19 апреля 2024, пятница, 12:50
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык

1
Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык
Ніна і Мікола Абрамчыкі
Фота з архіву Скарынаўкі ў Лондане 

Паэтка, пісьменніца, фалькларыстка — усё гэта Ніна Абрамчык, прадстаўніца беларускай дыяспары Францыі.

Амаль выпадковае адкрыццё этналагічнай дзейнасці Ніны Абрамчык — чарговы напамін пра тое, што мы слаба ведаем сваю культуру, не цэнім дыяспару, якая будавала масткі з іншымі культурамі, мовамі і спадзяваліся пра масты з радзімай, піша Уладзіслаў Гарбацкі для novychas.by.

Паэтка, пісьменніца, фалькларыстка, «прэзідэнтыха» — усё гэта Ніна Абрамчык, падзабытая прадстаўніца беларускай дыяспары Францыі. Яна ўвесь час заставалася ў ценю мужа, апісвалася, як і бальшыня іншых актыўных дзяячак, у святле патрыярхальнай традыцыі, як жонка Міколы Абрамчыка.

Сям'я Абрамчыкаў
Фота з архіву Скарынаўкі ў Лондане 

Па вайне яна паспрабавала выдаваць газету «Беларуска», з’явіўся адзін нумар, які дасюль немажліва адшукаць ані ў парыжскіх фондах (напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы Францыі), ані ў Скарыўнаўцы. Ёсць падазрэнне, што газета так і засталася ў рукапісным ці друкапісным варыянце.

Па просьбе мужа Ніна не працягнула навуку, пачатую яшчэ ў Вільні (у аграноміі), а засталася побач з ім, каб дапамагаць і падтрымліваць. А пазней, ужо пасля смерці Міколы Абрамчыка, з-за таго, што яна не вярнула архівы, трактавалася негатыўна, як капрызная, свавольная і досыць пыхлівая кабета.

Гартаючы нядаўна французскія часопісы, я зусім нечакана напаткаў артыкулы па-французску, падпісаныя «этналагіняй Нінай Абрамчык» (une ethnologue Nina Abramtchik).

Якраз пра гэтую новую іпастась дзяячкі і варта было б распавесці, каб адкінуць у бок дыяспарныя спрэчкі, крыўды і натуральную людскую неідэальнасць. Тым больш, што мала ў нашай гісторыі даследнікаў, якія працавалі ў французскай мове. Ніна Абрамчык — адна з тых рэдкіх франкамоўных беларусак. Да ўсяго, перыяд яе жыцця пасля смерці мужа ў 1970-м да ўласнай смерці ў 2004 годзе застаецца досыць цьмяным. Вядома, што яна доўгі час працавала ў парыжскім Музеі чалавека. Цяга да навукі і праца ў такім месцы, няма сумневаў, паспрыялі навуковай дзейнасці дыяспарніцы.

Жонка Наўмовіча, жонка Абрамчыка, Рыдлеўскі. 1950 год
Фота з архіву Скарынаўкі ў Лондане 

У канцы 1990-х гадоў у французскіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») з’яўляюцца артыкулы этналагіні Ніны Абрамчык. На яе даследаванні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квебекскія даследчыцы (Pauline Greenhill I Diane Tye, 1997 год).

У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала тры грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1995 год супрацоўніца Музея чалавека апублікавала даследаванне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасці).

У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклорныя апісанні і аналіз, што датычыць месца і значэння каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cімвалы). Праўда, артыкул з’явіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысвечаны вобразу і месцу каня ў еўрапейскай культуры.

У 2000 годзе даследчыца напісала артыкул пра гісторыю і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Першая старонка-артыкул Ніны Абрамчык пра курыцу і яйкі. (La poule et l’œuf en Biélorussie)
Фота Уладзіслава Гарбацкіага з бібліятэкі ў Парыжы

У 1998 годзе ў выніку канферэнцыі, як вынікае з прадмовы да часопіса «Ethnozootechnie», спадарыня Ніна апублікавала артыкул «Курка і яйка ў беларускай народнай культуры» (La poule et l’œuf en Biélorussie). Яна пераклала беларускія казкі, вершы, прымаўкі, у якіх закранаецца тэма куркі і яйка. Аўтарка цікава падала абразы з ужыткам слова «курыца»: «мокрая курыца», «яшчэ не знеслася, а ўжо квохча» і падобнае, пазначаючы, што яны існуюць у традыцыйнай культуры толькі ў дачыненні да кабетаў. Акрамя казак і прымавак яна апісала харчовыя традыцыі беларусаў і спецыфіку ўжывання курыцы і яек.

Цікава, што ў даследаванні Ніны Абрамчык выразна прысутнічае гендарная прызма: і ў аналізе стэрэатыпаў, абразаў, звязаных з курыцай у бок чалавека (кабеты перадусім), і ў апісанні культуры дагляду за птушкамі. Як заўважае этналагіня, у апісанні звычайнага падзелу курыцы за сялянскім сталом адбіваецца патрыярхальная традыцыя: шыя, галава, грудка аддавалася гаспадару, крылы — дочкам, бо ім усё адно «адлятаць з сямейнага гнязда», кумпячкі — сынам, ім трэба хадзіць-працаваць, азаддзе — гаспадыні, бо «ёй усё адно дома сядзець». І такі на першы погляд анекдатычны падзел, насамрэч, часта сустракаецца ў Беларусі (нават у гарадскіх беларусаў) і па сёння.

Важна пазначыць цікавыя заўвагі даследчы што да велікодных, пераважна паганскага паходжання, традыцыяў, звязаных з яйкамі. Акрамя класіфікацыі яек (скрабанка, пісанка, крашанка), яна апісвае народныя сродкі фарбавання велікодных яек: брунатны і руды колер яек ад шалупіння цыбулі, зялёны колер ад бярозавага лісця, чырвоны колер ад парання яек у бураках, фіялетава-сіні ад чарнічніку, жоўты колер ад нагаткоў і гэтак далей.

Малюнак "Вялікодныя яйкі" да артыкулаНіны Абрамчык
Фота Уладзіслава Гарбацкіага з бібліятэкі ў Парыжы

Цікава, што дыяспарніца ў артыкулах падае дзве версіі назвы Беларусі — Bélarus і Biélorussie. У 1990-х гадах, калі Беларусь набыла незалежнасць, такая вольніца ў французскай мове дазвалялася, але потым у ёй зноў усталяваўся аднабаковы расіяцэнтрычны варыянт Biélorussie. Што да прыметніку «беларускі», то ў Ніны Абрамчык паўсюль захоўваецца дыяспарны змагарскі варыянт biélorussien, а не расіяцэнтрычны biélorusse. Цяперашнія беларусы Францыі пераважна пішуць па-акадэміцку, адмовіўшыся ад прынцыповасці: biélorusse і Biélorussie. А вось Ніна Абрамчык яшчэ памятала змаганне за саманазву, якое вялі яе муж і Леў Гарошка.

Амаль выпадковае адкрыццё этналагічнай дзейнасці Ніны Абрамчык — чарговы напамін пра тое, што мы слаба ведаем сваю культуру, не цэнім дыяспару, якая будавала масткі з іншымі культурамі, мовамі і спадзяваліся пра масты з радзімай. Мажліва, такія адкрыцці тэкстаў дыяспарнікаў — гэта і ёсць тыя масты, пра якія яны марылі. Спадзяюся, што ў архівах па-французску нас яшчэ чакаюць цікавыя адкрыцці беларусікі.

І, безумоўна, адкрыццё франкамоўнай Ніны Абрамчык — гэта пасланне ўсім беларусам, якія вандруюць і наведваюць Парыж: іншым разам, калі вы апыняцеся на могілках Пер-Ляшэз у пошуках могілак Джыма Морысана, Эдыт Піяф, Калет ці Пруста, завітайце, калі ласка, яшчэ і на могілкі нашай слыннай суайчынніцы.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях