19 ноября 2018, понедельник, 13:29
Поддержите сайт «Хартия-97»
Рубрики

У Менску прапанавалі ўсталяваць помнік беларусам-праведнікам

Фота: RFE/RL

Эскіз быў зроблены яшчэ ў 2013-м.

З прапановай адкрыць у Менску манумэнт, прысьвечаны беларусам, якія дапамагалі габрэям падчас Другой усясьветнай вайны, 22 кастрычніка выступіў Сэм Клігер — начальнік аддзелу ў справах Беларусі, Расеі і Ўкраіны Амэрыканскага габрэйскага камітэту ЗША, паведамле «Радыё Свабода».

Сваю ініцыятыву ён агучыў падчас круглага стала «Трагедыя Менскага гета: памяць і ўрокі», які праходзіў сёньня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі:

«Такі манумэнт выконваў бы адразу дзьве задачы. Па-першае, ён бы сьведчыў пра тое, як шмат габрэяў нацысты зьнішчылі ў Беларусі. Па-другое, ён бы нагадваў пра герояў-беларусаў, якія ахвяравалі сваім жыцьцём дзеля таго, каб выратаваць габрэяў».

Архітэктарка Галіна Левіна, якая ўдзельнічала у круглым стале, сказала, што яе бацька Леанід Левін яшчэ ў 2013 годзе зрабіў эскіз такога помніка:

«Дагэтуль яго можна пабачыць у менскай Гістарычнай майстэрні. Але тады ўзьнікалі фінансавыя праблемы. Пасьля бацька памёр, і справа заглухла».

Журналіст Барыс Герстэн, які таксама быў на мерапрыемстве, удакладніў, што помнік беларусам-праведнікам існуе ў Буэнас-Айрэсе:

«У сталіцы Аргентыны адкрытая алея праведнікаў сьвету. На ёй усталяваны помнік. І там згадваюцца ўсе краіны, жыхары якіх дапамагалі габрэям падчас Другой усясьветнай вайны. Я гэта бачыў на ўласныя вочы. І на помніку згадваецца, сярод іншых, і Беларусь».