2 траўня 2024, Чацвер, 15:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце расказалі пра забойствы беларускіх палітвязняў

13
У Еўрапарламенце расказалі пра забойствы беларускіх палітвязняў
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, НАТАЛЛЯ РАДЗІНА І АНДРЭЙ ШАРЭНДА

Лукашэнка чыніць злачынствы супраць чалавечнасці.

Крытычная сітуацыя з беларускімі палітычнымі зняволенымі стала тэмай абмеркавання на Афіцыйнай сустрэчы Дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента. Мерапрыемства было арганізаванае кіраўніком дэлегацыі, дэпутатам ЕП ад Літвы Ёзасам Алекасам. У якасці спікераў з Беларусі на сустрэчы выступілі галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна, праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», муж палітычнай зняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

Наталля Радзіна: Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах - гэта злачынства супраць чалавечнасці

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў сваім выступе адзначыла, што ў беларускіх турмах сёння знаходзяцца тысячы палітычных вязняў. Чацвёрты год у краіне не сціхаюць рэпрэсіі пасля паразы Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбараў. «Вязні сумлення знаходзяцца ў жахлівых умовах, іх катуюць і забіваюць. Забіваюць, фактычна, бяскарна, бо ніякай сур'ёзнай міжнароднай рэакцыі на гэтыя злачынствы дагэтуль не было», - мяркуе журналістка.

Наталля Радзіна расказала, як сёння ў Беларусі пазбаўляюць жыцця палітычных зняволеных.

9 красавіка 2024 года ў следчым ізалятары Берасця памёр Аляксандр Кулініч. Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у дэсантна-штурмавой брыгадзе ПДВ. Абвінавачваўся нібыта ў “абразе” Лукашэнкі. У зняволенні правёў месяц, памёр за тыдзень да суда. Паведамляецца, што нібыта праз ішэмічную хваробу сэрца, але высокая імавернасць, што чалавека з хворым сэрцам катавалі.

У канцы лютага 2024 года ў турэмным шпіталі памёр грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны нібыта за “паклёп на Лукашэнку”. Прычынай смерці палітвязня таксама стала спыненне сэрца.

9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Вадзім меў шэраг захворванняў і хварэў у зняволенні. Медыцынская дапамога яму не надавалася.

11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр палітвязень, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. У Алеся была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.

5 ліпеня 2023 года ў Лідскім аддзяленні міліцыі пасля затрымання нібыта ад праблем з сэрцам памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.

7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень, блогер Мікалай Клімовіч. Прычына - спыненне сэрца.

5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудойць.

21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына - сардэчны прыступ, аднак калі сваякі атрымалі ягонае цела для пахавання, то выявілі, што яно знявечанае. У турме яго збівалі і закатавалі да смерці.

Таксама вядома, што ў 2021 годзе ад COVID-19 у беларускіх ізалятарах памерлі двое затрыманых паводле палітычных матываў: Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка.

Таксама ў 2021 годзе ў Менску 17-гадовы падлетак скончыў жыццё самагубствам з прычыны пераследу за ўдзел у акцыях пратэсту. 25 траўня 2021 года ён выскачыў з 16-павярховага будынка. Хлопец пакінуў перадсмяротную цыдулку ў сацсетках: «Віной гэтаму стаў следчы камітэт».

Колькі яшчэ палітвязняў могуць памерці ў беларускіх турмах?

Наталля Радзіна адзначыла, што сярод палітвязняў нямала пенсіянераў, а таксама людзей з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Ім не надаюць належную медыцынскую дапамогу, не праводзяць медычныя абследаванні, не даюць неабходныя лекі. Жыццю гэтых людзей пагражае небяспека, кожны дзень зняволення для іх можа стаць апошнім.

Больш за год нічога не вядома пра стан здароўя лідара сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікалая Статкевіча. Яго трымаюць у поўнай ізаляцыі, у адзіночнай камеры, забароненыя сустрэчы з адвакатам і сям'ёй. У турме 67-гадовы палітык чатыры разы перахварэў на ковід, мае праблемы з сэрцам.

66-гадовы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў асуджаны на дзесяць гадоў калоніі, хаця ў зняволенні выявілі анкалагічнае захворванне. Яго стан вельмі цяжкі.

Прафсаюзы лідар 66-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго калега 73-гадовы Васіль Бераснёў пакутуе ад боляў у адзінай нырцы, магчыма, у яго анкалагічнае захворванне. Прысуд для абодвух - 9 гадоў калоніі.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Войніч смяротна хворы. У яго цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму неабходна тэрміновая перасадка пячонкі.

У 68-гадовага Вячаслава Арэшкі праблемы з вачыма, яму пагражае слепата. Тэрмін - восем гадоў калоніі.

62-гадовая Галіна Дзербыш пакутуе ад анкалогіі і праблем з сэрцам. Яе прысудзіліда 20 гадоў турмы.

63-гадовы актывіст Уладзімір Гундар - чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Яго асудзілі на 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадоўку.

72-гадовы палітвязень пенсіянер Васіль Дземідовіч прысуджаны да сямі гадоў калоніі. З мужчыны ўвесь час здзекуюцца, перакідваючы з адной калоніі ў іншую ў цяжкіх умовах: у «сталыпінскім» вагоне, пад цвёрдым кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, часта не кормяць.

У 62-гадовай Алы Зуевай лейкоз крыві, палітычная зняволеная мяркуе, што вынесены ёй прысуд можна параўнаць са смяротным.

70-гадовы ксёндз Генрых Акалатовіч перанёс у ізалятары інфаркт, нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем.

У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставана вострая сардэчная недастатковасць. Яго прысудзілі да 10 гадоў турмы.

Журналістка Ксенія Луцкіна мае пухліну ў галаўным мозгу: яна расце і правакуе цяжкія болі. Прысуд - 8 гадоў калоніі.

У 29-гадовага палітвязня Паўла Кучынскага рак чацвёртай стадыі, аднак яго прысудзілі да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Такіх цяжка хворых палітвязняў у беларускіх турмах сотні, калі не тысячы. Я не магу пералічыць справы ўсіх, бо гэта запатрабуе шмат часу. Але галоўнае - нам невядомыя ўсе выпадкі, бо імёны і сітуацыі ўсіх вязняў сумлення невядомыя праваабаронцам.

Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах - гэта злачынства супраць чалавечнасці. Рэжым Лукашэнкі ігнаруе ўсе законы: беларускія і міжнародныя, сярод якіх Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыя ААН супраць катаванняў і абавязковыя для краін-чальцоў ААН "Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі", так званыя Правілы Нэльсана Мандэлы.

За злачынствы супраць чалавечнасці злачынны беларускі рэжым мусіць панесці пакаранне. За катаванні і здзекі з палітвязняў, за забойствы палітвязняў, за давядзенне людзей да самагубстваў, за ненаданне медыцынскай дапамогі цяжка хворым людзям — неабходна ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі жорсткія санкцыі эканамічнага характару.

Гэта шакуе, але сур'ёзных санкцый за гэтыя злачынствы рэжым так і не панёс: эканамічныя санкцыі ўводзіліся супраць рэжыму за прымусовую пасадку пасажырскага самалёта ў 2021 годзе, міграцыйны крызіс і ўдзел у вайне супраць Украіны. Але не за фактычныя забойствы людзей. Гэтую памылку неабходна выправіць як мага хутчэй, інакш ахвяр можа быць яшчэ больш. Беспакаранасць спараджае новыя злачынствы», - заявіла галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна.

Леанід Судаленка: Неабходна неадкладна ратаваць людзей

Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка расказаў пра асабісты досвед і катаванні, праз якія прыйшлося прайсці ў зняволенні:

«Я Леанід Судаленка, беларускі праваабаронца, за мірную дзейнасць у абароне ахвяр рэпрэсій 2020 года кінуты на тры гады ў турму. Вызваліўшыся пасля заканчэння тэрміну, быў вымушаны праз рэпрэсіі, якія трываюць, пакінуць Беларусь. Следам рэжым Лукашэнкі выставіў новыя абвінавачанні, пагражаючы завочным судом адправіць у турму ўжо на 7 гадоў, абвінаваціўшы ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, а фактычна за тое, што не маўчу, расказваю пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх знаходзяцца тысячы беларускіх палітвязняў.

Пасля выхаду з турмы пачуццё роспачы і безнадзейнасці не пакідаюць мяне ні на адзін дзень. Чарговая смерць беларускага палітвязня ў турме толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці і мяне зноў ахоплівае бездапаможнасць. Ізноў усплываюць думкі аб катаваннях, аб нечалавечых умовах, у якіх утрымліваюць палітычных вязняў.

Інтэлектуальна там кожны задумваецца пра сэнс жыцця, пераасэнсоўвае яго і, магчыма, не раз з ім развітваецца. Маральна там удвая цяжэй, таму што разуменне прававога хаосу не адпускае ні на хвіліну - палітычныя за кратамі без злачынства, толькі за тое, што нязгодныя, за тое, што патрабуюць перамен!

Стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, нястача вітамінаў і шпацыраў. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі з вонкавым светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са светам.

А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нямногія выжывуць без шкоды для свайго здароўя. І мае думкі сёння пра 60-гадовага беларускага паплечніка праваабаронцу Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, кінутага ў турму на 10 гадоў. Яго трымаюць у халоднай адзіночнай камеры, адкуль прыходзяць навіны аб заўважным пагаршэнні ягонага здароўя. І я не знаходжу адказ на пытанне, што мы будзем рабіць, калі ў адзін з дзён даведаемся, што ягонае здароўе не вытрымала катаванняў…

Мае думкі сёння пра тысячы іншых палітвязняў, пра праваабаронцаў, пра журналістаў, прафсаюзных лідараў і палітыкаў, пра проста неабыякавых беларусаў, якія выжываюць у турмах без злачынстваў. Мае пачуцці — пачуцці сведкі, які выжыў, гэта тое, што непакоіць і не пакідае мяне ў спакоі сёння», — сказаў праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама расказаў, што ў віцебскай калоніі №3, дзе ён адбываў пакаранне, з 1 000 зняволеных - 300 былі палітвязнямі, гэта значыць практычна траціна. Вязні сумлення вымушаныя хадзіць са спецыяльнымі жоўтымі біркамі і ўмовы ўтрымання для палітвязняў непараўнальна больш жорсткія, чым у астатняга кантынгенту.

Са слоў праваабаронцы, неабходна неадкладна ратаваць людзей, паколькі выжыць у турме сёння вельмі складана. «Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ультыматум і запатрабаваць вызваліць палітвязняў, інакш смерцяў у турмах будзе больш», - упэўнены Судаленка.

Андрэй Шарэнда: Тое, што адбываецца ў Беларусі — дэфолт права і апагей беззаконня і гвалту

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда, муж палітычнай зняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, расказаў, што сёння ягонай жонцы пагражае ўжо чацвёрты (!) прысуд. Ёсць пагроза, што ўлады зноў адмовяцца адпусціць з турмы жанчыну, маці дваіх дзяцей, хаця яе чарговы тэрмін заканчваецца 21 траўня.

«Ужо амаль тры з паловай гады Паліна знаходзіцца ў закладніках рэжыму Лукашэнкі. І ўвесь гэты час яна зазнае нечалавечыя катаванні. Адразу пасля арышту Паліна заявіла, што не прызнае рэжым Лукашэнкі за легітымны і лічыць сябе не зняволенай, а ваеннапалоннай. На сваім судзе яна заявіла, што не прызнае ягонай пастановы і адмовілася даваць сведчанні. За прынцыповую пазіцыю дыктатарскі рэжым помсціць жанчыне. Паліну практычна ўвесь час кідаюць у нечалавечыя ўмовы карцара і штрафнога ізалятара. Толькі за апошні год яе трымалі там больш за 200 дзён. А вытрымаць нават 10 дзён у штрафным ізалятары - гэта каласальны ўдар па здароўі.

Таксама ціск на Паліну чыніла псіхіятрычная медыцына. За ўсе тры з паловай гады ад Паліны не было ніводнага званка родным. Рэгулярна яе пазбаўлялі пасылак і перадач, шматлікія лісты проста не даходзілі. Акрамя ўсяго гэтага, ёй ужо двойчы дадавалі тэрмін зняволення. І перавялі ў самую жорсткую калонію для жанчын-рэцыдывістак, вядомую сваімі страшнымі ўмовамі ўтрымання зняволеных. У зняволенні ў Паліны абвастрыліся хранічныя захворванні. І апошнія паўгода яна проста змагаецца за сваё жыццё. Пасля чарговага суда восенню мінулага года з Палінай поўнасцю знікла сувязь. Супраць яе быў выкарыстаны спосаб псіхалагічнага ціску вядомы, як інкамунікада, калі палітвязня і ягоных родных цалкам ізалююць ад усіх спосабаў камунікацыі. Паўгода да яе не пускаюць адваката і не перадаюць лісты. Паўгода мы нічога не ведаем пра яе стан здароўя. Толькі месяц таму, пад ціскам міжнароднай грамадскасці, прапагандысцкая беларуская тэлевізія паказала відэаматэрыял з Палінай. Але зразумела, што гэтае відэа было знята пад псіхалагічным ціскам і катаваннямі, і з'яўляецца цалкам пастановачным.

Тое, што адбываецца ў Беларусі зараз, гэта поўны дэфолт права і апагей беззаконня і гвалту. Палітвязняў у Беларусі жорстка катуюць і проста забіваюць у турмах. Толькі за апошнія некалькі месяцаў рэжым Лукашэнкі забіў пяць палітвязняў. Родныя ўсіх палітвязняў жывуць у стане сталай трывогі за іх жыццё. У нас ёсць абгрунтаваныя прычыны баяцца за жыццё і здароўе Паліны. Таму я прашу зрабіць усё магчымае для яе вызвалення.

