Зяленскі прапанаваў NATO збіваць расейскія ракеты над украінскай тэрыторыяй
13- 20.04.2024, 18:06
- 8,786
І заявіў, што Пуцін баіцца Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў авіяцыі краінаў NATO збіваць расейскія ракеты. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрв'ю бразільскім журналістам, звярнуў увагу сайт The Moscow Times.
«Калі гэтая авіяцыя будзе паднімацца на тэрыторыі нашых краінаў-суседак, і будзе збіваць ракеты, якія безумоўна ляцяць ва Украіну, але могуць прыляцець і на гэтыя тэрыторыі, як ужо былі зафіксаваныя факты з Польшчай і Румыніяй, дык няхай яны збіваюць гэтыя ракеты, я буду толькі пляскаць у ладкі», – сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што Кіеў у найбліжэйшыя месяцы падпіша двухбаковыя пагадненні ў сферы бяспекі з Вашынгтонам, Осла і Стакгольмам, а таксама з адной з балтыйскіх краінаў. Паводле ягоных словаў, названыя пагадненні ўключаюць не толькі ваенную дапамогу, але і гуманітарную падтрымку, а таксама дапамогу ў аднаўленні энэргетыкі.
Зяленскі выказаў меркаванне, што Пуцін баіцца Украіны.
«Пуцін баіцца нас вельмі моцна. Я ў гэтым упэўнены. Бо ён сам у сабе не ўпэўнены. Упэўненыя людзі з вялікім войскам, з вялікай дзяржавай, з такой колькасцю ядзернай зброі не пагражаюць свету», – сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.