Брытанія рыхтуе новую зброю ў магчымай вайне супраць РФ
- 30.03.2024, 16:57
- 9,014
Яе выкарыстоўваюць элітныя брытанскія войскі за Палярным колам.
Элітныя брытанскія войскі на вучэннях за Палярным колам выкарыстоўвалі сабак для забеспячэння войскаў боепрыпасамі і харчаваннем. Група вайсковай падтрымкі трэніравалася з хаскі ў паўночнай частцы Нарвегіі. Пра гэта піша The Daily Mail.
Такі спосаб пачалі выкарыстоўваць пасля таго, як прадстаўнік камісіі кансерватараў па абароне Марк Франсуа прызнаў, што ў вайне супраць пуцінскай Расеі ў Вялікай Брытаніі скончацца боепрыпасы і бранятэхніка менш чым за два месяцы.
Спецыялісты з палка матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння знаходзяць спосабы, як задзейнічаць сабак у рызыкоўных місіях на тэрыторыю ворага.
Група, вядомая як Whisky Squadron (эскадрон хаскі), складаецца з дасведчаных інжынераў, лагістаў, кіроўцаў і жаўнераў аховы, якія рознымі спосабамі дабіраюцца да паказаных лакацыяў пад покрывам цемры.
На апублікаваным відэа сабакі прабіраюцца па дзікай мясцовасці ў Арктыцы. Каманда вайскоўцаў працавала з нарвежскай арганізацыяй Riverland Husky, вывучалася адлегласць, якую гэтая парода можа пераадолець, хуткасць і цягавітасць на заснежанай мясцовасці.
"Мы змагаемся з пагрозай высокатэхналагічнай зброі і разглядаем нізкатэхналагічныя і малапрыкметныя рашэнні, такія як сабакі-хаскі, для папаўнення запасаў перадавых сіл", - растлумачыў капітан Каралеўскай марской пяхоты Эл Хантэр.
Whiskey Squadron з'явіўся ўсяго шэсць месяцаў таму назад.
Са слоў марскога пяхотніка Роберта Сварта, маладыя байцы хочуць прыехаць у Нарвегію і выпрабаваць сябе ў адных з самых складаных умоў у свеце.
Радавы Джэймс Глэдхіл, спецыяліст па забеспячэнні Каралеўскага лагістычнага корпуса, дадаў: «Будучы маладым жаўнерам, вы чытаеце навіны і бачыце, што адбываецца сёння ва Украіне. Я думаю, што гэта больш, чым любыя іншыя вучэнні, служыць рэпетыцыяй місіі. Вядома, мы гатовыя, калі здарыцца горшае, устаць плячом да пляча з нашымі нарвежскімі партнёрамі».