17 октября 2018, среда, 11:40
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

Самыя цікавыя дакументы нашай гісторыі, якія дайшлі да сучаснасці

Аўтографы Жыгімонта, вялікакняскія пячаткі з «Пагоняй» і таемная перапіска з усімі дварамі Еўропы.

Ці ведаеце вы, які почырк быў у Жыгімонта I? Можа быць, вы бачылі фотаздымкі з прыёмаў Радзівілаў ці разглядвалі іх радавод? Альбо спрабавалі кратаць пячаткі Папы Рымскага на яго лістах у Магілёў? Спецыяльна для Onliner.by Нацыянальны гістарычны архіў паказаў самыя цікавыя дакументы са свайго мільённага фонду.

— На жаль, зараз у архіве толькі 10% ад усяго фонду, які існаваў да Вялікай Айчыннай вайны, — сустракае нас дырэктар Дзмітрый Яцэвіч. — Аднак мы ўсё роўна застаемся самым буйным сховішчам дакументаў па гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

У нас захоўваецца 1 022 165 спраў за перыяд з XIV па XX стагоддзе. Працягласць стэлажных паліц у сховішчы дасягае 12 кіламетраў, а агульная плошча — 2150 «квадратаў». Вядома, аднымі з самых каштоўных дакументаў з’яўляюцца пергаментныя граматы і актавыя кнігі дзяржаўных устаноў ВКЛ, Рэчы Паспалітай.

А таксама фамільныя фонды каралеўскай сям’і Сабескіх, графскага роду Плятэр-Зібергаў, князёў Любамірскіх і значная частка архіва Радзівілаў. Архіў апошніх уключаны ў рэестр дакументальнай спадчыны ЮНЭСКА «Памяць свету». Дарэчы, сёлета Нацыянальнаму гістарычнаму архіву спаўняецца 80 год, аднак па легендзе яго гісторыя больш старадаўняя і пачынаецца з XVI стагоддзя, калі Радзівілы заснавалі свой уласны архіў.

Пергаменты, унук Гедыміна і манахі, што рабілі фальшыўкі

Дырэктар перадае слова свайму намесніку — кандыдату гістарычных навук Дзянісу Лісейчыкаву. Мы падымаемся на шосты паверх, дзе пахне старымі кнігамі, і надзяваем белыя пальчаткі.

— Пергамент — гэта адзін з самых старажытных матэрыялаў для пісьма на нашых землях, — спецыяліст паказвае тонкія кавалкі скуры. — На пергаментах пісалі яшчэ да прыходу сюды паперы. Як правіла, выкарыстоўвалі скуру цялят, але былі таксама і больш танныя — са скуры казы ці свінні.

Адзін з самых старых арыгінальных дакументаў, што ёсць у архіве, датуецца 1391 годам. Гэта даравальны ліст, у якім унук Гедыміна, гаспадар Падольскай зямлі князь Фёдар Карыятавіч, дорыць свайму васалу дробнаму шляхцічу Грыньку горад Сакалец і некаторыя землі на тэрыторыі сённяшняй Заходняй Украіны — каля горада Вінніцы.

— Звярніце ўвагу на стыль напісання: «Во імя Отца і Сына і Святого Духа. Амінь. Мы, князь Фёдор Корьятовіч, Божьею мілостью дедіч і господар Подольской землі. Чінімы сведочно сім лістом всякому доброму, кто ж на сес ліст посмотріт ілі оуслышіт его чтучы», — цытуе дакумент гісторык. — Таксама цікавы сам почырк — гэта так званы паўустаў, да таго ж у той час паміж словамі маглі не пакідаць прабелаў.

Здавалася б, пры чым тут Беларусь да земляў Украіны і чаму гэты пергамент захоўваецца ў нас? У XIX стагоддзі паміж Радзівіламі і ўладальнікамі суседніх маёнткаў разгарэлася зямельная спрэчка, ды яшчэ якая. Радзівілаўскія архівісты высмейвалі сваіх апанентаў, якія ў якасці доказаў прадставілі некалькі папяровых дакументаў канца XIV стагоддзя. «У той час на паперы нічога не пісалі, а ўсё — на пергаменце альбо скуры»,— заявілі архіварыусы Радзівілаў і ў якасці прыклада прад’явілі арыгінальны пергаментны дакумент 1391 года са сваіх збораў. Гэты доказ падкалолі да судовай справы.

— Вось прывілей 1666 года ад імя караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра Вазы, — Дзяніс дастае са скрыні чарговы рарытэт. — Гэта дакумент на заснаванне Шэнбергскага кляштара езуітаў на тэрыторыі Курляндыі (сённяшняя Латвія). Бачыце, пісалі золатам.

Прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра Вазы

Прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна Казіміра Вазы

— А вось і фальшыўка з XVIII стагоддзя, — наш экскурсавод паказвае абтрапаны кавалак скуры. — Гэтую імітацыю зрабілі каля 1710 года. Што цікава, аўтары — манахі Лаўрышаўскага манастыра.

Яны хацелі адабраць частку зямлі ў Радзівілаў, таму падрабілі дакументы: зрабілі пергамент, падабралі почырк, патрапалі крыху, нават прыклеілі на нітку кавалак воску, як быццам тут была пячатка. Самае цікавае, што гэты дакумент прызналі сапраўдным і Радзівілы аддалі частку сваёй зямлі манастыру. Тлумачыцца гэта ўсё проста: не было рэсурсаў праверыць яго сапраўднасць. Гэта зараз у нас пад рукой інтэрнэт і безліч даведачнай літаратуры.

Аўтографы Жыгімонта, вялікакняскія пячаткі з «Пагоняй» і легенда пра памідоры

Для таго каб зацвердзіць нейкім чынам дакументы, напісаныя ад рукі ці надрукаваныя, нашыя продкі ў XVI—XVII стагоддзях выкарыстоўвалі пячаткі на спецыяльных шаўковых шнурках, у якія часам упляталася нават золата. Пячаткі маглі быць дзяржаўныя, гарадскія (магістрацкія) і асабістыя (шляхецкія, мяшчанскія). Выглядалі таксама па-рознаму: былі віслыя (на шнурах і ў васковых формах), на кустодзеі (кавалак паперы, пад які залівалася мастыка, пасля чаго ставілася гарачая пячатка), сажавыя, сургучныя і гэтак далей.

Герб «Пагоня», які на пячатках выкарыстоўвалі толькі вялікія князі. Гэтая пячатка, у прыватнасці, была на дакументах Жыгімонта Аўгуста

— На пячатках канцылярыі вялікага князя літоўскага выкарыстоўваўся дзяржаўны герб — «Пагоня», — кажа Дзяніс. — Вось дакументы 1544 і 1529 гадоў. Тут вы бачыце віслыя пячаткі. Многія шляхцюкі ў той час былі непісьменныя і не маглі паставіць свой подпіс, аднак мелі пярсцёнкі, так званыя сыгнеты, на якіх быў герб і іх ініцыялы. Каб засведчыць дакумент, шляхціч ставіў адбітак свайго пярсцёнка.

Пячатка да прывілея караля Яна Казіміра Вазы, XVII стагоддзе

Таксама ў архіве ёсць пячаткі Папы Рымскага Льва XIII. Цяжкія свінцовыя, яны замацоўвалі лісты да магілёўскага архіепіскапа Сымона Марціна Казлоўскага.

Асобна можна ўбачыць аўтографы Боны Сфорцы. Міланская прынцэса, другая жонка Жыгімонта I, была актыўнай і ўладарнай каралевай. Кажуць, што дзякуючы Боне Сфорцы ў Беларусі з’явіліся відэльцы і памідоры. Ходзіць легенда, што менавіта яна атруціла жонку свайго сына — Барбару Радзівіл.

— Вось уласнаручны подпіс караля Яна Казіміра Вазы — Ioannes Casimirus Rex. Rex — гэта кароль, — мы разглядаем крывуліны тагачаснага каралеўскага почырку. — Вось папера ад Жыгімонта Старога (гэта муж каралевы Боны) за 1529 год, напісаная ў Вільні. Прыблізна ў гэты ж час у Вільні жыў Францішак Скарына. Таксама ў нас ёсць і подпіс дворнага маршалка Астафія Валовіча — аднаго з распрацоўшчыкаў Статутаў ВКЛ.

Так распісваўся кароль Ян Казімір

Цікава падпісваліся жанчыны. Напрыклад, у лісце, дзе дзеляць маёнтак Глуск (дакумент складзены ў Вільні ў XVI стагоддзі), адну з жанчын прадстаўляюць так — Кузьміна Іванавіча Заслаўская Настасся Юр’еўна Гальшанская. Пісалі поўныя імя і прозвішча як дзявочыя, так і па мужу. То бок з гэтага подпісу вынікае, што яе муж быў Кузьма Іванавіч Заслаўскі. Калі жанчына была замужам двойчы, гэта таксама адлюстроўвалася ў афіцыйных дакументах.

Актавыя кнігі, каліграфічны почырк і спрэчкі пра старабеларускую мову

Дзяніс Лісейчыкаў паказвае безліч актавых кніжак з судоў. Яны вялікія і тоўстыя, да паўметра таўшчынёй. Сюды запісваліся не толькі рашэнні судоў, але таксама іншыя дакументы па просьбе людзей.

— Калі ў людзей былі на руках нейкія дакументы, яны маглі паехаць у свой павятовы цэнтр і за грошы папрасіць упісаць іх у кніжку, каб яны не згубіліся, — дадае гісторык. — Вось, напрыклад, нейкі Ян Кірдзей прынёс дакумент ад брата свайго Багдана і папрасіў запісаць яго ў кнізе.

У актавых кнігах пісалі спецыяльным чарнілам, якое выраблялі з так званых дубовых арэшкаў — шарыкаў-наростаў на лістах дуба. Да іх дадавалася закісленае жалеза і некаторыя іншыя рэчывы. Для пісьма выкарыстоўвалася гусінае пяро. Почыркі тут на зайздрасць — вельмі прыгожыя.

— Раней каліграфіі вучыліся спецыяльна на працягу некалькіх гадоў. І чым быў вышэйшы ўзровень канцылярыі, тым лепшым быў почырк пісара. Дапусцім, у пісараў канцылярыі вялікага князя былі ідэальныя почыркі, — распавядае навуковец.

Вось так прыгожа маглі аздабляць лісты

Яшчэ адна цікавостка — вадзяныя знакі ці філіграні на паперы. Па іх можна зразумець, дзе папера была выраблена.

Што тычыцца мовы, то ў XVI стагоддзі і першай палове XVII актавыя кнігі вяліся пераважна на старабеларускай мове.

— Сёння часта можна пачуць, што такой мовы не існавала, бо ў тагачасных дакументах яна называлася «рускай». Зразумела, сам тэрмін «старабеларуская» даволі малады. У канцы XIX стагоддзя мовазнаўца Яўхім Карскі ўвёў яго для таго, каб адрозніваць сучасную яму рускую мову ад той рускай, якая была на тэрыторыі ВКЛ у XV—XVI стагоддзях.

Прыклад актавай кнігі Брэсцкага земскага суда XVI стагоддзя

Бо гэта розныя мовы. Тая даўняя «руская» мова мае нашмат больш агульнага з сучаснай беларускай, чым з рускай. Таму і спатрэбіўся новы тэрмін. Нікому ж не прыходзіць да галавы сцвярджаць, што да нашай эры не было гравітацыі, бо тады яшчэ не выкарыстоўваўся сам тэрмін «гравітацыя».

Яўрэйскія літургічныя скруткі і Хрушчоў

Скруткаў з XIX стагоддзя з тэкстамі Святога Пісання ў архіве было каля 200. Праўда, яны праіснавалі да 1960-х гадоў.

— Большасць загінула нават не ў часы Другой сусветнай вайны, а пры Хрушчове. Тады быў апошні сур’ёзны ўсплёск барацьбы з рэлігіяй. У разгар чарговай кампаніі пастанавілі знішчыць скруткі, у якасці ўзораў пакінулі толькі пяць штук, — кажа Дзяніс. — Тут ёсць тэксты з «Пяцікніжжа» — Торы, а таксама «Песнь песняў» і іншыя кнігі Бібліі. Гэтыя скруткі да 1930-х гадоў захоўваліся ў сінагогах у спецыяльных умовах. Эц-хаімы, на якіх трымаюцца скруткі, рабіліся як твор мастацтва, выразаліся філігранна і прыгожа аздабляліся.

Выява «секс-сімвала» таго часу, гравюры і старажытныя карты

— У свой час Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька вырашыў праславіцца. У 1758 годзе ён задумаў выдаць гравюры, на якіх будуць адлюстраваны партрэты з радзівілаўскай карціннай галерэі, — разгортвае вялікі «альбом» гісторык. — Ён запрасіў гравёра Гірша Лейбовіча з памочнікамі, яны накідалі малюнкі з партрэтаў, а пасля зрабілі паводле іх адбіткі, якія можна было памнажаць друкарскім спосабам. У нашым асобніку захаваліся не толькі гравюры, але таксама іх першасныя прамалёўкі. Фактычна чарнавікі майстроў.

Мікалай Радзівіл Чорны. Удзельнічаў у пасольскіх місіях ВКЛ і быў актыўным прапагандыстам Рэфармацыі

Ёсць тут і партрэт Барбары Радзівіл. Па тым часе яна лічылася адной з самых прыгожых жанчын у ВКЛ, зараз бы яе назвалі «секс-сімвалам». У Барбару так моцна закахаўся кароль Жыгімонт Аўгуст, што таемна ажаніўся з ёй. Аднак пасля па легендзе нявестку атруціла яго маці — Бона Сфорца.

Барбара Радзівіл у той час лічылася адной з найпрыгажэйшых жанчын у ВКЛ

Утрымлівае архіў і спецыфічны від дакументаў — карты і планы розных мясцовасцей, гарадоў, мястэчак і нават асобных будынкаў. Складаліся яны з самай рознай нагоды — калі трэба было устанавіць дакладныя межы зямельных уладанняў, спраектаваць пабудову дома альбо храма. Шмат планаў складалася ў апошняй трэці XIX стагоддзя, калі пасля адмены прыгоннага права трэба было дакладна размежаваць панскую і сялянскую зямлю.

Родавыя дрэвы, масоны і Гектар

— Мы маем фонды былых дваранскіх дэпутацкіх сходаў. У часы Расійскай імперыі ў кожнай губерні былі створаны такія ўстановы, каб весці ўлік родаў знатнага паходжання і адначасова гэтую знатнасць правяраць. У нас найлепей захаваліся фонды Мінскага і Віцебскага дваранскіх сходаў, — расказвае Дзяніс. — Дык вось тут захоўваюцца малюнкі радаводаў за 1798—1830 гады, якія шляхта заказвала ў мастакоў. Тыя давалі волю фантазіі: на малюнках можна ўбачыць стрэльбы, барабаны, гарматы. Калі былі грошы, наймалі высокакласных мастакоў; калі сродкаў не было, то запрашалі тых, хто хоць як умеў маляваць. Зразумела, адным з галоўных элементаў малюнка быў шляхецкі герб.

Многія гербы нашай дробнай шляхты маляваліся па прыкладзе іх заходнееўрапейскіх «калег». Таму адным і тым жа гербам маглі карыстацца паралельна больш за 200 родаў, якія паміж сабой не былі аніякімі сваякамі.

Калі ўважліва прыглядзецца да малюнкаў родавых дрэваў канца XVIII стагоддзя, можна ўбачыць цікавыя элементы. Вось гэтыя розныя слупы, глобусы, вугалкі — гэта масонскія сімвалы. Што ў нас рабілі масоны? Гэта быў спосаб правядзення вольнага часу для інтэлектуалаў, гульня па пэўных правілах: таемныя сустрэчы, абмеркаванні пытанняў духоўнага развіцця і ўдасканалення. Але нічога кепскага яны не замышлялі, не збіраліся захапіць уладу над усім светам, як ім прыпісваюць. Гэта была такая своеасаблівая субкультура — модная плынь.

Самы вялікі і шыкоўны радавод, які захаваўся ў архіве, — гэта надрукаваны радавод Радзівілаў.

— Яны заказалі гэтую гравюру ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Бачыце, іх тут бласлаўляюць Папа Рымскі, анёлы, Маці Божая, — разварочвае паперы Дзяніс. — Унізе пазначана, што яны вядуць свой род ледзьве не ад Гектара (правадыра траянскага войска з «Іліяды») і іншых старажытных герояў. Вядома, ніякіх доказаў няма. Усе падобныя легенды пісаліся для таго, каб надаць свайму роду больш старажытнасці. Як гэта іх генеалогія будзе ісці ад таго самага перыяду, што і ў іншай шляхты?

Яшчэ тады модна было казаць, што нашы карані не з гэтых мясцін, продкі прыехалі з Італіі, Корсікі, Балкан і гэтак далей. Не будзем забываць, што існавала легенда пра старажытнарымскага патрыцыя Палемона, які ўцёк ад жорсткага імператара Нерона. І прыплыў ён з «дэсантам» сваіх людзей да берагоў Літвы. Вось ад іх быццам і пайшло ўсё высакароднае саслоўе і ўся шляхта на нашых тэрыторыях.

Шатландцы, Слуцк і маньерызм

— Прыгажосць і майстэрства выканання проста неверагодныя. Насамрэч майстэрняў, якія выраблялі такога роду вокладкі, было няшмат, і таму майстры па максімуме стараліся ўпрыгожваць іх, — кажа гісторык.

Вокладкі рабіліся са скуры, на іх адціскаліся розныя сюжэты. У майстроў былі загатоўкі з раслінным і жывёльным малюнкам, на біблейскія тэмы, цытаты са Святога Пісання. На некаторых былі псалмы па-лацінску.

— Гэта стыль так званага маньерызму — своеасаблівага пераходу ад рэнесансу да барока, — Дзяніс паказвае прыгожую скураную вокладку інвентара Слуцка ад 1642 года.

— У тыя часы Слуцк быў ледзь не самым прасунутым горадам на нашых землях. Ён знаходзіўся ў валоданні Багуслава Радзівіла, чалавека з найлепшай еўрапейскай адукацыяй, фенаменальнага генератара ідэй, менеджара і авантурыста адначасова. Пры ім горад быў на вяршыні свайго росквіту, — дадае гісторык.

У інвентары было апісанне горада, дамоў, вулачак, жыхароў і тых падаткаў, якія яны павінны былі плаціць.

— А падпісаў гэты інвентар шатландзец Вільям Патэрса, камендант горада. У тыя часы ў ВКЛ было даволі шмат шкотаў — шатландцаў, вайскоўцаў альбо гандляроў, — тлумачыць Дзяніс.

Інтымная перапіска, жонка караля, што ўмела шыфраваць лісты, і Джэймс Сцюарт

Таксама ў Нацыянальным гістарычным архіве захоўваецца фонд каралеўскай сям’і Сабескіх. Тут ёсць перапіска з рознымі каралеўскімі дварамі тагачаснай Еўропы.

— Вось карэспандэнцыя жонкі караля Яна III Сабескага Марыі Казіміры д’Арк’ен. Гэта французская мова. У нас ёсць зараз праект з польскім бокам, каб выдаць гэтыя лісты, — кажа навуковец.

Шыфроўка, якую рабіла каралева

— Мы запрасілі прафесійных перакладчыкаў, якія ведаюць спецыфіку французскай мовы XVII стагоддзя, — дадае гісторык. — Аднак узнікла праблема: усе словы і сказы пераклалі, але што каралева мела на ўвазе, не заўсёды зразумела. Яна пісала намёкамі, нешта недагаворвала. Тут трэба ведаць кантэкст і разбірацца ў цэлай масе дробязей. У фондзе ёсць і шыфроўкі перапіскі паміж каралём і каралевай — кавалкі тэксту ці нават лісты, цалкам напісаныя лічбамі. Прычым, што цікава, шыфраваць умела і каралева.

Таксама ў архіве захоўваюцца лісты сына караля Яна ІІІ — прынца Якуба, які вёў актыўную перапіску ледзь не са ўсімі дынастыямі Еўропы. Напрыклад, з Джэймсам Сцюартам, які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай «Стары прэтэндэнт», паколькі ледзь не ўсё сваё доўгае жыццё знаходзіўся ў статусе прэтэндэнта на англійскую і шатландскую кароны.

Фотаздымкі на металічных пласцінках і фіксатары для галавы

— Гадоў дзесяць таму да нас звярнуўся з Ташкента нашчадак аднаго з ураджэнцаў Міншчыны. Аказалася, што ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ягоны дзед быў кіраўніком бабруйскай школы садаводства і захапляўся фатаграфіяй. Ён шмат фатаграфаваў і збіраў гэтыя фотаздымкі ў альбомы. Многа там і фотаздымкаў, якія яму прысылалі сваякі. Унук перадаў альбомы ў наш архіў, — паказвае Дзяніс.

— Ёсць папяровыя варыянты, ёсць варыянты на металічных пласцінах. Фотаздымкі зроблены ў розных месцах Расійскай імперыі. Гэта Харкаў, Вільня, Варшава і гэтак далей, — тлумачыць спецыяліст. — Тэхналогія была складаная. Існавалі нават спецыяльныя фіксатары для галавы, каб кадр не атрымаўся змазаным. Бо трэба было даволі доўга сядзець нерухома.

Таксама ў архіве апынуліся і фотаздымкі Радзівілаў 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. Можна ўбачыць, чым гэтыя людзі харчаваліся і што пілі, як бавілі свой вольны час.

Важна

Нацыянальны гістарычны архіў заклікае ўсіх, у каго захаваліся старажытныя дакументы, перадаваць іх навукоўцам для вывучэння і высокадакладнага капіравання. Зрабіць гэта можна па адрасе: г. Мінск, вул. Крапоткіна, 55.