21 ноября 2018, среда, 7:56
Поддержите сайт «Хартия-97»
Рубрики

Пад Лідай знойдзены яшчэ адзін помнік паўстанцам Каліноўскага

Гісторыя вярнула нам падзею, будзем спадзявацца, што верне і імёны.

Пра гэта піша Яраслаў Грынкевіч у артыкуле для выдання «Наша слова».

Вядомы лідскі краязнавец Леанід Лаўрэш, разбіраючы ўспаміны ўладальніка Ішчалны (цяпер Шчучынскі раён) Караля Лясковіча, якія захоўваюцца ў відзе машынапісу ў фондзе Асалінскіх ва Уроцлаве, знайшоў наступны фрагмент:

«На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна – у паўночна-заходнім накірунку, г.л. карту) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні – помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі».

Здаўна вядомая капліца на могілках у Станкевічах, якая паводле мясцовай легенды была збудавана паўстанцамі за адну ноч. Некалькі гадоў назад капліца была рэстаўравана, грунтоўна адрамантавана і зараз знаходзіцца ў добрым стане.

21 кастрычніка актывісты лідскіх грамадскіх арганізацый арганізавалі краязнаўчую экспедыцыю ў раён Станкевічаў і Стрэліцы. Згаданы ў запісе курган быў заўважаны са Станкевічаў у раёне былой Стрэліцы за поймай рэчкі Голдаўкі. У раёне кургана, але не на самім кургане, стаіць высокае адзінокае дрэва, якое добра відно з усіх бакоў.

Да кургана вядзе добрая палявая дарога, але сам курган і зямля вакол яго не разараны, мабыць, пра магілу ведалі здаўна. Сёння спытаць асабліва няма каго. На месцы Стрэліцы – нічога. У Станкевічах – адзін чалавек, які крыжа не памятае. У Ляскoвіча ўспаміны датаваны 1971 годам. Ён недзе равеснік 20-га стагоддзя, таму бачыў крыж хутчэй за ўсё ў часы міжваеннай Польшчы.

Знайсці рэшткі крыжа не ўдалося. Зусім магчыма, што яго знеслі яшчэ ў 1939 годзе, амаль 80 гадоў назад, можа – пазней.

Тым не менш, пахаванне паўстанцаў на кургане, пабудова капліцы даюць магчымасць меркаваць, што поле бою ў той сутычцы засталося за паўстанцамі.

24 кастрычніка Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны звярнулася ў Лідскі райвыканкам з просьбай дазволіць пад Дзяды аднавіць крыж на кургане.

Які будзе адказ, пакуль сказаць цяжка, але асноўная праца зроблена: устаноўлена дакументальна і пацвер-джана на мясцовасці наяўнасць яшчэ аднаго пахавання паўстанцаў на Лідчыне.

Гісторыя вярнула нам падзею, будзем спадзявацца, што верне і імёны.