14 декабря 2018, пятница, 21:17
Спасибо вам
Рубрики

Як у савецкім застоі магілёўскі тэатар паставіў «Тутэйшых»

Фото: flickr.com

Спэктакль стаў рэзанансным, а ягоны рэжысэр, як лічаць тэатралы, зьдзейсьніў подзьвіг.

У 1982-м Магілёўскі абласны драматычны тэатар прадставіў публіцы «Тутэйшых» паводле легендарнай п’есы Янкі Купалы — упершыню ў Беларусі пасьля 55 гадоў савецкай забароны. Спэктакль стаў рэзанансным, а ягоны рэжысэр Валеры Масьлюк (1953–2001), як лічаць тэатралы, «зьдзейсьніў подзьвіг», перадае «Радыё Свабода».

Пра магілёўскую вэрсію «Тутэйшых» напісана няшмат. У публікацыях пра тэатральнае мастацтва найноўшага часу гэтай пастаноўцы прысьвячаюцца лічаныя сказы.

Свабода пагутарыла з тымі, хто граў у спэктаклі, бачыў яго з залі, а таксама пагартала падшыўкі газэт за 1982 год, каб даведацца, якою была рэакцыя тагачаснай прэсы на знакавую для беларускай культуры пастаноўку.

Буклет спэктаклю

Гісторыя магілёўскай пастаноўкі «Тутэйшых». Коратка

22 траўня 1982 году — прэм’ера «Тутэйшых» у Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Валеры Масьлюк аб’яднаў у пастаноўцы «трагічна-сьмяшлівыя сцэны» «Тутэйшых» з драматычнай паэмай «Адвечная песьня».

Каб супакоіць партыйнае начальства, пастаноўка заканчвалася падняцьцем пад гімн сьцяга БССР, а на афішах пазначалася, што яна прысьвечана 60-годзьдзю ўтварэньня СССР і 100-годзьдзю Янкі Купалы.

У архіўных запісах магілёўскага тэатру пазначана: «Тутэйшых» паказалі 24 разы.

Спэктакль вазілі на гастролі ва Ўкраіну — у Жданаў (цяпер Марыюпаль) ды Крывы Рог.

Неўзабаве пасьля менскай прэм’еры ў тэатры імя Янкі Купалы спэктакль зьнік з рэпэртуару магілёўскага тэатру.

Актор Віктар Гудзіновіч: праўда «Тутэйшых» не магла спадабацца партыйным функцыянэрам

Актору тэатру імя Горкага Віктару Гудзіновічу выпала граць у магілёўскім спэктаклі Мікіту Зноска.

Актор Віктар Гудзіновіч

Пра свайго пэрсанажа Віктар Уладзімеравіч кажа: гэты малады мужчына, які пагарджае ўсім беларускім і стараецца прыстасавацца да зьменлівага жыцьця ў 1918–1920 гадах. Ён кідаецца да расейцаў, падладжваецца пад палякаў. Гэтая мітусьня не ратуе Мікітку. Калі ў Менск прыходзяць бальшавікі, яго забіраюць.

«Мікіта Зносак — „тутэйшы“, і ў кожным беларусе жыве свой Зносак», — адзначае Віктар Гудзіновіч.

Ён прызнаецца, што даведаўся пра п’есу «Тутэйшыя» толькі на яе чытаньні Масьлюком у 1982 годзе. Для ягоных калегаў Купалаў твор таксама тады быў адкрыцьцём.

«Мы ж тады „Ад прадзедаў спакон вякоў“ вучылі, таму ўсе былі ўражаныя, адкуль такі твор зьявіўся, — згадвае актор. — Яшчэ не паставіўшы спэктакль, мы разумелі, што яго лёс будзе нядоўгім, паколькі ў „Тутэйшых“ паказана іншая беларуская праўда, якая не магла спадабацца партыйнаму начальству».

Віктар Гудзіновіч перакананы: у тым, што «Тутэйшых» пасьля паўстагодзьдзя забароны ўдалося паставіць, заслуга Масьлюка.

«Мы тады верылі ў яго як у правадыра, які наперадзе. Ён быў унікальнай асобай у беларускім тэатральным мастацтве, усебакова адораны творца. Я ня ведаю, як ён прабіваў „Тутэйшых“. Гэта ж быў 1982 год, застой у Савецкім Саюзе. Твор ад 1927 году пад забаронаю. Але яму гэта ўдалося», — кажа актор.

Напалохала рэакцыя публікі на «Тутэйшых»

Паводле Віктара Гудзіновіча, праблемы з магілёўскай пастаноўкай пачаліся пасьля менскай прэм’еры ў тэатры Янкі Купалы. Тады, мяркуе актор, у парткамаўскіх кабінэтах вырашылі, што зь іх хопіць «Тутэйшых» Масьлюка.

«Тым, хто вырашаў лёс пастаноўкі, не спадабалася, што яна праходзіла з аншлягам і як рэагавала публіка. Нас доўга не адпускалі са сцэны. Мы былі ўражаныя гэтым. „Тутэйшыя“ актывізавалі тагачаснае беларускае жыцьцё. Акрыяў патрыятызм. Партыйных функцыянэраў гэта напалохала, і яны вырашылі, што лепей пастаноўку ціхенька сьпісаць», — кажа суразмоўца.

«Я ўпэўнены, — дадае ён, — мы з гэтым спэктаклем зрабілі ўсё, што змаглі ў той час. Тады ж мы былі маладыя і здольныя граць усё, дый у Масьлюка іначай не магло быць. У яго трэба было выкладвацца цалкам, каб ірваліся нэрвы».

Буклет спэктаклю. Фота з архіву магілёўскага тэатру

Для Віктара Ўладзімеравіча найбольш памятны фрагмэнт з п’есы — апошняя фраза Ганулі Зносіхі: «Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не зьмікіцьце майго Мікіткі. Хаця не зьмікіцьце!»

«Калі гучалі гэтыя словы, — заўважыў актор, — у мяне падступаў клубок да горла».

Актор Віктар Гудзіновіч

Пасьля трох сэзонаў у Магілёўскім тэатры (1981–1983) Валерыя Масьлюка запрасілі ў Менск на пасаду галоўнага рэжысэра тэатру імя Горкага. За ім паехаў і Віктар Гудзіновіч. «Тутэйшых» на сцэне магілёўскага тэатру больш не паказвалі.

Каб паглядзець «Тутэйшых», у Магілёў прыяжджаў Бураўкін

Магілёўскія тэатралы ўспамінаюць пра Валерыя Масьлюка зь цеплынёю. Адзначаюць, што мясцовая публіка была ў захапленьні ад ягоных пастановак. Усе яны праходзілі з аншлягам. «Тутэйшыя» таксама.

Магілёўскі тэатар

На гэты спэктакль празь яго беларускамоўнасьць хадзіла выбраная публіка, адзначаюць тэатральныя заўсёднікі. Пабачыць яго прыяжджалі менчукі. Сярод іх быў Генадзь Бураўкін. Пра гэта ён казаў у красавіку 2011 году на магілёўскай прэзэнтацыі кнігі Валерыя Масьлюка «Я успею, я все успею...» Яна выйшла празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці рэжысэра.

Глядач Сяргей Дубавец: быў аншляг і вельмі ўзьнёслая атмасфэра

На менскую прэм’еру «Тутэйшых» прыйшлі ўсёй «Майстроўняй», прыгадвае журналіст і сябра гэтага моладзевага аб’яднаньня Сяргей Дубавец. Быў аншляг і вельмі ўзьнёслая атмасфэра, кажа ён.

«Сама пастаноўка і тое, што ёсьць такі Масьлюк, нас дужа натхняла, бо тады часы былі абсалютна глухія і цёмныя. Калі спэктакль скончыўся, уся заля ўстала, вядома ж, тады „Жыве Беларусь“ не крычалі, але гучна віталі актораў аплядысмэнтамі. Быў проста фурор», — згадаў майстровец.

Акрамя патрыятычна настроенай публікі, на спэктакль наведалася і партыйнае начальства, для якога «п’еса была сумнеўнай і нават антысавецкай».

«Масьлюк прыдумаў у канцы спэктакля ўзьняць на сцэне сьцяг БССР, і начальства, якое ўсю пастаноўку фыркала, мусіла таксама падняцца», — прыгадаў Сяргей Дубавец, дадаўшы, што гэтая задумка спэктакль усё роўна не ўратавала.

Вестка пра сьпісаньне пастаноўкі імгненна разьляцелася па менскіх нацыянальна арыентаваных асяродках і выклікала хвалю расчараваньня.

«Гэта было чаканым, бо тады была зусім іншая грамадзкая атмасфэра, і на гэтым тле ўчынак Валерыя Масьлюка тым больш выглядае адважным», — падкрэсьліў Сяргей Дубавец.

«„Тутэйшыя“ ж, — падсумоўвае майстровец, — гэта погляд на сытуацыю беларускімі вачыма. Гэта п’еса пра нараджэньне новай беларускай нацыі».

Тэатральны крытык Тацяна Арлова: Масьлюк зьдзейсьніў рэжысэрскі подзьвіг

Тэатральны крытык Тацяна Арлова зьвязвае папулярнасьць «Тутэйшых» з тым, што п’еса была доўгі час забароненая.

«Тады Масьлюк зьдзейсьніў рэжысэрскі подзьвіг, — кажа яна. — Публіка акцэнтавала ўвагу не на мастацкіх якасьцях спэктакля, а на ідэалягічных».

Партрэт рэжысэра Валерыя Масьлюка

Суразмоўніца лічыць, што паставіць «Тутэйшых» у правінцыйным Магілёве ў 1982 годзе было прасьцей, чым у сталічным Менску. Акрамя таго, у магілёўскім тэатры сабралася на той час добрая акторская трупа.

Арлова кажа, што ў яе памяці не адклалася, каб «Тутэйшых» у пастаноўцы магілёўскага тэатру забаранялі. На яе думку, «галоўная публіка спэктакль паглядзела, і гледачоў паменела», таму яго і сьпісалі.

Тое, што пра магілёўскую пастаноўку мала напісана, дык гэта тэатральнага крытыка ня дзівіць. Тады наагул, заўважае яна, няшмат пісалася пра спэктаклі, бо не было каму грунтоўна іх аналізаваць.

З газэтных рэцэнзій 1982 году: «Беларускаму народу чужыя думкі аб нацыянальнай адасобленасьці»

У 1982 годзе газэты «Магілёўская праўда» і «Звязда» адрэагавалі на адроджаных «Тутэйшых» рэцэнзіямі.

«Звязда» адзначыла: «ужо сам факт, што на сцэнічныя падмосткі вяртаецца п’еса „Тутэйшыя“, выклікаў вялікую цікавасьць». Яшчэ аднаго галоўнага героя пастаноўкі — настаўніка Янку Здольніка, носьбіта беларушчыны і прыхільніка незалежнасьці краю, — аўтары публікацыі назвалі «вокам і слыхам народу». Пры гэтым агаварыліся, што гэты вобраз супярэчлівы. На яго сьветапогляд, сказана ў рэцэнзіі, «самым адчувальным чынам» паўплывалі «складаны час акупацыі ў пэрыяд грамадзянскай вайны», «тагачасныя ўмовы і асяродзьдзе, у якім жыве Янка Здольнік».

«Магілёўская праўда» напісала: спэктакль «красамоўна гаворыць за тое, што беларускаму народу чужыя думкі аб нацыянальнай адасобленасьці».

«На ідэйных перакананьнях Янкі Здольніка, — гаворыцца ў публікацыі, — адбіліся вядомыя настроі, што панавалі ў час стварэньня „Тутэйшых“ сярод беларускай інтэлігенцыі». У публікацыі дакорам гучыць: многія «тутэйшыя» «адракліся ад памяці сваіх продкаў, сваёй мовы, сваёй культуры».

Як «Тутэйшых» ставілі ў Беларусі

У 1926 годзе расейскі рэжысэр Мікалай Папоў упершыню паставіў спэктакль у Беларускім дзяржаўным тэатры, але ў 1927-м пастаноўку зьнялі з рэпэртуару як нацыяналістычны твор.

1982 год — пастаноўка ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

У 1990 годзе «Тутэйшых» у пастаноўцы рэжысэра Мікалая Андрэева паказаў Горадзенскі тэатар лялек.

У 1990-м «Тутэйшых» у Купалаўскім тэатры ў Менску паставіў рэжысэр Мікалай Пінігін. Праз два гады пастаноўку ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. У 2010 годзе Пінігін абвясьціў, што спэктакль зьняты з рэпэртуару тэатру. Афіцыйная прычына — «зношанасьць дэкарацый».