18 ноября 2018, воскресенье, 12:05
Поддержите сайт «Хартия-97»
Рубрики

Як айцішнікі і інжынэры адраджаюць скокі сваіх дзядоў і бабуль

У суботу ў Горадні пройдзе Міжнародная ноч традыцыйных танцаў.

Як і чаму сучаснае пакаленьне вяртаецца да танцаў, якія бытавалі сто гадоў таму; хто цяпер мае весьці ў пары і ці здраджвае муж, калі танцуе з чужой дзеўкай, горадзенскія танцоры расказалі Свабодзе.

Традыцыйныя — замест «савецкіх» народных

Традыцыйныя танцы — тыя, што танцавалі ў вёсках і мястэчках пасьля дня працы або на сьвятах. Цяпер іх спрабуюць пераймаць гарадзкія жыхары. Такая назва зьявілася нядаўна, каб аддзяліць традыцыйныя танцы ад тых, што назваліся народнымі на савецкай сцэне.

Традыцыйныя танцы захаваліся ў памяці старэйшага пакаленьня, народнымі ў савецкі час называліся інтэрпрэтаваныя для сцэны. Першыя маюць простыя, дробныя крокі і рухі, якія ашчаджаюць сілы і ў якія здольны ўключыцца чалавек у перапынку паміж фізычнай працай, каб адпачыць ды павесяліцца. Другія — з высокімі падскокамі ды шырокімі рухамі — відовішчна глядзяцца на сцэне.

Летась прыехалі паўтары сотні танцораў

Ноч традыцыйных танцаў зьбірае прыхільнікаў традыцыйнай культуры ў Горадні другі раз. Летась каля паўтары сотні чалавек прыехалі з 5 краінаў, каб патаптаць горадзенскі танцпол.

Як і сто гадоў таму, музыкі сядаюць на ўяўнай прызьбе і граюць на гармоніку, скрыпцы, дудзе, цымбалах. У іхным рэпэртуары як вядомыя шырокаму колу полькі, вальсы, факстроты, абэркі, мазуркі, так і прызабытыя сёньня фігурныя танцы: кракавяк, падэспань, «Лысы», «Месяц», «Верабейка», «На рэчаньку», «Якаў», «Млын».

Тыя, хто ведае танец, падхопліваецца на танцпол. Хто ня ведае, назірае і вучыцца збоку. Асаблівасьць традыцыйных танцаў у тым, што рухі нескладаныя, увесь час паўтараюцца. Многія танцуюцца ў коле, дзе кожны можа падглядзець у іншых, калі забыўся якісьці паварот ці падскок.

У традыцыйных танцах пажадана, каб дзяўчына была ў спадніцы, а хлопец — у портках, іншых патрабаваньняў няма. Аднак часам аматары могуць шыць і адзяваць на танцы цэлыя строі з вышыванымі кашулямі, дзе жанчына будзе ў забытых сёньня андараку (доўгая спадніца з воўны) і намітцы (галаўны палатняны ўбор для замужніх), а хлопец — у магерцы (шапка зь лямцу), нагавіцах-галіфэ і высокіх ботах.

«Ня трэба, каб нехта ацэньваў, як ты танцуеш»

Кацярына Янкевіч, інжынэр, 36 гадоў, Менск

Кацярына танцуе, бо зь дзяцінства ёй гэта падабаецца. З бацькамі яна часта хадзіла на вясельлі ў роднай вёсцы Ражанка Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці. Пра вечарыны традыцыйных танцаў даведалася 3-4 гады таму. Пачала хадзіць проста, каб танцаваць, а знайшла там значна болей — цэлую супольнасьць.

«Як музыку чула, заўсёды хацелася пусьціцца ў скокі. Я не акцэнтую, якія танцы: традыцыйныя ці нетрадыцыйныя. Важна, што можна танцаваць у пары і ня трэба, каб нехта ацэньваў, як ты танцуеш — ці так паставіў нагу, павярнуў руку ці яшчэ нешта. Ты танцуеш у сваё задавальненьне, наколькі дазваляе партнэр. Гэта для мяне адпачынак».

«Ужо ня два чалавекі, а адзін — з чатырма нагамі і чатырма рукамі»

Зьміцер Кашлач, айцішнік, 34 гады, Барысаў

Танцы Зьмітра пачаліся з вандровак, калі ён задумаўся, што такога свайго ёсьць у Беларусі, па што ня трэба далёка ехаць. Пачынаў зь вечарынаў у Ракаве. Цяпер ня толькі танцуе, але і дапамагае ў арганізацыі імпрэзаў.

«Самае цікавае ў танцы — дыялёг, калі становіцца ня два чалавекі, а адзін, з чатырма нагамі і чатырма рукамі. Гэтае пачуцьцё залежыць ад таго, як сам танцуеш, з кім, ці вы знаёмыя. Ад спрытнасьці і хуткасьці не залежыць, але ад уменьня падстройвацца пад другога. То сам вядзеш, то адчуваеш, як партнэрка цябе пачынае весьці. За танец гэта некалькі разоў зьмяняецца. Мяне гэта не адштурхоўвае. Калі я вяду, то не напралом, а акуратна, стараюся прыслухоўвацца».

Зьмітру танцы даюць новыя эмоцыі і досьвед, які можна перанесьці ў іншыя сфэры жыцьця. Па-за межамі танца ён памятае, што варта прыслухоўвацца да «партнэра», і гэта станоўча ўплывае на стасункі.

«Калі вядзеш, трэба дакладна паказваць партнэру, чаго ты ад яго хочаш. Калі я нешта падумаў, але чалавеку да канца не давёў, то чаго я ад яго чакаю? Праз танцы пачынаеш зважаць на дробязі, разьвіваецца большая чуйнасьць да людзей».

На думку хлопца, для людзей, якія ніколі не спрабавалі танчыць, гэта магчымасьць пабываць у іншым космасе. Не перасоўвацца далёка фізычна, але адчуць новую атмасфэру дыялёгу, сувязі зь іншымі людзьмі, атмасфэру аднаго арганізма — калі танец групавы ў коле.

«Новым людзям ня трэба баяцца, што нейкі рух ці паварот не атрымаецца. Не атрымаецца — ну і што, гэта нармальна. Нават калі вонкавы рух не атрымаўся, унутранае пачуцьцё застанецца».

«Гэта энэргія, якую ты выпрацоўваеш»

Ганна Ліпчанская, эканаміст, 30 гадоў, Горадня

Ганна зацікавілася традыцыйнымі танцамі ў студэнцтве. Для яе гэта азарт, фітнэс, энэргія.

«Энэргія, якую ты не марнуеш, а, здаецца, выпрацоўваеш і дзелісься зь іншымі танцорамі ды музыкамі, якія любяць танцы, як і ты. Важна любіць, бо калі любіш, то аддаеш ім сябе».

Ганка ўдзячная танцам за цікавых людзей і танцавальныя падзеі. Зь нецярплівасьцю чакае ноч традыцыйных танцаў y Горадні, каб убачыцца зь сябрамі з Латвіі, Літвы, Польшчы, іншых гарадоў Беларусі.

«Дзяўчыне важна слухаць свайго партнэра»

Алег Чырыца, інжынэр, 24 гады, Маладэчна

Танец для Алега — гэта кантакт, размова з партнэркай. Ён пачаў танцаваць тры гады таму. Тады ў Маладэчна прыехалі Цімох Акудовіч, Саша Духноўская і капэля «На таку», якія «далі адчуць драйв і асалоду ад беларускіх танцаў і традыцыйнае культуры ўвогуле».

«Каб гэтая размова праз рух адбылася, вельмі важна слухаць адно аднаго, асабліва дзяўчыне свайго партнэра. Вялікую ролю адыгрывае энэргетычная сумяшчальнасьць, тэмпэрамэнт, адкрытасьць. Вельмі тонкі працэс. Гэтым традыцыйны танец мне і падабаецца».

«Ногі самыя пайшлі танцаваць»

Ірына Астапчык, працуе ў краме жаночага адзеньня, Горадня

Ірына захапілася танцамі ў школе, працягвала танцаваць у студэнцтве.

«Потым быў доўгі перапынак. Калі летась улетку я выпадкова зайшла ў дворык на гук гармоніка, нахлынулі ўспаміны і ногі самыя пайшлі танцаваць.

Шкада, што танцы толькі ўлетку. Ноч танцаў як „разьвітальная гастроль“ у гэтым сэзоне».

«Няма патрэбы ў словах»

Антось Галынскі, студэнт-мэдык, 21 год, Горадня

Антось праз традыцыйныя танцы стараецца дакрануцца да гісторыі. Яму падабаецца спалучэньне традыцыі і сучаснасьці.

«Падчас танца адбываецца дыялёг паміж мной і дзяўчынай. Самае файнае, што няма неабходнасьці ў словах. Калі танцорка ўмее танцаваць і не лянуецца, яна разумее ўсё, што я хачу зрабіць. Мне трэба толькі пачаць рух, як дзяўчына падхоплівае».

Ноч танцаў для Антося — гэта магчымасьць даведацца новае, пазнаёміцца з новымі людзьмі, сустрэцца зь сябрамі.

«Пасьля кожнай ночы танцаў ёсьць адчуваньне асалоды. Няхай і на тле фiзычнай стомы. Але я ведаю, што адпачыў, што адпачыла душа».

«У старажытных танцах захавалася містыка»

Натальля, мастачка, Маладэчна

Натальля пазнаёмілася з танцамі ў сталым узросьце. Цяпер танцуе, сьпявае і калядуе, як гэта было традыцыйна. Любіць розныя практыкі руху: ад усходніх адзінаборстваў да танцавальна-рухавай тэрапii.

«Традыцыйныя танцы спалучаюць мяне зь сілай роднай зямлі. Калі я танцую, то набіраю энэргію. Танец — гэта арнамэнт у руху. Я мастачка. Для мяне вельмі каштоўна празь цела, рухі, музыку ствараць вобразы. У танцах, асабліва старажытных, ёсьць містыка».

«Датанцаваць усе полькі і вальсы»

Марына Кацярыніч, спэцыяліст у рабоце з кліентамі, 34 гады, Менск

Марына танцуе зь дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Яна сама зь сястрой і сяброўкамі выдумляла танцы для школьных канцэртаў, бо наведваць харэаграфічную школу не было як. У гуртку народных танцаў пасьпела вывучыць падэспань, кракавяк ды «На рэчаньку», як тут і яго закрылі.

«Мне ўжо ў юнацтве такія танцы вельмі падабаліся. Я і на вясельлях вельмі любіла танцаваць польку ў пары пад жывую музыку. Але рэдка было з кім. Мае сяброўкі не маглі дачакацца, калі на зьмену музыкам прыйдзе магнітафон».

У Менску дзяўчыне трапілася абвестка пра танцы на вольным паветры ў Верхнім горадзе.

«Хачу датанцаваць усе недатанцаваныя полькі і вальсы і закрыць гештальт. Атрымліваю ад іх задавальненьне. Танцы — гэта яшчэ тое нямногае на сёньня, што мне цікава, хочацца вучыць, карціць наведаць. Добрая фізычная нагрузка пасьля працоўных будняў».

У танцы, мяркуе Марына, варта слухаць партнэра і падладжвацца пад яго, асабліва дзяўчатам.

«Тут эндарфін, адрэналін ды іншая дазволеная хімія»

Сяргей Латышаў, інжынэр-хімік, 36 гадоў, Менск

Сяргей трапіў на першую ноч танцаў болей за дзесяць гадоў таму. Тады і зацікавіўся традыцыйнымі танцамі, «а дакладней, прыгожымі кабетамі». На адной такой вечарыне адчуў, што «кроў грае, але таксама адчуў сябе нягеглым недарэкам — нічога не атрымлівалася». Танцуе дагэтуль.

«Танцы даюць адмысловыя эмоцыі, асабліва калі адчуваеш адзінства ў пары. Тут і эндарфін, і адрэналін, і іншая дазволеная хімія. Цікава шукаць кантакт з партнэркай і адчуваць яе задаволенасьць. Эмацыйны вампірызм, але ў станоўчым сэнсе, бо тое самае аддаеш. У пары трэба танцаваць у пары: ты не адзін; усё, што робіш і ня робіш, адбіваецца на партнэры».

Сяргею цікавыя традыцыйныя танцы і сваёй музыкай: скрыпка з гармонікам ды трубой.

«Яны штосьці кранаюць унутры, што нельга ўстаяць; даюць эмацыйную перазарадку і добрую фізычную нагрузку».

Сяргей мяркуе, што традыцыйныя танцы падыдуць усім у любым узросьце.

«Усім, хто хоча адчуць, як грае кроў, як ногі ледзь трываюць а пятай гадзіне раніцы, але спыніцца немагчыма, бо ты поўны адрэналіну і пачуцьцяў, трэба наведаць хоць адну ноч танцаў. У танцах няма няправільных рухаў, трэба проста спрабаваць. Парада для тых, хто пачынае: пачніце!»

З другога боку, паводле Сяргея, з «хіміяй» і пачуцьцямі ў танцах складана, бо мяжа вельмі тонкая, а пераход за яе можа ўсё зьмяніць.

«Трэба разумець, што ты адкрываесься, але ўсе эмоцыі і стасункі скончацца з музыкай. Часам хочацца сябе падманваць і верыць, што так будзе заўсёды, ня толькі ў момант танца. Не падманвацца вучысься ў танцы, калі адэкватна ўспрымаеш рэчаіснасьць. Танцы — гэта своеасаблівая здрада, але легалізаваная. Мяжа ў галаве. Можна шмат чаго думаць і ўяўляць сабе. Але што ты сапраўды робіш, за гэта адказваеш».

Горадзенскую ноч танцаў зладзяць у сэрцы старога гораду

Танцавальная сустрэча «Дзень і ноч танцаў 27-28.Х.2018» распачнецца 27 кастрычніка а 20 гадзіне ў горадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця (Кірава, 3) і працягнецца да ранку. У ёй прымуць удзел музычныя капэлі зь Беларусі, Літвы і Латвіі: «Колісьнія» (Менск), «На таку» (Менск, Магілёў), «Капэля горадзенскіх дворыкаў» (Горадня), капэля зь Літвы (Вільня, Клайпеда), капэля «Рыскага клюбу танцаў» (Рыга).

Да таго ж удзельнікі сустрэчы змогуць далучыцца да экскурсіі па Горадні з Ігарам Лапехам і наведаць адкрыцьцё выставы «Станіслаў Маленчык. Грай, скрыпка, грай...»

Арганізаваў міжнародную сустрэчу «Дзень і ноч танцаў 27-28.Х.2018» ініцыятар горадзенскага сацыяльнага праекту «Танцы горадзенскіх дворыкаў» Андрэй Бароўскі.