16 октября 2018, вторник, 14:11
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

«Праўда пра Курапаты» дайшла да Ўкраіны

1

У Кіеве адкрылі выставу «Вялікі тэрор у Беларусі».

Экспазыцыя, што адкрылася ва Ўкраінскім інстытуце нацыянальнай памяці, будзе доўжыцца яшчэ дзесяць дзён і потым застанецца ў фондзе інстытуту. Яна арганізаваная супольна беларускай грамадзкай ініцыятывай «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і Ўкраінскім інстытутам памяці, паведамляе «Радыё Свабода».

Месца, зь якога пачынаўся чырвоны тэрор

Час і месца правядзеньня выставы, улічваючы яе зьмест, былі абраныя дарэчна: у будынку, які вядомы ў Кіеве як маёнтак графа Ўварава, і ў якім цяпер разьмяшчаецца Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці, ад 1918 году працавала Кіеўскае губэрнскае ЧК, а пазьней органы НКВД і КДБ. Як адзначыў кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімер Вятровіч, менавіта з гэтага будынку і пачынаўся чырвоны тэрор, ад якога пацярпелі шмат народаў.

Апроч таго, сёньня ва Ўкраіне ўшаноўваюць ахвяраў аднаго з найбольш машабных камуністычных злачынстваў — дэпартацыі крымскататарскага народу з Крыму. А ў трэцюю нядзелю траўня ва Ўкраіне традыцыйна ўзгадваюць ахвяраў усіх палітычных рэпрэсіяў — гэты дзень зацьверджаны ўказам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі у 2007 годзе.

Цырымонія адкрыцьця выставы прайшла даволі хутка, але яе наведнікі яшчэ больш як гадзіну не разыходзіліся — яны зь цікаўнасьцю слухалі беларускага журналіста Марата Гаравога, аднаго з суаўтараў экспазыцыі. І зьдзіўляліся адрозьненьням беларускіх і ўкраінскіх падыходаў да вывучэньня тэмы рэпрэсіяў. Ва Ўкраіне гісторыкі абапіраюцца на адкрытыя архіўныя матэрыялы КДБ, а ў Беларусі ўся дакумэнтацыя тых гадоў па-ранейшаму засакрэчаная.

Марат Гаравы правдзіць экскурсію для наведнікаў выставы

«На гэтай экспазыцыі амаль няма матэрыялаў з архіваў, тут сабрана тое, што адшукалі сярод людзей, апыталі іх, тое, што дайшло да нас ад архэолягаў, якія вывучалі пахаваньні ў Курапатах», — распавядае культуроляг Вацлаў Арэшка, таксама суаўтар выставы.

Суаўтар выставы, сябра грамдзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Генадзь Драздоў дадае, што выстава ўпершыню падарожнічае — дагэтуль яна экспанавалася толькі ў Беларусі, але і там ня мела дзяржаўнае падтрымкі. За ўвесь час існаваньня экспазыцыі яе аўтары сабралі шмат удзячных водгукаў беларусаў за праўду аб Курапатах. Адмысловую кнігу яны прывезьлі з сабой і ў Кіеў.

Генадзь Драздоў дэманструе кнігу, у якой зьбіраюць водгукі пра выставу

Злачынствы ня мелі межаў

На думку кіраўніка Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімера Вятровіча, такія супольныя мерапрыемствы ёсьць адной зь перадумоваў для будучага міжнароднага асуджэньня камуністычнага рэжыму.

«Гледзячы на гэтую выставу, мы разумеем, што таталітарны рэжым зьдзяйсьняў злачынствы паводле адзінага шаблону — і ўкраінцы, і беларусы былі ахвярамі адзінай злачыннай палітыкі. І мэта, якую мы ставім перад сабой — паказаць маштабы злачынстваў камуністычнага рэжыму, бо яны выходзяць за межы адной нацыянальнасьці. І калі мы сапраўды хочам гаварыць пра асуджэньне камуністычнага рэжыму на міжнародным узроўні, а мы хочам пра гэта казаць, то мы павінны разумець, што гэта магчыма толькі пры супрацоўніцтве прадстаўнікоў народаў, якія больш за ўсё пацярпелі ад камунізму. А беларусы ёсьць адным з такіх народаў», — перакананы ён.

Умовы розныя, мэта — адзіная

Уладзімер Вятровіч прызнае, што ва ўкраінскіх дасьледчыкаў палітычных рэпрэсіяў савецкай эпохі больш магчымасьцяў, і яны гатовы дапамагчы беларускім калегам:

«Ва Ўкраіне ж архівы таксама былі закрытыя да нядаўняга часу. Але мы вывучалі досьвед іншых посткамуністычных краінаў Эўропы, такіх як Чэхія, Польшча, Вугоршчына, спрабавалі падрыхтаваць да імплемэнтацыі адпаведныя рашэньні ва Ўкраіне. Пасля Эўрамайдану гэта стала магчыма — мы падрыхтавалі адмысловы закон аб адкрыцьці архіваў КДБ і зараз, па сутнасьці, у нас узровень адкрытасьці абсалютна адэкватны іншым эўрапейскім краінам. Мы спадзяемся, што і Беларусь падхопіць гэтыя ініцыятывы, і гатовыя працаваць з грамадзкімі актывістамі для таго, каб ім дапамагчы рыхтаваць гэтыя дакумэнты, каб яны былі гатовыя да гэтага ў выпадку палітычных зьменаў».

Паводле яго, пераадоленьне спадчыны таталітарнага камуністычнага рэжыму ёсьць неад’емным элемэнтам дэмакратычнай трансфармацыі:

«Калі краіна хоча быць дэмакратычнай, то яна мае прайсьці праз абмеркаваньне свайго мінулага і пераадоленьне ўсіх траўмаў камуністычнага рэжыму. На жаль, Беларусь, толькі на пачатку гэтага шляху, і такая праца патрабуе большай падтрымкі, чым ва Ўкраіне».

З Курапатаў у Быкаўню

Сёньня ж беларускія дасьледчыкі наведалі і мэмарыял «Быкаўнянскія магілы», што пад Кіевам. Быкаўня зьяўляецца ўкраінскім аналягам беларускіх Курапатаў — у тым месцы, паводле ацэнак спэцыялістаў, могуць быць пахаваныя да 100 тысяч грамадзянаў, расстраляных НКВД, у тым ліку і беларусы.

«Нам цікава паглядзець, як украінцы ўшаноўваюць памяць ахвяраў. Для нас гэта вельмі важна ў прафэсыйным пляне, і пераняць досьвед Украіны ва ўшанаваньні ахвяраў. Тут жа ўсё гэта адбываецца на дзяржаўным узроўні, а ў нас — на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, і нам цікава, як дзяржава дапамагае грамадзянам гэта рабіць», — кажа Марат Гаравы.