30 красавiка 2024, aўторак, 8:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчык ВНУ, дзе вучыўся Лукашэнка: У аграрыяў неўзабаве адбяруць пашпарты

24
Выкладчык ВНУ, дзе вучыўся Лукашэнка: У аграрыяў неўзабаве адбяруць пашпарты

Іншых магчымасцяў утрымаць спецыялістаў няма.

Лукашэнка правёў нараду з аграрыямі. Асабліва дыктатара хвалявалі кадры. «На месцах застаецца не больш за палову маладых спецыялістаў. Злачынства!» - распякаў ён чыноўнікаў.

Чаму сельская гаспадарка страчвае спецыялістаў? Сайт Charter97.org на ўмовах ананімнасці паразмаўляў з выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі — ВНУ, дзе ў свой час вучыўся сам Лукашэнка:

- Давайце возьмем нашу акадэмію. У нас ліквідавалі цэлы факультэт - "Аграэкалогія". Былі вялізныя недаборы, што прывяло да таго, што прыйшлося прыбраць некалькі спецыяльнасцяў. Прахадныя балы на “Аграномію” - гэта 90 балаў. Конкурсу няма - адзін чалавек на месца. Якасць абітурыентаў - самі ўяўляеце якая.

Калі возьмем якасць працоўных месцаў, якую прапануюць выпускнікам, то шмат хто ўцякае ад такой працы ў войска ці дэкрэт. Разумею, што калі чалавек ідзе ў аграрную сферу, то павінен уяўляць, што гэта спецыфічная і цяжкая праца, але павінны быць задаволены нейкія базавыя патрэбы.

А калі спецыялістаў размяркоўваюць у нейкія Богам забытыя вёскі, у якія аўтакрама прыязджае раз на тыдзень, пра што мы гаворым.

- Атрымліваецца, што сур'ёзны адсеў ідзе ўжо на ўзроўні абітурыентаў?

- Выпускнікі не бачаць сэнсу звязваць сябе з сельскай гаспадаркай. Грошай у гэтай сферы няма, перспектывы - нулявыя. Ёсць адсотак дзяцей з сельскай мясцовасці, якія хочуць стаць аграномамі ці механізатарамі, але ён вельмі невялікі. У асноўным ідуць тыя, каму не стае балаў паступіць на інжынера ці лекара, альбо ахвочыя "адкараскацца" ад войска. Самі падумайце, ці будзе ў людзей жаданне працаваць у гэтай сферы, калі яны яе выбіраюць паводле рэшткавага прынцыпу.

- Лукашэнка ўчора акурат заявіў, што кадры ў сельскай гаспадарцы страчваюцца ў тым ліку праз тое, што служба ў войску залічваецца ў тэрмін адпрацоўкі. Чакаць нейкіх змен?

- Цалкам магчыма. Трэба разумець, што часам войска значна больш прыемнае месца, чым калгасы, у якіх прыходзіцца адпрацоўваць выпускнікам. Многія проста не гатовы размаўляць і кантактаваць з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, там ёсць розныя людзі. Прыходзіць такі малады спецыяліст у калгас, а там п'янства, крадуць, нястачы нейкія, а ты становішся адказнай асобай. Не ўсе вытрымліваюць. У ВНУ не вучаць, як сябе паводзіць, калі ў цябе трактарысты п’юць падчас пасяўной або ўсю салярку злілі. У кніжках жа толькі дозы ўгнаенняў, хімікатаў, шкоднікі, але няма развязання жыццёвых праблем.

А самае галоўнае - заробкі. Бо на шмат што можна заплюшчыць вочы, калі табе ў канцы месяца на рахунак прыходзіць добрая сума. Але заробкі ў сельскай гаспадарцы ніяк не адпавядаюць працы і ўмовам, у якіх даводзіцца працаваць. У нас самыя нізкія заробкі менавіта ў гэтай сферы.

- Лукашэнка даручыў развязаць праблему з кадрамі. Ці атрымаецца нешта з гэтай задумы?

- Выйдзе, калі вярнуць прыгоннае права, якое скасавалі ў 1861 годзе. Я разумею, чаму зараз загаварылі аб праблемах з кадрамі. Дэфіцыт - адна справа, другое - памылкі сталі занадта дарагімі. Памылкі дрэнных аграномаў каштуюць дорага, але вось калі мы бачым гэтую мёртвую жывёліну, якую закуплялі за вялізныя грошы, гэта ж сотні тысяч даляраў.

Яе ж губяць не толькі простыя работнікі жывёлагадоўчых комплексаў, але і ветэрынары-двоечнікі, дрэнныя заатэхнікі, спецыялісты, якія не хочуць працаваць. Якасць кадраў - яшчэ большая праблема, чым іх дэфіцыт.

Дэфіцыт улады развяжуць даволі проста - як у СССР забіраць пашпарты ў работнікаў калгасаў. Да гэтага ўсё і прыйдзе, калі ў сельскую гаспадарку не інвеставаць.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках