20 октября 2018, суббота, 1:56
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

Кіпрыян Кандратовіч: Генерал які, падтрымаў БНР

Царскi генерал зрабіў свой выбар I далучыўся да беларускага нацыянальнага руху.

На стагоддзе аб’вяшчэня Беларускай Народнай Рэспублікі ў рукі чытача патрапляе біяграфія генерала Кіпрыяна Кандратовіча, ветэрана руска-турэцкай, руска-японскай і Першай сусветнай войнаў, які ў 1917 г. далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і стаў абаронцам незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 г.

Вяртанне на старонкі гісторыі гэтай постаці адбылося дзякуючы пісьменніку і гісторыку Леаніду Лаўрэшу, які ўжо каля дваццаці гадоў даследуе лёс генерала і публікуе працы пра яго жыццё. Ягонай заслугай з’яўляецца адшуканне магілы генерала, пахаванага каля царквы ў Воранаве.

Прадстаўленая ў кнізе біяграфія генерала значна шырэйшая за папярэднюю, выдадзеную ў 2007 г. Праца мае высокую навуковую каштоўнасць, бо падмацавана дакументамі і добра напісана. Аўтар працавіта прааналізаваў вялікую колькасць крыніц: дакументы, прэсу, успаміны і навуковыя працы. Крок за крокам мы даведваемся пра лёс генерала Кандратовіча, які жыў у складаныя часы ўпадку і скону Расейскай імперыі ды фармавання новай палітычнай карты Усходняй Еўропы.

Леанід Лаўрэш праводзіць чытача праз дзяцінства і маладосць генерала, які нарадзіўся ў 1859 г. у Зінавічах (Лідскі павет), апісвае яго сямейнае кола і школьныя гады ў Лідзе, а потым вучобу ў 2-й Канстанцінаўскай вучэльні і Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба. Аўтар цікава піша пра прыступкі вайсковай кар’еры Кандратовіча, ілюструючы пры гэтым яе ўспамінамі сучаснікаў. Чытач пачуе галасы асобаў, якія ведалі Кандратовіча ў розныя часы ягонай вайсковай службы на Далёкім Усходзе: падчас паўстання баксёраў у Пекіне ў 1899—1901 гг. ці руска-японскай вайны 1904—1907 гг.

Чытача будуць весці па кнізе сведчанні вайскоўцаў пра генерала, якія розняцца ад прыхільных да не вельмі станоўчых. Гэта датычыць і яго дзейнасці на пачатку вайны ва Усходняй Прусіі ў 1914 г. і ў часе падрыхтоўкі да бітвы каля возера Нарач у 1915 г. Пасля гэтага аўтар паказвае чытачу драматычныя падзеі рэвалюцыі, якія адводзілі армію далёка ад рускіх вайсковых традыцый, да якіх быў прызвычаены генерал высокага ўзроўню — дэмакратызацыя арміі і нацыяналізацыя вайсковых частак.

Генерал Кандратовіч зрабіў свой выбар — далучыўся да беларускага нацыянальнага руху і ўвосень 1917 г. узначаліў Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду. Ён не ўзяў на сябе рашэнне пра стварэнне беларускага войска, што не дадало яму сімпатыі з боку маладых, энергічных афіцэраў і прывяло да адстаўкі з пасады.

Аднак генерал Кандратовіч не звярнуў з абранай дарогі. У 1918 г. мы бачым яго ў другім урадзе БНР, створаным Раманам Скірмунтам, а на наступны год ён ствараў беларускія вайсковыя фарміраванні пры літоўскім урадзе, а потым быў чальцом дэлегацыі БНР на мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Нейкі час генерал жыў у Парыжы, дзе — як вынікае з апошніх даследванняў Леаніда Лаўрэша — нарадзіўся яго пазашлюбны сын Уладзімір, чалавек трагічнага лёсу.

Апошнія гады жыцця генерал Кадратовіч правёў у Польшчы. Пасяліўся ў Гародне пад Лідай разам з нашмат малодшай за сабе жонкай Адай фон Рыхтар, з якой пашлюбаваўся ў 1910 г. у Тыфлісе, калі камандаваў 1-м Каўказскім корпусам.

Яго насычанае падзеямі жыццё скончылася ў апошні дзень кастрычніка 1932 г. На вялікі жаль, генерал не пакінуў пасля сябе ўспамінаў, без чаго цяжка тлумачыць прычыны яго ўчынкаў і лепей зразумець асобу. Аднак жыццяпіс, створаны Леанідам Лаўрэшам, дазваляе сістэматызаваць біяграфію генерала, які перайшоў на службу БНР.

Вельмі жадаю прыцягнуць увагу ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі пачатку XX ст., да гэта незвычайна цікавага для аматараў біяграфій, краязнаўцаў і прафесійных гісторыкаў тэкста. Аўтар не толькі з захапленнем праводзіць нас праз жыццё генерала Кіпрыяна Кандратовіча, але таксама дзеліцца з чытачом этапамі сваіх пошукаў і даследаванняў і паказвае, якой надзвычай захапляльнай можа быць праца гісторыка.

Дарота Мiхалюк, «Радыё Рацыя»