19 марта 2024, вторник, 12:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як быў напісаны верш «Пагоня»

2
Як быў напісаны верш «Пагоня»

У кастрычніку 1916 – лютым 1917 года Максім Багдановіч жыў у Мінску на кватэры ў Змітрака Бядулі.

У кастрычніку 1916 году пасля заканчэння Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэя Максім Багдановіч прыязджае ў Менск, уладкоўваецца на працу сакратара ў Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны».

Гэтай працы прысвечаны Агляд працы за першы год Мінскага аддзела Таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» (упершыню надрукавана ў газеце «Дзянніца», 1916, № 4, 27 лістапада) – апошні прыжыццёвы артыкул Максіма Багдановіча ў беларускім друку.

Дзейнасці Менскага аддзелу «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны», таксама прысвечаны артыкул М. Багдановіча на рускай мове «Деятельность Минского Белорусского комнтета», упершыню надрукаваны ў часопісе. «Укранская жнзнь» (1917, № 1-2).

У час апошняга прыезду ў Менск (кастрычнік 1916 – люты 1917) Максім Багдановіч жыве на кватэры ў Змітрака Бядулі па Малагеоргіеўскай вул. д.12 (цяпер зувулак Рабкораўскі). Менавіта тут напісаны вершы “Страцім-лебедзь” і “Пагоня”, надрукаваныя ў газеце “Вольная Беларусь”, 1917, №32, 30 лістапада.

“Нягледзячы на хваробу, ён (Багдановіч) і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38-39. У такім стане, паводле сведчання Аркадзя Смоліча, быў ім напісаны ў час службы верш “Пагоня”.

Расказваючы аб гэтым за абедам Аркадзю Смолічу, паэт дадаў “У гарачцы пішацца лёгка” (Творы М.Багдановіч. 1928.Т.2. С.LIIІ) З успамінаў Змітрака Бядулі: “У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў”.

Менскі аддзел «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны» у снежні 1916 года хадайнічаў перад менскім губернатарам аб правядзенні лекцыі Багдановіча „Беларускае адраджэнне”, але хадайніцтва было адхілена.

У 1916-1917 гг. Максім Багдановіч разам з Л.Сівіцкай (З.Верас) і А.Смолічам працуе над чытанкай (хрэстаматыяй) для беларускай школы. Паводле ўспамінаў З. Верас “М.Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць самому”.

Праца гэтая не была скончаная. 1917 год Максім Багдановіч сустракае ў Менску – у клубе беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка” (на вул. Захар’еўскай – будынак не захаваўся). У канцы лютага 1917 года Максім Багдановіч ад’язджае ў Крым.

Зоська Верас згадвала: “Пастанавілі на супольных нарадах, што (Багдановіч) паедзе ў Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі, што трэба на дарогу і ў канцы лютага наступілі ад’едзіны. Мы ўсе хацелі ехаць на правясці на вакзал, але Максім запратэставаў: “Пажагнаемся тут у Бел. Хатцы. Мне будзе цяжэй раставацца з Вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей. Жагналі мы яго са слязьмі на вачох, як бы прадчувалі, што жагнаем назаўсёды”.

Паліна Сцепаненка, «Радыё Рацыя»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях