Генерал-маёр СБУ расказаў, чаму прагаварыўся Лукашэнка
- 30.03.2024, 9:38
- 38,054
Дыктатар сказаў 99% праўды.
Генерал-маёр запасу Службы бяспекі Украіны, былы намеснік кіраўніка СБУ Віктар Ягун патлумачыў у інтэрв'ю Radio NV, чаму беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка адмаўляе трызненне расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пра датычнасць Украіны да стральбы ў «Крокус Сіці Холе».
Ягун заявіў, што Лукашэнка «заўсёды спрабаваў сябе выставіць у лепшым святле», асабліва перад уласным насельніцтвам.
«Я падазраю, што Лукашэнка сказаў 99% праўды. Яны іх рэальна чакалі, маглі прыняць. Але тыя зрэагавалі своечасова і зразумелі, што там іх чакаюць і развярнуліся. Але сітуацыя праўдзівая: 15 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю і 153 ад мяжы з Украінай. У якім кірунку яны ехалі – і так было зразумела», – дадаў экс-намеснік кіраўніка СБУ.
26 сакавіка Лукашэнка заявіў, што стралкі з расейскага ГЦ «Крокус Сіці Хол» спачатку паехалі ў бок беларускай мяжы. Ён аспрэчыў заявы крамлёўскай прапаганды, што яны нібыта адразу планавалі ехаць ва Украіну.
«Яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму развярнуліся і пайшлі на адрэзак украінска-расейскай мяжы», – сказаў ён.