На жаль, увесь цывілізаваны свет фактычна заплюшчыў вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Належнага адказу на дзеянні рэжыму Лукашэнкі дагэтуль няма. Усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад сталіц Еўразвязу існуюць канцлагеры, дзе катуюць і забіваюць палітвязняў, у тым ліку жанчын і дзяцей», — сказаў Андрэй Шарэнда.

Еўрадэпутаты: Супраць Лукашэнкі неабходна ўводзіць новыя санкцыі

Кіраўнік Дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Юозас Алекас назваў сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі "драматычнай". Еўрадэпутат зазначыў, што ў Еўрапарламенце ўважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі і ведаюць пра смерці вязняў сумлення ў зняволенні. Таксама там вельмі занепакоеныя адсутнасцю сувязі з палітвязнямі, у тым ліку, з лідарам беларускай апазіцыі Мікалаем Статкевічам, пра якога нічога невядома ўжо больш за 430 дзён. Са слоў палітыка, Еўропе неабходна дзейнічаць супраць рэжыму Лукашэнкі больш актыўна і ўводзіць новыя санкцыі.

Кіраўніца групы Беларусі ў Еўрапейскай службе замежных дзеянняў Франчэска Кардона пацвердзіла гатоўнасць працягваць заяўленую пасля падзей 2020 года палітыку ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі: «Праца над санкцыямі трывае. Як вы ведаеце, пастанова прымаецца кансэнсусам усіх краін-чальцоў ЕЗ, аднак дакладна ёсць імкненне далей ціснуць».

Дэпутатка Еўрапейскага Парламента ад Польшчы Ганна Фатыга падкрэсліла важнасць перамогі Украіны для будучых змен у Беларусі: "Лёс Беларусі як краіны несумненна палепшыцца пасля перамогі Украіны над Расеяй, што з'яўляецца адзіным развязаннем вялікай колькасці праблем у рэгіёне і не толькі". Еўрадэпутатка заклікала сваіх калега памятаць пра беларускіх палітвязняў, нягледзячы на напружанасць у свеце, якая расце: “Мяне вельмі турбуе рост магчымай эскалацыі ў розных месцах — гэта можа выклікаць у аўтакратаў, такіх як Лукашэнка, пачуццё беспакаранасці для ўчынення новых злачынстваў. Таму важна працягваць сігналізаваць, што мы, Еўрапейскі Парламент, маніторым сітуацыю з палітычнымі вязнямі ў Беларусі”.

Спецдакладчык Еўрапарламента аб Беларусі Пятрас Аўштравічус выказаў сваё суперажыванне беларусам, якія знаходзяцца пад прыгнётам рэжыму, і нагадаў аб адказнасці ўсіх, хто мае дачыненне да палітычных рэпрэсій: «Адказнасць ляжыць не толькі на Лукашэнку асабіста, але і ўсіх, хто са сваёй волі служаць рэжыму Лукашэнкі».

Пятрас Аўштравічус выказаўся катэгарычна супраць “заклікаў, якія час ад часу лунаюць у паветры” заклікаў ад “некаторых расчараваных апазіцыянераў” да перамоў з Лукашэнкам: “Я ўсё разумею, але хацелася б перасцерагчы ад легкадумных заклікаў пачаць перамовы з Лукашэнкам: гэта стала б поўнай катастрофай, а не прывяло б да вызвалення ўсіх палітвязняў, не прынесла б перамены”.

Наталля Радзіна, Леанід Судаленка і Андрэй Шарэнда таксама правялі шэраг асобных сустрэч з дэпутатамі Еўрапейскага парламента Ёзасам Алекасам, Ганнай Фатыгай, Андрусам Кубілюсам, Ізабель Сантуш, Пятрасам Аўштравічусам, Анджэем Халіцкім, Офісам прэзідэнта Еўрапарламента Рабэрты Метсолы, дзе абмеркавалі неабходнасць фармавання новай палітыкі ЕЗ у дачыненні да дыктатуры ў Беларусі.

З ДЭПУТАТАМ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА АНДЖЭЕМ ХАЛІЦКІМ
З ДЭПУТАТКАЙ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА ГАННАЙ ФАТЫГАЙ
З КІРАЎНІКОМ ДЭЛЕГАЦЫІ Ў СУВЯЗЯХ З БЕЛАРУСЬЮ ЁЗАСАМ АЛЕКАСАМ
З ДЭПУТАТКАЙ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА ІЗАБЭЛЬ САНТУШ
З ДЭПУТАТАМ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА ПЯТРАСАМ АЎШТРАВІЧУСАМ
СУСТРЭЧА Ў ЕЎРАПЕЙСКАЙ СЛУЖБЕ ЗАМЕЖНЫХ ДЗЕЯННЯЎ
З ДЭПУТАТАМ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА АНДРЮСАМ КУБІЛЮСАМ
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, НАТАЛЛЯ РАДЗІНА І АНДРЭЙ ШАРЭНДА
Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках