Рутэ прапанаваў выкупіць сістэмы Patriot у краінаў, якія не хочуць перадаваць іх Украіне
5- 17.04.2024, 21:26
- 4,356
Паводле словаў прэм'ера Нідэрландаў, грошы ў ЕЗ ёсць.
У Еўразвязе могуць выкупіць сістэмы Patriot у краінаў, якія іх маюць, але не хочуць перадаваць Украіне.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ, паведамляе The Guardian.
Паводле ягоных словаў, у ЕЗ ведаюць, што многія краіны маюць запасы сістэмаў Patriot.
«Мы можам у іх набыць, можам даставіць ва Украіну, грошы ў нас ёсць. Гэта вельмі важна», – сказаў ён пасля прыбыцця на саміт лідараў ЕЗ.
Паводле словаў Рутэ, гаворка ідзе пра краіны, якія наўпрост не хочуць перадаваць іх Украіне. На днях Нідэрланды паабяцалі 4 млрд еўраў на ваенную дапамогу для Украіны, а таксама перадаць некалькі сістэмаў Patriot. Аднак Рутэ не ўдакладніў пра якую колькасць ідзе гаворка.