18 июля 2018, среда, 19:08
Рубрики

Лявон Вольскі: Нешта прымушае ісці далей

Фотa: grodno.in

Легендарны музыка – пра канцэрты, забароны і свае выхадныя.

Напярэдадні выступлення Лявон Вольскі, галоўная зорка беларускай рок-сцэны, даў эксклюзіўнае інтэрв'ю «Вячэрняму Бабруйску».

Лідар гуртоў «Мроя», «НРМ», «ZET», «Крамбамбуля», «Народны альбом» – заслугі і праекты Лявона Вольскага можна пералічваць яшчэ доўга. У адрозненне ад яго канцэртаў за апошняе дзесяцігоддзе. У 2009-м, яшчэ як лідар гурта «НРМ», Вольскі даў апошні вялікі канцэрт у Беларусі (у мінскім клубе «Рэактар»). А пасля наступіла зацяжная паўза. І Лявон, і некаторыя іншыя рок-музыканты пастаянна сутыкаліся з праблемамі пры арганізацыі канцэртаў, з іх адменамі і адмовамі пляцовак і клубаў. Самыя папулярныя выступалі за мяжой – у Вільнюсе.

Нечакана ў апошні год сітуацыя змянілася. Гэтай вясной упершыню за дзесяцігоддзе Лявон адправіўся ў тур па беларускіх гарадах – цяпер ужо са сваім гуртом «VOLSKI». У спісе быў і Бабруйск, аднак білеты ў Палац мастацтваў раскупаліся не вельмі добра, таму канцэрт, які планаваўся на 18 траўня, арганізатары былі вымушаны адмяніць.

Тым не менш прыхільнікі музыканта не адступілі і дамагліся, каб Вольскі ўсё ж выступіў у Бабруйску – хаця б у фармаце вечара акустычнай музыкі. Свае найлепшыя песні артыст заспявае для бабруйчан у Дзень горада – 29 чэрвеня.

«Вячэрні Бабруйск» не мог прапусціць такую нагоду і задаў Лявону Вольскаму некалькі пытанняў.

Фотa: facebook/LavonVolski

- Вясной вы праехалі з турам нямала гарадоў Беларусі. Як вам публіка ў розных рэгіёнах?

– Усе рэгіёны адрозніваюцца адзін ад аднаго і тым болей ад Менска. І публіка паўсюль розная. Але паўсюль яна любіць нас, а мы – яе.

- Што вы адчуваеце цяпер, актыўна выступаючы ў Беларусі пасля такога вялікага перапынку? І ці не баіцеся зноў сутыкнуцца з праблемамі?

– У мяне змяшаныя пачуцці. За гэтыя доўгія гады мы прызвычаіліся граць вялікія канцэрты за мяжой, а на радзіме – адно нейкія падпольныя акустычныя. Таму, калі пачалася адліга, мы спачатку не вельмі ў яе верылі, а потым усё ж такі вырашылі паспрабаваць пайграць канцэрты. Але такое доўгае існаванне ў чорных спісах загартоўвае. Таму мы заўжды гатовыя (як калісьці піянеры) зноў туды патрапіць і не вельмі пераймаемся з гэтае нагоды. Прынамсі, мы не збіраемся ісці на нейкія саступкі і кампрамісы, нейкія песні не граць дзеля таго, каб нам далі магчымасць выступаць.

Фотa: facebook/LavonVolski

- Як аднаўляецеся пасля канцэртаў?

– Канцэрт – гэта абмен энэргіяй. Мы дорым сваю энэргію публіцы, яна ў адказ – нам. Калі ўсё адбываецца так, як трэба, пасля канцэрту зусім не стамляешся. Наадварот, робішся ўзнёслым, аптымістычным і натхнёным. Калі ж нешта ідзе не так, тады здараецца рознае. Але ў гэтым туры ўсё ішло, як належыць.

- Малады рок-музыка ў 80-х, вы, як і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі, напэўна, мелі многа надзей на будучыню Беларусі, беларускай мовы і культуры. Прайшло больш за 30 гадоў, і мы наўрад ці можам сказаць, што гэтыя надзеі спраўдзіліся. Што матывуе вас рухацца наперад, працягваць пісаць песні, выступаць у такіх умовах? Што дае сілы?

– Я сам не ведаю. Нешта ж дае... Нешта прымушае ісці далей, пісаць новыя альбомы, рабіць новыя праекты, нягледзячы на амаль поўную (усё ж такі спадзявацца заўсёды трэба на тое, што ўсё зменіцца да лепшага) адсутнасць сур'ёзнай перспектывы.

Хаця, ведаеце, я зразумеў, што дае сілы і натхненне. Вера, Надзея і Любоў.

Фотa: grodno.in

- Калі чакаць новага альбому, які ён будзе?

– Не буду раскрываць карты. Мы працуем. У кожным новым альбоме для мяне ёсць нешта новае, іншае, крыху не такое, як у папярэдніх працах. Так будзе і цяпер.

- І на завяршэнне – у «Вячэрняга Бабруйска» ёсць рубрыка, дзе вядомыя людзі расказваюць нам, як праводзяць свае выхадныя. Можа быць, і вы падзеліцеся?

– Музыкі звычайна на выхадных працуюць. У іх усё не так, як у нармальных людзей. Для мяне выхадныя – гэта мора, горы і сонца, нязведаныя тэрыторыі, чужыя гарады, аўтабаны, кавярні, музеі, сустрэчы са старымі і новымі сябрамі. Ці то родная беларуская вёска з ейным нетаропкім рытмам.