29 марта 2024, пятница, 15:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Праблемы Курапатаў і беларускай мовы — аднолькавыя

2
Праблемы Курапатаў і беларускай мовы — аднолькавыя

І мову, і людзей у Курапатах забівалі адны і тыя ж сілы.

І гэта, уласна кажучы, усё, што я хацеў сказаць. Можна было б на гэтым паставіць кропку і пакінуць адзін загаловак — думка ясная. Але, на жаль, не для ўсіх.

Нарожны камень праблемы

Гэта нармальна, калі людзі выступаюць супраць забаўляльнага комплексу ў цесным суседзтве з магіламі тысяч несправядліва забітых.

І гэта нармальна, калі людзі выступаюць за выратаваньне беларускай мовы, якая несправядліва аказалася на мяжы выжываньня не па сваёй віне і не па віне народу, які яе нарадзіў.

Ключавое слова тут — несправядліва. Ва ўсім сьвеце на месцы былых могілак ідзе актыўнае жыцьцё. Не выключэньне і Беларусь. На месцы былых Залатагорскіх, Старажоўскіх, Лютэранскіх і некалькіх габрэйскіх могілак у Менску — стаяць жылыя дамы, рэстараны, гатэлі, забаўляльныя і спартовыя комплексы.

Але Курапаты — іншы выпадак. Там ляжаць несправядліва забітыя. Гэта сфэра грамадзкай і нацыянальнай памяці, гісторыі, культуры. У такіх месцах весяліцца не прынята. Там не прынята нават праводзіць недарэчныя пэрформансы, як гэта было ў Асьвеньціме два гады таму.

Беларуская мова — таксама несправядліва і не па волі яе народу пастаўлена на мяжу выжываньня. Гэта таксама сфэра грамадзкай і нацыянальнай памяці, гісторыі і культуры. За мову ў ГУЛАГу склалі галовы найлепшыя прадстаўнікі нашага народу — тысячы і тысячы найлепшых. Навукоўцаў, паэтаў, настаўнікаў.

Такое — не забываецца. Хто ня памятае, той асуджаны на паўтарэньне.

І мову, і людзей у Курапатах забівалі адны і тыя ж сілы.

Два ўзроўні маралі

Ёсьць два шляхі, як можна дапамагчы параненаму. Можна яго дабіць, «каб ня мучыўся» і не замінаў «ратавацца», «ісьці далей», «спакойна жыць», «зарабляць» і т. д. А можна падставіць плячо, узяць параненага на рукі і данесьці туды, дзе акажуць дапамогу.

Мараль і сумленьне маюць два ўзроўні — асабісты і грамадзкі. І ёсьць яшчэ публічныя праявы асабістай маральнай пазыцыі.

У прадстаўнікоў роду чалавечага, як біялягічнага віду, прынята дапамагаць і заступацца за блізкіх, за сваю сям’ю, нават ахвяраваць сабой за іх.

Але, як у грамадзкіх істотаў, у людзей прынята яшчэ і дэманстраваць маральныя паводзіны ў грамадзкім жыцьці.

Гэта здаўна вітаецца, але неабавязковае. І ў часы панаваньня хрысьціянства, і ў нашу постхрысьціянскую эпоху заўсёды знаходзіліся людзі, якія пагарджалі агульнапрынятымі маральнымі нормамі. І мелі, дарэчы, посьпех.

У Беларусі сёньня вялікія праблемы з маральным градусам улады і грамадзтва ў цэлым. Маральны імпэратыў — ня той імпэратыў, які займае цяпер уладу і падуладны ёй народ.

Менавіта таму Курапаты бароняць адзінкі, дзясяткі або, у лепшым выпадку, сотні. І менавіта таму за выратаваньне і адраджэньне беларушчыны выступаюць таксама нямногія.

Надзея на будучыню

Курапаты і беларуская мова — гэта тэст на прыстойнасьць. Можна мець амаль усё — дзяцей, адукацыю, працу, бізнэс, грошы, посьпех, інтэлект, кнігі, грамадзкі ўплыў, папулярнасьць, і ня мець толькі аднаго — сумленьня.

Асабіста для мяне гэтага дастаткова, каб не падаваць такому рукі і не галасаваць за такую ўладу.

Я старамодна лічу, што прыстойнасьць (чытай мараль, этыка і сумленьне) усё яшчэ патрэбныя чалавеку, як грамадзкай істоце.

Параза Курапатаў і мовы — гэта параза надзеі на пабудову нармальнай грамадзянскай супольнасьці, нармальнай нацыі і нармальнай краіны.

Курапаты і беларуская мова — былі, ёсьць і будуць самымі аўтарытэтнымі пунктамі і тэмамі беларускага парадку дня. Яны ўжо ня раз перамагалі амаральную або абыякавую большасьць і яе асобных прадстаўнікоў.

Спадзяюся, перамогуць і яшчэ ня раз. Гэта — надзея на будучыню.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях