19 апреля 2024, пятница, 22:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Магілеве адкрылася выстава да стагоддзя БНР

У Магілеве адкрылася выстава да стагоддзя БНР
Фота: budzma.by

У Магілеве прэзентавалі мастацкую выставу «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці».

23 кастрычніка ў Магілёве прэзентавалі мастацкую выставу «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці». У экспазіцыю ўвайшлі 23 працы: графіка, фота і жывапіс. Пабачыць іх можна ў грамадскім цэнтры «Кола» на завулку Чкалава, 16, паведамляе budzma.by.

Мастацкія працы прыехалі ў Магілёў з Мінска: раней яны ўваходзілі ў склад выставы «Код: 25.03.18», якая ладзілася Беларускім саюзам мастакоў у Палацы мастацтваў увесну 2018 года.

Першапачаткова выставу «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці» планавалася экспанаваць у адным з гарадскіх музеяў, дзе звычайна праходзяць усе выставы. Магілёўскі арганізатар, мастак Базыль Камароў кажа:

— Гэтая выстава мусіла адкрыцца ў Магілёве ўжо даўно, але паўстала бюракратычнае пытанне. Я пачаў тыкацца па музеях і ўстановах, каб дамовіцца аб месцы правядзення, але ніхто не захацеў браць гэтую выставу. Людзі перасцерагаліся. Адказныя чыноўнікі цягнулі час, каб узгадніць пытанне аб правядзенні выставы ў Магілёве. А мы не маглі больш чакаць, бо карціны хутка павінныя ехаць у Гомель і Берасце. Так мы знайшлі дапамогу ў грамадскага цэнтра «Кола» і праводзім выставу тут.

Выстава «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці» знаёміць з творчасцю мастакоў суполкі «Пагоня». Гэтае мастацкае аб’яданнне паўстала пры Беларускім саюзе мастакоў у пачатку 1990-х, у яго ўваходзяць рэалісты сталага веку. На выставе прадстаўленыя працы Міколы Рыжага, Віктара Маркаўца, Віктара Мікіта, Людмілы Зарубінай, Мікалая Крукава і Міколы Купавы. Усе працы яднае тэма патрыятызму, беларускасці. Як зазначыў гісторык Алесь Агееў, выстава «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці» распавядае пра Беларусь і асобу ў Беларусі:

— Святкаванне 100-годзя заснавання БНР паказала, як мала вы ведаем пра сваю краіну, пра сваю дзяржаву. Праз карціны і постары, прадстаўленыя на выставе, мы можам пазнаёміцца з патрыётамі Беларусі, якія пакінулі нам духоўную і матэрыяльную спадчыну. Нядзіўна, што на прэзентацыі выставы сабраліся сённяшнія магілёўскія патрыёты.

Выстава знаёміць з асобамі, якія былі рухавікамі адраджэння. На постарах — партрэты галоўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху: Ларысы Геніюш, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка і іншых — а на карцінах наўпрост ці ўскосна ўздымаецца тэма барацьбы за незалежнасць. Напрыклад, карціна Віктара Маркаўца «Памятны камень на шляху Язэпа Драздовіча» выяўляе пейзаж, цэнтральнае месца ў якім займае прыдарожны валун з выявай Пагоні. А на карціне Мікалая Крукава наўпрост выяўлены партрэт генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Выстава «100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці» прабудзе ў грамадскім цэнтры «Кола» да 26 кастрычніка. Дагэтуль яе паспелі пабачыць наведнікі ўсіх актыўнасцяў і мерапрыемстваў, якія праходзяць на «Кола»: студэнты курсаў «Мова нанова», удзельнікі майстар-класаў па спевах і іншыя.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях