» «Працяг», які выйшаў у траўні 2018.