3 траўня 2024, Пятніца, 7:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных спраў краін «Вялікай сямёркі»

18
Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных спраў краін «Вялікай сямёркі»

Якія пытанні абмяркоўваліся?

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрамі замежных спраў ключавых заходніх краін на саміце "Вялікай сямёркі" на італьянскім Капры.

“Я ўзняла пытанне абароны нашай незалежнасці. Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна. З дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам мы абмеркавалі падтрымку для Украіны і Беларусі. Ён цікавіўся лёсам палітвязняў і тым, што яшчэ мы можам зрабіць для іх вызвалення”, - кажа Святлана Ціханоўская.

Таксама яна размаўляла з вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу, міністрамі замежных спраў Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Канады і Італіі. З еўрапейскімі дыпламатамі прадстаўніца Беларусі абмяркоўвала фінансаванне беларускіх СМІ і арганізацый, дапамогу былым палітвязням і сем'ям палітвязняў.

Акрамя таго, Святлана Ціханоўская казала аб прыцягненні Лукашэнкі і ягоных памагатых да адказнасці і прасіла аддзяляць беларусаў ад рэжыму. Удзельнікі саміту прынялі супольную заяву, у якой згадалі Беларусь:

“Мы працягваем асуджаць суўдзел рэжыму Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Мы выказваем нашу нязменную ўстурбаванасць у сувязі з працягам рэпрэсій рэжыму ў дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, а таксама апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць свае погляды. Мы асуджаем жорсткае абыходжанне з палітвязнямі і просім іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення”.

Цяпер у Групе сямі старшынствуе Італія. Міністр замежных спраў менавіта гэтай краіны Антонія Таяні і запрасіў Святлану Ціханоўскую на саміт.

Па выніках саміту Святлана Ціханоўская паабяцала, што будзе рабіць усё магчымае, каб пытанне Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках