27 красавiка 2024, Субота, 13:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы дачакаемся

8
Мы дачакаемся

На памяць пра Віктара Статкевіча.

Чаму, халера, зноў пра смерць? Вакол вясна, птушкі, кветкі, давай ужо пазітыў, годзе пра трагічнае. Я сапраўды спрабую. І ў мяне, магчыма, нават атрымалася б, каб днямі не памёр Віктар Паўлавіч Статкевіч. Бацька беларускага героя, які не менш гераічна чакаў сына з турмы.

Здавалася б, можна пазайздросціць Віктару Статкевічу: ён пражыў 98 год. І некалькі разоў паспяваў сустрэць сына з лагераў, хоць і баяўся, што не дачакаецца. Доўгае-доўгае жыццё. Годныя сыны, унукі, праўнукі. Але дзіцем ён перажыў вайну - і памёр таксама на вайне: апошнія два гады Віктар Статкевіч жыў ва Украіне, у старэйшага сына Аляксандра. Калі над галавой ляцяць ракеты, а малодшы сын недзе далёка ў турме на доўгі тэрмін, і больш за год няма ні вестачкі, ні званка, ні надзеі на сустрэчу - гэта вельмі цяжкі канец жыцця. І ніхто не ведае, ці паведамяць Мікалаю Статкевічу пра смерць бацькі.

Віктар Паўлавіч быў настаўнікам. У адрозненне ад аднаго самазванца, які называе сябе гісторыкам, Віктар Статкевіч сапраўды вучыў гісторыі дзяцей. А на пачатку васьмідзясятых з'язджаў «на поўнач» на заробкі, каб дзякуючы паўночным надбаўкам зарабіць добрую пенсію. Працаваў на будоўлі, на час забыўшыся пра дыплом настаўніка: сям'ю трэба карміць, сынам трэба дапамагаць. І дапамагаў, нават калі быў ужо пенсіянерам. Ён наогул быў руплівым і эканомным: калі падчас папярэдняга зняволення Мікалая да Віктара Паўлавіча ў госці прыехалі незалежныя журналісты, ён потым выйшаў праводзіць іх і заадно прайсціся да газетнага кіёска па свежую прэсу. Тады яшчэ ў кіёску можна было набыць «Народную волю», «Свабодныя навіны» і баранавіцкую Intex-press. Журналістам Віктар Статкевіч тлумачыў, што выпісваць газеты не мае сэнсу: узрост далёка за восемдзесят, кожны дзень можа быць апошнім, дык навошта грошы марнаваць авансам, калі аплачаныя загадзя газеты ён можа ўжо і не прачытаць? Разумней кожны дзень хадзіць у кіёск.

У 2011 годзе, калі кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч сядзеў у СІЗА КДБ і чакаў суда за акцыю пратэсту 19 снежня, Віктар Паўлавіч з'ездзіў ва Украіну на вяселле ўнука. Многія тады думалі, што там і застанецца, будзе жыць у сям'і старэйшага сына. Але Віктар Статкевіч вярнуўся ў Баранавічы, каб чакаць лістоў ад Мікалая. І, магчыма, дачакацца яго вызвалення. «Як я магу з'ехаць адтуль, дзе мой другі сын у бядзе, дзе я праліў ужо столькі слёз, што ўсе крыўдзіцелі б патанулі ў іх, калі б толькі маглі? - казаў ён журналістам Intex-press. - І як мне можна кудысьці з'ехаць адсюль, калі сюды прыходзяць лісты ад майго сына? Калі тут яго будуць судзіць? Я баюся, што ўжо не дачакаюся свайго Мікалая на волі. Дык хачу сустрэцца з ім хаця б на судзе».

Тады Віктар Паўлавіч усё ж дачакаўся свайго Мікалая на волі. Хоць карнікі і спрабавалі папсаваць жыццё не толькі сыну, але і бацьку. Чаплялі на плот георгіеўскія стужачкі, падкідвалі лісты з пагрозамі. Уявіце сабе, як гэта - чалавеку ва ўзросце пад 90 гадоў, які жыве толькі лістамі ад сына і адчайнай надзеяй на сустрэчу, даставаць з паштовай скрыні ананімкі, у якіх напісана, што калі ягоны сын Мікалай выйдзе на волю, то будзе забіты. Якому вырадку прыйшло ў галаву пісаць такое самотнаму паджыламу чалавеку, мы не ведаем і, мусіць, ніколі не даведаемся. Хоць жонка Мікалая Марына тады намагала на звароце ў міліцыю наконт пагроз. Але што з такімі зваротамі робяць у міліцыі - ужо гэта мы з вамі ведаем вельмі добра.

Тым не менш Віктар Паўлавіч тады трымаўся з усіх сіл. Чакаў сына. Паспеў у 2011 годзе з'ездзіць на кароткае спатканне ў калонію да таго, як Мікалая перавялі на турэмны рэжым. Пасля спаткання, праўда, казаў журналістам, што калі ўбачыў схуднелага бледнага Мікалая, потым усю ноч плакаў. Але слёз яго ніхто не бачыў - на людзях Віктар Паўлавіч заўсёды быў усмешлівы і спакойны. А пра што ён плакаў па начах, так і заставалася ў сценах ягонай кватэры, часам прарываючыся прызнаннямі мясцовым актывістам ды хлопцам з газеты Intex-press, якія наведвалі Віктара Статкевіча.

Няма больш той баранавіцкай газеты, якая заўсёды пісала навіны пра Віктара Статкевіча. Стаіць пустой ягоная кватэра на вуліцы Жукава. І Віктара Паўлавіча таксама больш няма. Памятаць пра яго і дачакацца Мікалая на волі - вось і ўсё, што мы можам зрабіць дзеля ягонай памяці. Мала? Для цяперашніх часоў - шмат.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках