29 марта 2024, пятница, 13:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Някляеў, Статкевіч, Сіўчык і сотні людзей – пашана вам!

6
Някляеў, Статкевіч, Сіўчык і сотні людзей – пашана вам!
Алесь Краўцэвіч

Калі б ня вы, то не было б ніякага дазволу на ніякі канцэрт.

Хто толькі не крытыкаваў арганізатараў дэманстрацыі на юбілей БНР! Галоўны пасыл — гэтыя шэсьці ні да чаго не прывядуць, а будуць брутальна разагнаныя. Да асуджэньня маніфэстантаў далучыліся Сяргей Дубавец і Валянцін Акудовіч. І то ўжо перабор. Пра гэтых людзей нельга сказаць, як Ян Гус пра жанчыну, што падкідвала дровы ў агонь, на якім рэфарматара палілі: «Сьвятая прастата!»

Дубавец, які напісаў тэкст «Апошняя спроба зразумець Статкевіча» з адназначнай крытыкай дэманстрацыі перад сьвятам, пасьля сьвята сказаў: «Сьвядомы народ адмаўляецца ад пратэсту зь цяжкай душою. Але ён на тое і сьвядомы, бо ўсьведамляе, што і сілаў у яго на выніковы пратэст няма, і што ўлада подлая — яна ня выйдзе на бой з адкрытым забралам».

Алесь Краўцэвіч

Акудовіч і пасьля сьвята моцна крытычны наконт шэсьця: «Цынічна кажучы, кожны затрыманы мінусаваў сама меней з паўтысячы тых, хто зьбіраўся на дазволенае сьвяткаваньне». І палітычная апазыцыя ў яго недарэчнасьць: «Для мяне наша палітычная апазыцыя — гэта аксюмаран (як жывы нябожчык)».

Ёсьць пытаньні. А што, у нас ужо няма супраць чаго пратэставаць!? Рэжым зьмяняецца, эвалюцыянуе да дэмакратыі і беларускасьці!? Не парушаецца канстытуцыя, знойдзеныя і пакараныя забойцы зьніклых палітыкаў!? Праводзяцца свабодныя выбары!?

Тое, што дэманстрацыі пратэсту малалікія, выклікана цэлай сыстэмай, машынай запалохваньня, якую старанна збудаваў і будуе далей Лукашэнка. Пры шырокім спэктры рэпрэсіяў для дэманстрантаў — ад зьбіцьця да турмы, ня кажучы пра страту працы і г. д., тым больш павагі, пашаны і прызнаньня заслугоўваюць людзі, якія насуперак усяму ідуць пратэставаць на плошчу.

Някляеў, Статкевіч, Сіўчык, дзясяткі і сотні людзей, якіх, прабачце, не магу ўсіх назваць па прозьвішчах і імёнах. Пашана вам, слава і ўдзячнасьць ад нас, звыклых беларускіх патрыётаў! Вы наш твар, паратунак нашага гонару перад усім сьветам!

Гэта вас заўважыў спэцыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харашці:

«На мінулых выходных улады ў Беларусі зноў зьдзейсьнілі масавыя парушэньні правоў грамадзян на мірныя сходы ў сталіцы, Менску і па ўсёй краіне. Гэта сьведчаньне як сымбалічнай, так і практычнай адмовы прэзыдэнта краіны ад любога прагрэсу ў сфэры правоў чалавека».

Калі б ня вы, то не было б ніякага дазволу на ніякі канцэрт. Вы лепш за іншых ведаеце, што ніякія канцэрты рэжым не памяняюць, ды яшчэ маеце адвагу і сілы дзейнічаць.

Можна зразумець, калі мы ня ходзім на дэманстрацыі, бо баімся — за сябе, сваё здароўе, працу, за блізкіх (як яны бяз нас). Але навошта дзеля самаапраўданьня падводзіць пад гэты страх тэарэтычную базу? Добра яшчэ, калі моўчкі пра сябе, але рабіць гэта публічна: асуджаць, нават зьдзекавацца з пратэстоўцаў — гэта ўжо перабор. Немаральна, не па-мужчынску.

Алесь Краўцэвіч — беларускі гісторык і археоляг, доктар гістарычных навук, прафэсар, ляўрэат Прэміі імя Францішка Багушэвіча за 2013 год, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях