21 октября 2018, воскресенье, 18:48
Нам нужна ваша помощь
Рубрики

Як Радзівілы сталі некаранаванымі валадарамі ВКЛ

Міфы і праўда пра самую неверагодную гісторыю кахання беларускага сярэднявечча.

Напэўна, усе, хто хоць раз быў у Нясвіжы, ведаюць легенду пра Чорную панну — дух прыгажуні Барбары Радзівіл, якую моцна кахаў і таму зрабіў сваёй жонкай насуперак усім тагачасны кароль Жыгімонт Аўгуст, піша onliner.by.

Згодна з легендай, Барбару атруціла маці Жыгімонта каралева Бона. Аднак ці сапраўды Бона мела дачыненне да смерці нявесткі, ці мела Барбара дачыненне да Нясвіжа і ці настолькі быў высакародным Жыгімонт?

«З пункту гледжання нават тых стандартаў, Барбару было цяжка назваць абсалютнай прыгажуняй, было нешта іншае»

— Барбара Радзівіл, па агульнапрынятай версіі, нарадзілася ў снежні 1520 года (ёсць дадзеныя, што яна нарадзілася крыху пазней, у 1523 годзе) хутчэй за ўсё ў Вільні, — расказвае Андрэй Блінец. — Бацька яе быў гетман Юры Радзівіл, больш вядомы па сваіх мянушках Геркулес Літоўскі альбо Віктор (пераможца) — ён быў выдатны военачальнік. Удзельнічаў у больш чым 30 бітвах з маскавітамі, крымскімі татарамі — атрымаў цэлы шэраг перамог. Сярод самых вядомых бітваў з яго ўдзелам была Аршанская бітва 1514 года. Тады Юры Радзівіл камандаваў кавалерыяй ВКЛ.

Юры Радзівіл — адзін з самых уплывовых людзей у ВКЛ пачатку XVI стагоддзя
Маці Барбары Радзівіл

У яе былі родны брат Мікалай Радзівіл Руды і сястра Ганна, а таксама стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны.

Браты Барбары — Мікалай Радзівіл Руды (злева) і Мікалай Радзівіл Чорны
Фота: wikipedia.org

У час нараджэння Барбары Радзівіл і нават трошкі пазней яе бацька Юры Геркулес быў адным з найбольш уплывовых людзей у ВКЛ. На той момант у ВКЛ і Польскага каралеўства была персанальная унія — дзвюма дзяржавамі кіраваў адзіны кароль Жыгімонт Стары. Аднак Жыгімонт большасць часу праводзіў у Кракаве. Літвой жа кіраваў трыумвірат, у які ўваходзілі Юры Радзівіл, яго пляменнік Ян Радзівіл і Альбрэхт Гаштольд. Яны фактычна вырашалі ўсе важнейшыя справы ў жыцці Вялікага Княства Літоўскага.

— Кажуць, Барбара Радзівіл была знатнай прыгажуняй, ледзь не найпрыгажэйшай дзяўчынай у ВКЛ. Гэта праўда?

— Дзякуючы антрапалагічным даследаванням мы можам сказаць, што рост Барбары быў 160 сантыметраў, яна мела твар алебастравага колеру (белы з жаўтаватым адценнем) і светлыя валасы. Некаторыя аўтары пішуць, што вочы ў яе былі колеру піва, праўда, не зусім ясна, цёмнага ці светлага, а таксама — роўныя і белыя зубы, што немалаважна па тых часах. Антраполаг, што рабіў рэстаўрацыю яе твару па чэрапе, адзначае, што нос у яе быў не ідэальны, а з гарбінкай.

Гэты партрэт Барбары Радзівіл вісеў на самым пачэсным месцы Нясвіжскага замку — у сенцах. Радзівілы вельмі ганарыліся першай і адзінай каралевай у іх родзе

Гэты партрэт Барбары Радзівіл вісеў на самым пачэсным месцы Нясвіжскага замку — у сенцах. Радзівілы вельмі ганарыліся першай і адзінай каралевай у іх родзе.

З пункту гледжання тых стандартаў, яе было цяжка назваць абсалютнай прыгажуняй. Было, напэўна, штосьці іншае. У яе была нейкая асабістая прываблівасць, уменне схіліць да сябе свайго партнёра — харызма, як зараз кажуць.

Барбара вельмі сачыла за сабой. Яна часта мылася, што было не зусім прынята ў той час. Цікавы такі факт: калі Барбара стала каралевай, Жыгімонт Аўгуст пісаў ёй, каб не моцна захаплялася ваннай, бо гэта можа пашкодзіць здароўю.

Барбара Радзівіл шмат увагі надавала касметыцы. Нават калі яна была цяжка хворай, дажывала апошнія дні і ўсе пра гэта ведалі, яна рабіла сабе, як бы цяпер сказалі, макіяж. Прыдворныя яшчэ пісалі, што жыве апошнія дні, а чырвань на твар кладзе, хоча ўсім спадабацца.

Барбара Радзівіл. Аўтар партрэта — Лукас Кранах
Фота: wikimedia.org

Барбара была вялікай модніцай, яна сачыла за сабой і вельмі любіла каштоўнасці. У яе было вельмі шмат жэмчугу. На момант свайго першага шлюбу яна мела прынамсі 10 нітак, якімі ўпрыгожвала сваю шыю. А таксама вельмі любіла залатыя пярсцёнкі. Натуральна, яна любіла свецкае жыццё, танцы, паляванне. Так-так, не здзіўляйцеся, гэта не надта дзіўна, бо паляваннем на той час займаліся ўсе.

— Ці мела яна нейкую адукацыю?

— Адукацыя ў яе была хатняя і, думаю, не вызначалася нейкай глыбінёй. Так, яна ўмела чытаць і пісаць, яна ведала польскую мову, бясспрэчна, бо захаваліся яе лісты да караля. Яна хутчэй за ўсё ведала русінскую ці старабеларускую мову, пра лацінскую мову сказаць цяжка, але не ведаць лацінскую ў той час было маветонам, бо была звычка ўжываць лацінскія выразы ў перапісцы і афіцыйных дакументах.

Барбара Радзівіл. Мастак Тэадор ван Тулдэн, XVII ст.
Фота: wikipedia.org

Яна займалася музыкай, магчыма, яна ведала нейкія пачаткі гісторыі і геаграфіі, але гэтыя веды былі неглыбокія. Іх было дастаткова для дзяўчынкі-шляхцянкі, якая не збіралася рабіць кар'еру і займаць дзяржаўны трон ці вырашаць важныя справы.

Наконт характару Барбары сказаць цяжка, бо яе характар мы ведаем толькі з пазнейшых памфлетаў, якія выстаўлялі яе ў вельмі непрывабным святле.

— Да таго, як у Барбары быў раман з Жыгімонтам, яна ўжо была замужам. Хто быў яе мужам?

— Першы раз яна выйшла замуж у 1537 годзе. Ёй было, па рознай інфармацыі, ці то 14, ці то 17. Падкрэслю, што па тых мерках гэта была абсалютна нармальная з'ява, у 14—16 гадоў дзяўчына была нявестай. Мужам Барбары стаў Станіслаў Гаштольд, сын таго самага Альбрэхта Гаштольда, які ў трыумвіраце з яе бацькам кіраваў ВКЛ. Станіслаў быў старэйшы за Барбару мінімум на 13 гадоў. Такая розніца ва ўзросце тады нікога не здзіўляла.

Пра нейкае каханне паміж Барбарай і яе мужам гаворкі не было. Усё вырашалі выключна меркантыльна-прагматычныя мэты. Трэба ўмацаваць саюз з Гаштольдамі — Барбара ідзе ў дом Гаштольдаў. Шлюб адбыўся ў Геранёнах, дзе Барбара і жыла.

А вось так Барбару Радзівіл іграла польская актрыса Ганна Дымна ў серыяле «Каралева Бона».

«Па адукацыі і набору ведаў Бона стаяла значна вышэй, чым яе будучая нявестка»

— Бона Сфорца нарадзілася ў 1494 годзе ў Мілане ў сям'і герцага Джана Галеацо. Цікавы факт — у імені Боны спалучыліся два эпітэты. Бона — гэта была мянушка яе бабулі, што азначае «мяккі», а Сфорца, калі не памыляюся, мянушка прадзеда і азначала «жорсткі». Гэтыя дзве часткі яе імені працавалі ў жыцці. З кім трэба, яна была мяккай, а калі хтосьці станавіўся на яе шляху, спрацоўвала другая частка яе імені. Яна рабілася «сфорца». Бацьку яна не бачыла: той памер, калі Боне было 8 месяцаў. Выхаваннем дзяўчынкі займаліся маці і бабуля.

— Бона была па тым часе досыць адукаванай жанчынай, ці не так?

— Так, у адрозненне ад Барбары Радзівіл. Узгадаем, што ў той час Мілан і ўся паўночная Італія былі цэнтрам Адраджэння. Пры двары герцага працаваў Леанарда да Вінчы. Магчыма, Бона, яшчэ будучы дзяўчынай, бачыла, як ён стварае сваю знакамітую «Тайную вячэру». Бона ведала італьянскую мову, латынь, пазней, калі жыла ў ВКЛ і Польшчы, вывучыла польскую і старабеларускую. Яна вывучала геаграфію, правазнаўства, тэалогію, гісторыю, музыку, танцы, спевы. Адным словам, па набору ведаў яна стаяла значна вышэй, чым яе будучая нявестка.

— Якім чынам міланскую герцагіню занесла на прасторы ВКЛ?

— Праз шлюб. Ён быў выкліканы выключна прагматычнымі матывамі. У 51-гадовага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I памерла першая жонка. Манарху нельга было заставацца без жонкі, тым больш што ад першага шлюбу былі дочкі і не было сына — спадкаемца. А гэта для караля ў той час было вельмі важна. На кандыдатуры Боны настойвалі прыхільнікі Габсбургаў, а з імі Жыгімонту I было важна сябраваць. Міланская герцагіня выходзіла замуж досыць позна, у 24 гады, розніца паміж мужам і жонкай складала 27 гадоў. У 1518 годзе Бона прыехала ў Польшчу са сваёй світай.

— Ці праўда, што яна фактычна стала кіраваць дзяржавай, а не яе муж Жыгімонт І?

— Так. Бона праявіла сябе найперш як вельмі таленавітая і практычная гаспадыня. Яна канцэнтравала ў сябе ў руках вялікія зямельныя ўладанні — Клецкае княства, Кобрын, Пінск, Рагачоў, Азерашчанская воласць пад Віцебскам, Гарадзенская пушча, уладанні на Падляшшы. Гэта ўсё была ўласнасць вялікай княгіні і каралевы. Прычым кіравала яна вельмі разумна і вельмі дбайна: праводзіла там рэформы, пракопвала каналы, адкрывала корчмы, рэфарміравала падаткі і павіннасці і абмярала зямлю. Усё з адной мэтай — павялічыць прыбыткі каралеўскага скарбу.

Аднак маляваць Бону толькі белай фарбай мы не можам. Яна дбала перш за ўсё за сваё ўласнае абагачэнне. Калі яна спрыяла вяртанню земляў у каралеўскі скарб, то яна думала не пра будучыню дзяржавы, а пра сябе як пра каралеву. Больш за тое, яна прымала пры сваім двары людзей з вельмі сумнеўнай рэпутацыяй, модна проста сказаць — жулікаў і махляроў. Таксама спрыяла карупцыі, а з гадамі яна стала вельмі нервовай і істэрычнай. Прычым прыпадкі і істэрыкі адбываліся вельмі своеасабліва: яна падала на падлогу, каталася па тых дыванах, магла ірваць на сабе валасы, разрываць сабе вопратку, драпаць твар, крычаць і плакаць.

«Жыгімонт рос хатнім хлопчыкам, аднак у 9 гадоў быў каранаваны»

— Бона нарадзіла такі Жыгімонту спадкаемца Жыгімонта ІІ Аўгуста. Што ён быў за чалавек?

— Жыгімонт быў другім дзіцёнкам Боны, ён нарадзіўся ў 1520 годзе. Аўгуст быў доўгачаканым дзіцём. Маці яго вельмі любіла і ўзяла над ім вельмі шчыльную апеку, бацька фактычна меў мала ўплыву на сына. Бона імкнулася даць Аўгусту вельмі добрую адукацыю, але, з іншага боку, прыдворныя наракалі, што каралевіч больш схільны да навук кніжных, а не да рыцарскіх. Ён рос, як бы зараз сказалі, у такіх цяплічных умовах.

— Мамкіным сынком?

— Так, такім хатнім хлопчыкам, яго атачала матчына апека, матчына любоў і клопат. Бона імкнулася ўсімі сіламі аберагчы яго ад нейкіх непрыемнасцяў. У 1538 годзе Жыгімонт І Стары вырашыў адправіць сына на вайну з туркамі. Вядома, у суправаджэнні світы, пад кантролем кароннага гетмана, пагрозы для жыцця не было ніякай. Жыгімонт Аўгуст выправіўся ў той паход і пачаў адтуль пісаць маці скаргі, што цяжка, холадна, голадна і ўсё такое. Бона закаціла вялікі скандал і дамаглася таго, што сына вярнулі з паходу.

Яшчэ адзін важны момант. Пасада караля і вялікага князя і ў Польшчы, і ў ВКЛ была выбарнай. Бона, як разумная жанчына, вельмі рана задумалася, а які ж лёс чакае яе сына. Яна дамаглася нечуванай рэчы — згоды на каранацыю Жыгімонта, калі таму толькі споўнілася 9 гадоў і ягоны бацька быў яшчэ жывы. Жыгімонт ІІ Аўгуст быў каранаваны са згоды магнатаў і шляхты ВКЛ. Трошкі пазней яго прызналі сваім каралём і палякі. Аднак сам Жыгімонт Аўгуст абсалютна не цікавіўся дзяржаўнымі справамі. Як бы зараз сказалі, ад слова «зусім».

Яго вельмі цікавілі такія юначыя прыгоды, як паляванне, дзяўчыны, флірт, танцы і нічога, што б нагадвала пра дзяржаўны клопат.

Іншаземцы ўвогуле здзіўляліся, калі ж малады манарх клапоціцца пра сваіх падданых, калі ён толькі балюе і палюе. Калі не памыляюся, у 1546 годзе Жыгімонт Аўгуст правёў на паляванні 223 дні.

— Кажуць, што Бона атруціла і першую сваю нявестку. Ці гэта міф?

— Першы шлюб быў прадыктаваны палітычнымі матывамі. Умоўнай абранніцай (бо пра выбар самога Жыгімонта Аўгуста гаворка не ішла) стала Эльжбэта Габсбург, ці Аўстрыйская, — дачка караля Чэхіі і Венгрыі Фердынанда. Прычым пра тое, што яна будзе жонкай Жыгімонта, стала вядома, калі дзяўчынцы споўнілася толькі 4 гады — ужо тады была дамоўленасць на іх шлюб. У 16 гадоў Эльжбэта пераехала ў Кракаў, і там адбылася шлюбная цырымонія.

Так, Бона Сфорца паставілася да Эльжбэты вельмі і вельмі непрыхільна. Аднак тут трэба адрозніваць два моманты — асабісты і палітычны. Што тычыцца асабістага моманту. Пастаўце сябе на месца Боны. Яна была паўнапраўнай гаспадыняй на Вавелі (каралеўскім палацы), і раптам з'яўляецца новая каралева. Яе пачынаюць называць маладой, Бону, адпаведна, пачынаюць называць старой. Каму гэта прыемна? І потым усе прыдворныя разумелі, што Бона — гэта дзень учорашні, а Эльжбэта — гэта дзень заўтрашні. Гэта таксама вельмі нервавала Бону Сфорца.

Што тычыцца палітычнага моманту. Першая дачка Боны Ізабэла была аддадзена замуж за Яна Запальяі — венгерскага магната, які ў свой час ваяваў з Фердынандам за венгерскі трон. Ізабэла нарадзіла спадкаемца, але прэтэнзіі Фердынанда на карону не зніклі. Парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку ты павінна прымаць нявестку, а з другога яе бацька імкнецца пазбавіць твайго ўнука ўладанняў.

Бона пастаралася зрабіць усё, каб стварыць невыносныя ўмовы жыцця для Эльжбэты. Яна забараніла нявестцы мець уласны двор, сваю кухню, забараніла ўсім сваім астатнім дочкам размаўляць з новай каралевай. Больш за тое, яна пачала адважваць Жыгімонта ад жонкі. А тая да ўсяго хварэла на эпілепсію... Таму Жыгімонт займаўся чым заўгодна, не звяртаючы ўвагі на жонку. Тая проста марнела ў тым Кракаўскім каралеўскім палацы. Труціла Бона Эльжбэту ці не? Дакладна невядома. Але нават тое, што яна зрабіла, для Эльжбэты было дастаткова.

«У самы пікантны момант у пакой з аголенымі шаблямі ўвайшлі два Мікалаі і паставілі каралю ўльтыматум: парушыў слова — жаніся»

— Як распачаўся раман Барбары і караля?

— Барбара ўжо аўдавела, яе муж Станіслаў Гаштольд памёр. Хоць Барбара і Станіслаў пражылі разам пяць гадоў, але дзяцей не мелі — і ўвесь род Гаштольдаў на гэтым згас.

Жыгімонт на той момант жыў у палацы ў Вільні. Менавіта туды яго адправіла Бона, далей ад Эльжбэты. Недалёка ад яго жыла Барбара Радзівіл. Кароль перыядычна пачаў заглядваць да яе. Аднойчы Жыгімонт выправіўся ў Геранёны з тым, каб прыняць уладанні Гаштольдаў у дзяржаўную маёмасць, паколькі род Гаштольдаў спыніўся. Ён паехаў нібыта туды, але тут якраз пачалася чарговая эпідэмія. Пад выглядам таго, што трэба хавацца ад эпідэміі, некалькі тыдняў ён гасцяваў у Барбары. Так і закруціўся іх раман. Што цікава, пакуль ягоная першая жонка пакутавала ў Кракаве, Жыгімонт без аніякіх комплексаў круціў раман з іншай.

— Ёсць шмат інфармацыі, што Барбара была распуснай жанчынай. Наколькі гэта праўда?

— Ужо на той момант Барбара мела не вельмі добрую рэпутацыю. Ёй прыпісвалі 36 ці 38 каханкаў, з якімі яна сустракалася ці то да Жыгімонта, ці то адначасова. Потым з'яўляліся розныя памфлеты, у якіх пісалі, што кожны ці то конюх, ці то мніх, ці то рыцар, ці то шляхціч у яе нават міжволі аддаваўся распусце. Маўляў, хочаш не хочаш, а Барбара цябе ўсё роўна спакусіць.

Вось гэты чорны вобраз Барбары запаланіў амаль што ўсё. Аднак з'явілася даследаванне літоўскай аўтаркі Раймонды Рагаускене, якая прааналізавала ледзьве не ўвесь комплекс крыніц, звязаных з Барбарай Радзівіл. Яна піша, што рэальнае аблічча Барбары абсалютна не супадае з той чорнай легендай. Барбара была жанчынай, якая проста хацела кахаць. Яна не была ні палітыкам, ні гаспадарнікам, ні ваяркай, яна проста хацела свайго жаночага шчасця. І не было ў яе ніякіх каханкаў і ніякай той распусты, што прыпісвалі ёй у памфлетах. З Жыгімонтам Аўгустам у яе быў звычайны раман.

Яны жылі ў Геранёнах, пасля пачалі сустракацца ў Вільні. Жыгімонт нават загадаў збудаваць асобны калідор, па якому мог хадзіць у яе палац.

Тут зноў-такі гісторыя абрастае легендамі і міфамі. Па белай легендзе, закаханыя сустракаліся толькі ў прысутнасці маці Барбары. Маўляў, Жыгімонт мог толькі дазволіць сабе ўзяць рукі каханай у свае далоні, пяшчотна глядзець на яе і казаць чароўныя словы. Па чорнай легендзе, маці Барбары Радзівіл была не супраць і каб далей што пайшло. Маўляў, каралевіч твой, бяры яго. Ледзьве не сама давала Жыгімонту чароўныя прываротныя напоі і падвучвала дачку, як сябе паводзіць з мужчынамі. Хадзілі нават чуткі, што Барбара па замове маці труціла тую ж самую Эльжбэту.

— Якім чынам Барбара і Жыгімонт абвянчаліся? Гэта было прыгожа і рамантычна, як у шэкспіраўскіх Рамэа і Джульеты?

— Не зусім так. Калі Эльжбэта памерла (у 1544 годзе, калі ёй было 19 гадоў), Жыгімонт робіцца вольным і ягоны раман з Барбарай выходзіць на новы ўзровень. У гульню ўступаюць больш важныя ігракі — Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Па самай распаўсюджанай версіі, яны спачатку спрабавалі каралевіча прысарамаціць. Маўляў, ты ходзіш да нашай сястры, гэта вялікая ганьба для нашага роду, перастаньце сустракацца.

Нібыта Жыгімонт Аўгуст ім паабяцаў, што сустрэч больш не будзе ніколі. Натуральна, абяцанне гэтае ён парушыў. Прыйшоў да Барбары, і ў самы пікантны момант у пакой з аголенымі шаблямі ўвайшлі два Мікалаі. Яны паставілі каралю ўльтыматум: парушыў слова — жаніся. Проста «выпадкова» аказаўся ксёндз за дзвярыма, які тут жа правёў неабходны абрад, і адбылася патаемная цырымонія вянчання. То бок не агалошваючы дэталяў, Барбара і Жыгімонт сталі мужам і жонкай.

Чым кіраваліся Радзівілы, калі адкінуць вось гэты рамантычны кампанент? Я думаю, яны зусім не думалі пра ганьбу рода, а больш за ўсё дбалі пра свае ўласныя інтарэсы. Я думаю, яны нават падштурхоўвалі каралевіча і Барбару адзін да аднаго.

«Жыгімонт пасяліў Барбару не куды-небудзь, а ў пакой сваёй маці — як знак таго, што ўсё, яе час прайшоў»

— Усё адбылося не так рамантычна, як падавалася ў легендах. Што на гэта сказалі Бона і Жыгімонт?

— Калі пра гэта дазналіся бацькі, то рэакцыя была, мякка кажучы, не вельмі станоўчая. Жыгімонт Стары выказаўся ў тым духу, што такога быць не павінна. Ён нават пісаў да паноў Рады ВКЛ, каб яны не прызнавалі Барбару, і настойваў на тым, каб шлюб быў скасаваны.

Бона Сфорца таксама вельмі дрэнна паставілася да новай нявесткі. Звычайна гавораць, што Бона баялася ўмацавання Радзівілаў, якія забіралі ўсё больш і больш улады, а каралева імкнулася абмежаваць магнацкую магутнасць. Але тут спрацоўвалі іншыя фактары. Першы — Барбара пяць гадоў была замужам за Гаштольдам і не мела дзяцей. Гэта ўжо прымушала задумацца. Калі каралева не можа нарадзіць спадкаемца — то навошта такая каралева патрэбна. Другая прычына. Бона зыходзіла з дзяржаўных меркаванняў. Яна сватала Жыгімонту Ганну — дачку прускага герцага. Яна была адзінай дачкой, і пасля смерці яе бацькі Прусія павінна была перайсці ў рукі да Жыгімонта. Але сыну Боны да дзяржаўных думак не было справы.

Магчыма, тут адыграў ролю яшчэ той фактар, што на момант раману з Барбарай прыпадае разрыў Жыгімонта і яго маці. Ён нарэшце зразумеў, што яму патрэбна было выйсці з-пад яе апекі. Ён разважаў, маўляў, хто я такі, кароль без двара, князь без княства. Палацу няма, зямлі няма, каранаваны, але бацька і маці ўсім кіруюць. Таму ў 1548 годзе, пасля смерці бацькі, Жыгімонт Аўгуст прадстаўляе Барбару ў якасці сваёй жонкі.

Спачатку ў Вільні, а потым у Кракаве. Польскія магнаты выступаюць супраць, і тут пачынаецца працяглая барацьба за тое, каб змяніць грамадскае меркаванне. Гэтым займаліся Радзівілы. Мікалай Радзівіл Чорны здабыў для сябе і князя Мікалая Радзівіла Рудага тытул «князь Свяшчэннай Рымскай імперыі». Гэта быў высокі тытул, які ўводзіў Радзівілаў у кола вышэйшай арыстакратыі Еўропы (яны атрымалі такі тытул аднымі з першых магнатаў у ВКЛ). Такім чынам, шлюб паміж Жыгімонтам і Барбарай іх ураўняў.

Увесь гэты час Жыгімонт моцна хваляваўся за жыццё Барбары. Чуткі пра чараўнікоў, пра спробы атручвання стваралі дадатковую нервозную атмасферу. Барбара нервавалася і нарадзіла дзіця да належнага тэрміну. Дзіця не выжыла — і вось гэты выкідыш, вядома, не паспрыяў яе здароўю і самаадчуванню.

— Галоўнае пытанне: ці труціла Бона сваю другую нявестку, як гэта апісана ў мастацкай літаратуры?

— Паступова грамадскае меркаванне пачало хіліцца да Барбары. У рэшце рэшт яна прыязджае ў Кракаў. У той жа момант Бона Сфорца дэманстратыўна з'ехала адтуль. Жыгімонт жа селіць сваю жонку не куды-небудзь, а ў пакой сваёй маці — як знак таго, што ўсё, яе час прайшоў.

У снежні 1550 года адбываецца кульмінацыя ўсёй гэтай гісторыі. 7 снежня ў Кракаве Барбару карануюць як польскую каралеву. Яна стала адзінай з роду Радзівілаў, якая мела карону польскай каралевы. Але на момант каранацыі Барбара была цяжка хворая. Так, самая распаўсюджаная версія яе хваробы — атручэнне. Нейкую чараўніцу па падазрэнні ў гэтым нават спалілі на вогнішчы ў Брэсце. Праз стагоддзі з'явіўся міф, што гэта магла зрабіць каралева Бона.

Але, як паказваюць сучасныя даследаванні, хутчэй за ўсё, яе хвароба была вынікам празмернага ўжывання лекаў. Барбара вельмі хацела дзяцей і зацяжарыць. Яна прымала самыя разнастайныя лекі, не заўжды ў той колькасці, у якой было патрэбна. Як піша Раймонда Рагаускене, у яе развілася анкалагічная хвароба, магчыма рак яечнікаў, якая дапаўнялася шэрагам іншых жаночых хвароб, кшталту пазаматачнай цяжарнасці.

Стан яе быў цяжкі — яе цела пакрывалася нарывамі гнойнымі, у яе была ўвесь час высокая тэмпература, ацяклі ногі — яна амаль не магла стаяць. Калі ўжо прызнанай каралевай яна вярталася ў свой пакой, то сказала: «Да іншай кароны пан Бог мяне воліць». Барбара адчувала, што жыць ёй застаецца не так шмат.

У гэты час Бона змяніла сваё стаўленне да нявесткі, чым больш абвастралася хвароба Барбары, тым больш лагаднела Сфорца. 30 сакавіка 1551 года да Барбары прыязджае пасланец ад каралевы Боны, які заяўляе, што каралева прымірылася са сваёй нявесткай, жадае ёй здароўя і жадае жыць з ёй у міры і сяброўстве як маці з дачкой. Як адрэагавала Барбара на тыя словы, невядома.

«Барбара не мела ніякага дачынення да Нясвіжу, гэта міф з ХХ стагоддзя»

— Як паводзіў сябе кароль? Наколькі вядома, ён так кахаў Барбару, што не адыходзіў ад яе ні на хвіліну.

— Так. Увесь гэты час Жыгімонт праводзіў каля ложка каханай. На мой погляд, гэта робіць гонар яму як чалавеку, але не робіць гонар яму як каралю. Таму што ўсё ж такі як кароль ён мусіў дбаць пра дзяржаву, а так усе гэтыя месяцы ён абсалютна ніяк не займаўся дзяржаўнымі справамі.

8 мая 1551 года Барбара памірае. Фармальна яна была каралевай Польшчы менш за паўгода. Тут наступае заключны акт гэтай усёй гісторыі. Радзівілы хацелі, каб Барбару пахавалі на Вавелі, дзе былі пахаваны ўсе польскія каралі. Гэта было прэстыжна для іх роду. Жыгімонт вырашыў выканаць яе апошнюю волю. Яна не любіла Кракаў і прасіла пахаваць яе ў Вільні. Жалобны картэж, запрэжаны чорнымі коньмі, вёз труну Барбары з Кракава да Вільні. Кароль едзе за катафалкам і ў кожнай вёсцы, у кожным горадзе ён злазіць з каня і ідзе пешкі за труной. Цэлы месяц цела дастаўляюць да Вільні, дзе ў рэшце рэшт хаваюць у сутарэннях кафедральнага сабору.

На гэтым, уласна кажучы, гісторыя канчаецца, і пачынаецца легенда пра чараўніка Твардоўскага, які нібыта выклікаў дух Барбары з дапамогай люстэркаў. Жыгімонту забаронена было дакранацца да прывіда і нават размаўляць з ім. Аднак кароль не вытрымаў, стаў крычаць: «Бася, Бася» — і падбег да прывіда. Люстэрка лопнула, пакой напоўніўся едкім дымам, а дух Барбары нібыта з таго часу не можа вярнуцца ў царства мёртвых, а блукае сярод царства жывых.

— Блукае ў Нясвіжскім палацы, так?

— Тое, што Барбару звязваюць з Нясвіжам — абсалютна не слушна. Яна тут ніколі не была. Нясвіжскага замка на той момант не існавала. Яго пачалі будаваць толькі ў 1583 годзе, праз больш чым 30 гадоў пасля смерці Барбары. Я не ведаю, адкуль карані ў гэтага міфа. Хутчэй за ўсё, гэта вынік міфатворчасці ХХ стагоддзя. Адзіны замак на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з якім яна звязаная, — гэта замак у Геранёнах. Там быў яе першы шлюб, там прайшлі гады жыцця і развіваўся раман з Жыгімонтам.

— Як склаўся лёс Жыгімонта пасля смерці Барбары?

— Жыгімонт кахаў Барбару шчыра і па-сапраўднаму. На адным з соймаў ён нават пагражаў, што хутчэй адмовіцца ад кароны. У гэтым плане яго цяжка ў нечым вінаваціць. Але любы боль з часам прыглушаецца. І ўжо ў 1553 годзе ён узяў трэці шлюб. Ягонай трэцяй жонкай стала родная сястра першай — Кацярына Габсбург. Шлюб быў прадыктаваны выключна палітычнымі матывамі. Жыгімонта, дарэчы, на цырымоніі не было, яго прадстаўляў давераны — стрыечны брат Барбары Мікалай Радзівіл Чорны.

Аднак з трэцяй жонкай Жыгімонт жыў досыць кепска. Ніякай сімпатыі да Кацярыны ён не праяўляў, зацяжараць яна не магла. Тут, магчыма, прычына была ў Жыгімонце. Кароль займаўся сваімі забавамі і ўвесь час быў у атачэнні нейкіх дзяўчат. Ён нават скардзіўся, што з-за гэтых «анёлкаў» ён не можа займацца дзяржаўнымі справамі. Маўляў, няма часу. У рэшце рэшт Кацярына пакінула свайго мужа і вярнулася ў Вену, але афіцыйна Жыгімонт не даў ёй згоды на развод. Таму ў сямейным жыцці ён шчасця так і не знайшоў.

— У палітычным плане я б назваў гэты час — часам страчаных магчымасцяў для ВКЛ. З аднаго боку, гэта быў час спакою, таму што ВКЛ скончыла Старадубскую вайну (у 1537 годзе), да Лівонскай вайны справа яшчэ не дайшла, хвалі Рэфармацыі да нас пакуль што не дакаціліся, нейкіх істотных падзей не адбывалася — ні магнацкіх рухаў, ні сялянскіх хваляванняў. Мы атрымалі некалькі дзесяцігоддзяў міра, калі можна было будаваць знешнюю палітыку, умацоўваць абароназдольнасць, але нічога гэтага не было зроблена. Абсалютна нічога. Аднак гэты час быў змарнаваны. Жыгімонт Стары быў ужо ў гадах, Жыгімонту Аўгусту не да дзяржавы. Для яго гэта быў час забаў, час баляванняў і час кахання.

Словы Боны пра тое, што шлюб з Барбарай стане пачаткам заняпаду дзяржавы, спраўдзіліся ў нейкай ступені. Літаральна праз некалькі год пасля смерці Барбары пачынаецца ўварванне маскоўскіх войскаў у Лівонію, у гэтую вайну ўмешваецца ВКЛ, маскавіты захапілі Полацк, перамовы пра унію з Польшчай. Потым быў 1569 год, калі аб'ядноўваюцца дзве дзяржавы. Тады Жыгімонт, абсалютна не думаючы, аддае палякам Кіеўшчыну, Валынь, Падляшша — і ВКЛ губляе большасць сваіх тэрыторый літаральна за адзін дзень. Потым Жыгімонт памірае, не пакінуўшы нашчадкаў, і краіна ўступае ў паласу дынастычнага крызісу. З таго часу пачынаецца магнацкае сваволле, рэгулярнае бескаралеўе, войны з Масковіяй і страта міжнароднага аўтарытэта. Гэтая агонія расцягнулася на стагоддзі.