16 октября 2018, вторник, 7:38
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

На народ наш спадзяюся

2
Фота: svaboda.org

Сказаць тым, хто даўно страціў давер: «Сыходзьце!».

Падзеі паказваюць, што савецкія наменклатуршчыкі, якія займалі дробныя пасады, а затым на хвалі папулізму і апалітычнасці насельніцтва прарваліся ва ўладу, вызваляць нагрэтыя крэслы не збіраюцца, нацэліліся сядзець бясконца. Толькі воля народаў можа змяніць сітуацыю, вярнуць у жыццё здаровы сэнс.

Для постсавецкай прасторы прыклад Арменіі, дзе ў выніку народных пратэстаў скінута «мяккае» дыктатарства, — нетыповы. Марна думаць, што ён стаў навукай «забранзавелым» аўтакратам, якія правяць па чвэрці веку. Яны хоць і напалоханыя, але ліхаманкава будуюць абарону ўлады, ездзяць адзін да аднаго, кансультуюцца, дамаўляюцца, як падавіць пратэсты, імкненне народаў да свабоднага жыцця.

На жаль, волю людзей, якія пасля распаду СССР смела выходзілі на плошчы, мелі надзею на дэмакратычныя змены, на будучы палітычны і эканамічны камфорт, моцна паралізавала. Парыў да нармальнага жыцця не завяршыўся пераможным прарывам. Яго задушыў папулізм местачковых «правадыроў», на які павяліся пакрыўджаныя, знясіленыя і галодныя масы.

У Беларусі спрацавала даўняя завядзёнка: не прэтэндаваць на большае, задавальняцца мінімумам — варанай бульбінай або лустай хлеба на стале. Такі настрой застаецца.

У незалежных краінах, замест таго каб падбадзёрыць запалоханае яшчэ Сталіным насельніцтва, даць адчуць, што з ім лічацца, ствараюць яму ўмовы для самарэалізацыі, павышэння адукацыі і культуры, забеспячэння дабрабыту сем’ям, улада пачала дубасіць людзей дубінкамі па галовах.

Параліч волі… Без філасофіі ў складаным роздуме не абысціся. Чым жа адрозніваецца воля ад свабоды? Патлумачу — свабоду можна абмежаваць, абкарнаць, запіхнуць за турэмныя краты, нават забіць. А воля неўміручая, яна — сутнасць душы чалавека, імкненне жыць не пад страхам, не паводле выгады, а па праўдзе. Адсюль такая нянавісць у рэжыму да Дня Волі, які, нягледзячы на пераслед, пастаянна святкуюць палітычна і нацыянальна свядомыя беларусы.

У пратэстных акцыях, якія скіраваны на абарону правоў і свабод, цяпер удзельнічае няшмат грамадзян, хоць раней даходзіла да сотні тысяч. А куды дзеліся мільёны тых, хто ў канцы ХХ стагоддзя зразумеў, што так жыць нельга? Дзе людзі, якія ў 1994 годзе не галасавалі за цяперашнюю ўладу? Чаму яны не навучылі сваіх дзяцей і ўнукаў уважліва ўглядацца ў жыццё, думаць аналітычна і крытычна?

Адказ на далоні — адны адаптаваліся, бо неяк трэба жыць, гадаваць дзяцей, другія прыстасаваліся, пачалі паслухмяна дзейнічаць ва ўгоду аўтарытарным патрабаванням, выкарыстоўваць сваю лаяльнасць і лізанне начальства для прагматычнага абагачэння, трэція вядуць дваісты лад жыцця: дома кажуць адно, на працы — іншае, а частка не вытрымала чыноўніцкага абсурду, адміністратыўнага ўціску і з’ехала за мяжу. Параліч волі праглынуў смеласць, мужнасць многіх людзей, што дазволіла ўладзе зачысціць краіну, загнаць дэмакратычнае іншадумства на кухні.

Пры аўтарытарызме над уладай няма ніякага кантролю, бо існуе кругавая парука. Цынічнае самаўпраўства, карупцыя пранізалі ўсю краіну. Чыноўнікі, дэпутаты, сілавая наменклатура не робяць справаздач пра тое, адкуль маюць значную нерухомасць дома і за мяжой, вялікія грашовыя рахункі, зямельныя ўчасткі, якім чынам імкліва абагачаюцца іхнія блізкія і далёкія родзічы.

Дзейнічае права мацнейшага, якое забяспечвае рэалізацыю валюнтарызму і злачыннай сквапнасці начальнікаў. Адзін з чытачоў піша: «Кіраўнік можа зрабіць з вамі, што захоча. А потым прыходзіць новы начальнік, і ўсё пачынаецца спачатку. На любую крытыку ягонага самаўпраўства адказ такі: «Будзе па-мойму, пляваць я хацеў на цябе і на закон!»

Спробы сумленных людзей вывесці жулікаў «на чыстую ваду» ва ўмовах татальнай засакрэчанасці, якая пануе ў Беларусі, не даюць выніку. Як на інфармацыю пра багацце «слуг народа», так і наогул на тэму незаконнага абагачэння накладзена табу, што засведчана дакументальна.

Грошы, якія маглі б пайсці на развіццё эканомікі, навукі, адукацыі, аховы здароўя, на сацыяльныя патрэбы, выцякаюць з бюджэту і ператвараюцца ў безгустоўныя прэзідэнцкія палацы, рэзідэнцыі, пабудовы для спартыўных забаў, у чыноўніцкія катэджы, мясцовыя і замежныя шыкоўныя дамы, кватэры, банкаўскія рахункі.

Змагарам за праўду і справядлівасць супрацьстаіць «жалезная» дзяржаўная машына, якая выматвае фізічныя і душэўныя сілы. У стане напругі пастаянна знаходзіцца цяжка, настае вялікая стомленасць.

Возьмем, напрыклад, вострую праблему гарадоў — ушчыльненне. У сувязі з пратэстамі жыхароў Мінска чыноўнікі і афіцыйная прапаганда пачалі нібыта згаджацца з тым, што нельга псаваць цэнтр аляпаватымі новабудамі, залазіць з казіно, клубамі, офісамі, паркоўкамі ў спальныя раёны, знішчаць звыклае жыллё, паркі і скверы дзеля аб’ектаў прыўладнага бізнесу, гандлю. Але гэта — пустыя словы, цынічнае фарысейства, падман грамадзян.

Ціхай сапай капіталісты і чыноўнікі дамагаюцца свайго, што паказала будоўля каля мемарыялу «Курапаты» . Яны паблажліва глядзяць на абаронцаў даўніх забудоў, зялёнай зоны: калі ласка, бегайце з плакатамі, вякайце супраць нас, а мы ўсё роўна зробім так, як хочам. Калі пікеты, якія вядуць нагляд, сыходзяць, наменклатуршчыкі вяртаюцца: ну што — стаміліся, заціхлі, а мы тут як тут — з экскаватарамі, бульдозерамі, самазваламі і ротай або батальёнам у спяцоўках.

Рабацягі выступаць супраць не асмеляцца, паслухмяна будуць нішчыць, бо і самім есці хочацца, і сям’ю карміць трэба. Ды і ў гэтым мікрараёне яны не жывуць, большасць — наогул прышлы народ. Ім да лямпачкі!

Новае сведчанне валюнтарызму — дазвол мясцовага правіцеля сербскім мільярдэрам будаваць «БК Капитал Центр» на Кастрычніцкай плошчы Мінска «для бизнесменов и крупных компаний», нягледзячы на пратэсты грамадзян. Такія прыклады паказваюць, што рэжым не дапускае ніякага «перавыхавання», адмены сумніўных рашэнняў. А як быць людзям? Змаганне трэба працягваць, а часу і сілы не стае...

Мае крытычныя роздумы трапляюць, калі не ў дзясятку, то блізка да гэтага. Апошнія падзеі паказалі, як важна кожнаму чалавеку мець вочы, якія незашораны ні ўгодлівасцю, ні падачкамі. Тады адкрываецца праўда.

Наш выхад з царства, дзе ўладараць зло і страх, зацягнуўся. Ці не лепш зрабіць інакш: не валтузіцца, не змагацца па лакальных пытаннях, а рашыць праблему радыкальна — сказаць тым, хто даўно страціў давер: «Сыходзьце!»

Няўжо тысячу разоў падманутыя і зняважаныя, абабраныя і абадраныя як ліпка беларусы так і не зробяць крок наперад? Параліч волі, якім бы цяжкім ні быў, павінен адступіць.

Нядаўна сябра, які чытае «Снплюс», параіў: «Не рві хворае сэрца. Ты ж бачыш абыякавасць людзей. Прачыталі, згадзіліся з табой, але і пальцам не паварушаць. Больш увагі — вершам».

Не буду спрачацца, магчыма, ён глядзіць глыбей, адчувае, што абсурд застанецца яшчэ надоўга. Але як быць мне, калі помню словы падтрымкі і ўхвалы Пімена Панчанкі, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Арсеня Ліса, калі не спыняецца зваротная сувязь — шчырыя чытацкія тэлефанаванні, лісты?

У мяне паралічу волі няма. Пішу, таму што на народ наш спадзяюся…

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com