20 траўня 2024, панядзелак, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў пераводзяць на базавыя рахункі

9
Беларусаў пераводзяць на базавыя рахункі

Што гэта такое?

Тры гады таму ўвайшоў у дзеянне закон аб базавых рахунках. Ён гарантаваў беларусам мінімальны бясплатны набор банкаўскіх паслуг, а разам з гэтым і магчымасць легальна адвязаць свой заробак ад таго банка, які абраў наймальнік (і гэта таксама бясплатна для работніка).

Журналісты onliner.by паглядзелі, што з гэтага сталася рэальнасцю.

Вельмі сцісла, чаму гэта важна:

На базавыя рахункі пераводзяць усіх пенсіянераў, то бок у будучыні ён з'явіцца ва ўсіх беларусаў.

З 1 ліпеня шмат хто будзе атрымліваць пенсіі і дапамогі толькі праз банкі, ім трэба падрыхтавацца загадзя.

Работнікі могуць не чакаць і адкрыць базавы рахунак зараз, каб атрымліваць заробак праз той банк, праз які яны хочуць.

Што за базавы рахунак

Яны з'явіліся 1 сакавіка 2022 года, калі ўвайшоў у дзеянне ўказ нумар 363 "Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання".

Базавы рахунак азначае, што кліенту

заканадаўствам гарантуецца пэўны бясплатны набор аперацый, за якія банк не будзе браць плату. Напрыклад, калі часцей за ўсё банк бярэ грошы за выпуск карты і яе абслугоўванне, то пры адкрыцці базавага рахунку гэта будзе ў бясплатным гарантаваным пакеце.

Зрэшты, бясплатных аперацый можа быць больш, калі банк надумаў такім чынам перавабліваць кліентаў да сябе. Канкрэтныя ўмовы лепш удакладняць у фінанасавай установы - што платна, а што не. Калі за нейкую аперацыю банк будзе браць узнагароду, яна павінная быць не вышэйшая, чым на звычайным рахунку.

Рахунак адкрываецца ў беларускіх рублях, да яго павінны выпускаць картку нацыянальнай сістэмы “Белкарт” або кабэйджынгавую дзвюх сістэм — пад гэты крытэр трапляе “Белкарт-Maestro”, гэта варта ўлічваць, калі плануеце разлічвацца такой картай за мяжой.

Выпусціць карты аплатных сістэм Visa ці Mastercard не атрымаецца.

Яшчэ з важнага - да базавага рахунку робяць толькі адну бясплатную картку.

Дзе адкрыць

Указ нумар 363 абавязаў адкрываць такія рахункі банкі з дзеллю дзяржавы ў статутным фондзе больш як 50 адсоткаў. Цяпер гэта "Беларусбанк", "Белінвестбанк", "Белаграпрамбанк", "Банк Дабрабыт".

У астатніх такога абавязку няма, але яны могуць рабіць гэта на жаданне. Цяпер базавы рахунак можна адкрыць таксама ў "Банку БелВеБ", "Белгазпрамбанку", "Сбер Банку" і "Прыёрбанку". Так што аднымі дзяржбанкамі справа не абмежавалася - усяго іх удзельнічае восем, і фізічная асоба сама выбірае, куды ёй ісці.

Адкрываць базавы рахунак могуць любыя фізічныя асобы - грамадзяне Беларусі і замежнікі з ВНЖ, але акрамя ІП і натарыусаў. У аднаго чалавека можа быць толькі адзін базавы рахунак. Па колькасці іншых рахункаў у банках абмежаванняў няма, гэта значыць з базавага можна пераводзіць паступленні на іншыя свае рахункі.

Для каго гэта абавязкова

Абавязак адкрываць базавы рахунак ёсць у атрымальнікаў пенсій, стыпендый і іншых сацыяльных выплат праз банкі (усяго іх 30, поўны спіс - тут). Праўда, пасля падпісання ўказа для іх пакінулі пераходны перыяд - тым, хто на той момант ужо атрымліваў выплаты, дазволілі аформіць базавы рахунак да 1 ліпеня 2025 года. Варыянты два: адкрыць новы рахунак ці проста перааформіць бягучы ў базавы, калі ваш банк дае такую магчымасць.

Што, калі забыўся, а 1 ліпеня 2025 г. ужо хутка? Лепш не забывацца, бо з гэтай даты сацвыплаты будуць прыходзіць толькі на базавыя рахункі. Калі вы такі не адкрыеце, то застаецца толькі выплата гатоўкай.

Праўда, і тут ёсць нюанс: з 1 ліпеня 2024 будуць змены для тых, хто атрымлівае пенсіі і дапамогі на дзяцей. Паводле новых правіл, тым, хто жыве ў гарадах і раённых цэнтрах, выплаты належаць толькі праз банк.

Выбар паміж поштай і банкам застанецца для тых, хто старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў I і II груп. Права выбару застаецца і для дзіцячых дапамог у інвалідаў I і II груп, у сем'яў з дзіцем-інвалідам да 18 гадоў. А для тых, хто ў вёсцы, нічога не мяняецца.

Рыхтавацца да гэтых змен трэба ўжо зараз, каб не застацца без выплат. Да 10 чэрвеня трэба выбраць банк і адкрыць там базавы рахунак (можна выбраць атрыманне грошай у касе банка або на картку) і там жа напісаць заяву аб пералічэнні пенсіі ці дапамогі.

А калі я атрымліваю заробак?

Тады ніякіх абавязанняў аб базавым рахунку ў вас не ўзнікае, проста з'явілася права памяняць абслуговы банк.

Дапусцім, вас не задавальняе выбар працадаўцы, тады вы маеце права атрымліваць заробак на карту таго банка, які выбіраеце самі (але ён павінен займацца базавымі рахункамі, а ў праграме ўдзельнічаюць не ўсе банкі). Нейкіх абмежаванняў наконт таго, хто з работнікаў можа выбіраць іншы банк, няма.

Ніякія камісіі за тое, што заробак прыходзіць у іншы банк, з вас браць не павінны.

А што там з “заробкавым рабствам”?

Не ўсе работнікі могуць быць задаволеныя банкам, які выбрала ягоная арганізацыя для праекта заробку, і ўказ нумар 363 дазваляе асобна перайсці ў іншы банк.

Банкі не раскрываюць статыстыку, колькі фізічных асоб адкрылі базавыя рахункі менавіта для атрымання заробку, але кажуць, што пенсіянераў большасць: усё ж такі для іх базавы рахунак паступова становіцца абавязкам. Спецыяльныя бонусы пры адкрыцці базавага рахунку ёсць для пенсіянераў, а асобна для атрымання заробку мы такіх прадуктаў не знайшлі, можна адкрываць базавы рахунак на стандартных умовах.

Летась базавых рахункаў было ўжо 370 тысяч, а з часам яны будуць у большасці беларусаў.

Што рабіць працоўным пенсіянерам?

У такім выпадку, калі ёсць базавы рахунак для пералічэння пенсіі, то заробак будзе зручна атрымліваць таксама на яго, нават калі арганізацыя абслугоўваецца ў іншым банку.

На што трэба звярнуць увагу?

Нягледзячы на тое, што пералік бясплатных паслуг замацаваны ўказам №363, банкі могуць даваць сваім кліентам дадатковыя бонусы: напрыклад, кешбэк, калі на карту вяртаецца пэўны адсотак ад пакупкі, асобныя ўмовы для пенсіянераў ці студэнтаў, налічэнне адсоткаў на рэшту па рахунку.

Напрыклад, у "Банка БелВеБ" два варыянты адкрыцця базавага рахунку ў залежнасці ад таго, якія выплаты будуць на яго залічвацца (базавы рахунак або базавы рахунак “Пенсійны” з бясплатнай карткай для пенсіянераў).

- Да цяперашняга часу банкам адкрыта блізу 10 тысяч базавых рахункаў. Іх колькасць расце кожны месяц, - распавялі ў прэс-службе банка. - Мы думаем, што шмат у чым гэта абумоўлена тым, што пры афармленні карткі для пенсіянераў у банку дзейнічаюць добрыя ўмовы: манібэк у аптэках і крамах оптыкі - 5%, пры разліках у прадуктовых крамах, за камунальныя плацяжы, мабільную сувязь і інтэрнэт - 1% , на іншых катэгорыях тавараў - 3%, налічваюцца адсоткі на рэшту сродкаў сумай 3% гадавых, ёсць магчымасць бясплатнага зняцця грашовых сродкаў у кожным банкамаце краіны.

“Беларусбанк” прапануе выбраць з трох карт да базавага рахунку, адна з якіх афармляецца ў рамках клуба “Бархат” для пенсіянераў. Абяцаюць 1% манібэка за плацяжы ў АРІП і 3% у асобных катэгорыях, а таксама падвышаную стаўку на онлайн-дэпазітах.

У "Белаграпрамбанка" ёсць пенсійны пакет "Клопат" для базавага рахунку з манібэкам ад 1 да 3% і зніжкамі ад кампаній-партнёраў.

У іншых банкаў таксама ёсць бонусы для тых, хто адкрывае базавыя рахункі, - чытайце і параўноўвайце ўмовы.

"Ужо год без карткі". Ёсць яшчэ альтэрнатыва?

Чытачка сайта Алена распавяла пра лайфхак, дзякуючы якому яна ўжо больш за год без карткі, але спраўна атрымлівае заробак.

- У нашай арганізацыі заробак традыцыйна паступае на карту “Белінвестбанка”. У чарговы раз скончыўся тэрмін дзеяння карткі, мне прапанавалі аформіць новую платна. Але высветлілася, што заробак можна атрымліваць на рахунак і ў дадатку “Аплаці”. А ён дазваляе як пераводзіць грошы без камісіі, так і расплачвацца ў мностве месцаў, у тым ліку за праезд у грамадскім транспарце.

Грошы здымаць з "Аплаці" ў банкаматах "Белінвестбанка" таксама можна, скануючы QR.

Чытачка кажа, што менавіта так атрымлівае заробак ужо больш за год, ніякіх нязручнасцяў пры гэтым не заўважыла. Праўда, звыклая картка ў яе таксама ёсць, проста яна аформленая ў іншым банку і дае свае бонусы накшталт кешбэка і магчымасці разлічвацца за мяжой, і туды ў адзін клік пераводзяцца грошы з “Аплаці”.

Са слоў Алены, на працы праблем з такім атрыманнем заробку не ўзнікла, пасля ўстаноўкі дадатку трэба перадаць звесткі ў бухгалтэрыю - і ўсё.

Дарэчы, лайфхак з дадаткам працуе незалежна ад таго, у якім банку абслугоўваюцца работнік і яго арганізацыя.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках