Як Ерэван закрывае сваю краіну для Z-прапаганды
1- 30.03.2024, 15:25
- 4,258
Салаўёва больш не пакажуць.
Трансляцыі праграмаў прапагандыста Уладзіміра Салаўёва на канале «Расея-1» больш не будуць даступныя ў Арменіі, заявіў армянскі чыноўнік Авет Пагасян. Сам канал прадоўжыць вяшчанне, але падчас праграмаў Салаўёва трансляцыю будуць перарываць, піша Telegram-канал «Можам растлумачыць».
Арменія, гістарычная хаўрусніца Расеі, цяпер разварочваецца да яе спінай, а да Захаду тварам. У лютым Арменія замарозіла свой удзел у АДКБ, а ў сакавіку – папрасіла Маскву вывесці памежнікаў з армянскага аэрапорта Звартноц. З 30 сакавіка армянскія банкі спыняць абслугоўванне расейскіх картак «Мір».
З забаронай на ўезд у Арменію ў кастрычніку 2022 года сутыкнулася прапагандыстка, галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян, і дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін. Пра тое, што ён стаў персонай non grata яму паведамілі лістом.
Выдавец таблоідаў Арам Габрэлянаў сутыкнуўся з забаронай уезду вясной 2023 года. Габрэлянаў вядомы сваёй прапуцінскай пазіцый і вострай крытыкай Нікола Пашыняна. У аэрапорце Габрэлянаву не дазволілі перасячы мяжу, сказаўшы, што ён «з'яўляецца непажаданай асобай у Арменіі».
Наконт Сіманьян афіцыйнай паперы не публікавалі, але прэм'ер краіны Нікол Пашынян, адказваючы на адпаведнае пытанне, ускосна пацвердзіў забарону ўезду, сказаўшы, што Арменія мае права ўпускаць каго хоча.
Тэлепрапагандыст і кінарэжысёр Тыгран Кеасаян таксама ў няміласці ў Арменіі. Вяшчанне радыёстанцыі «Спадарожнік.Арменія» (яна ўваходзіць у дзяржаўны холдынг «Расея Сёння») было прыпыненае ў снежні 2023 на месяц праз ягоныя выказванняў у аўтарскай перадачы. Цяпер вяшчанне «Спадарожнік. Арменія» аднавілі.