29 красавiка 2024, панядзелак, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы выявілі злучэнні, якія робяць ласось настолькі карысным

4
Навукоўцы выявілі злучэнні, якія робяць ласось настолькі карысным

У рамках даследавання навукоўцы прыцягнулі 41 удзельніка.

Навукоўцы з Універсітэта Каларада выявілі, што пры спажыванні ласося ў плазме крыві павялічваюцца спецыфічныя харчовыя злучэнні і іх метабаліты, звязаныя з кардыяметабалічнымі паказчыкамі здароўя. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў The Journal Of Nutrition, піша HealthLine.

Навукоўцы даследавалі злучэнні ласося праз прызму метабаломікі - вобласці даследавання, якая засяроджваецца на малых малекулах (метабалітах), што з'яўляюцца вынікам метабалізму - хімічнай рэакцыі, якая ператварае пажыўныя рэчывы ў энэргію.

Мэта даследчыкаў палягала ў тым, каб ідэнтыфікаваць канкрэтныя метабаліты, атрыманыя з ласося, а затым праверыць, ці карэлююцца яны з якімі-небудзь карыснымі вынікамі для здароўя, напрыклад паляпшэннем узроўню халестэрыну.

У рамках даследавання навукоўцы прыцягнулі 41 удзельніка. Яны павінны былі выконваць адмысловую дыету цягам двух пяцітыднёвых перыядаў з, прынамсі, чатырохтыднёвым перапынкам паміж імі.

Удзельнікі прытрымліваліся кантраляванай міжземнаморскай дыеты, якая ўключала дзве порцыі ласося на тыдзень. Міжземнаморская дыета - гэта здаровая для сэрца дыета, у якой прысутнічае шмат гародніны, рыбы і прадуктаў харчавання з цэльнага зерня.

Узоры ўсёй ежы, якую гатавалі для ўдзельнікаў, аналізавалі таксама ў лабараторыі, каб даследаваць іх метабаліты. Агулам у ежы навукоўцы выявілі 1518 асобных злучэнняў. Толькі 508 з іх былі ідэнтыфікаваныя як спецыфічныя для ласося. Пасля вызначэння метабалітаў ласося даследчыкі змаглі параўнаць іх з узорамі крыві ўдзельнікаў.

Калі даследчыкі прааналізавалі колькасць спецыфічных для ласося метабалітаў у аналізе крыві ўдзельнікаў, то 48 з іх былі звязаныя з кардыяметабалічнымі паказчыкамі здароўя, такімі як зніжэнне агульнага халестэрыну, халестэрыну ЛПНП, трыгліцэрыдаў крыві і ApoB - індыкатара сардэчных захворванняў.

«Мы першымі выявілі спецыфічныя для ласося біяактыўныя злучэнні, якія павялічваюцца ў плазме пасля спажывання 113 - 227 г ласося на тыдзень. Акрамя таго, некаторыя з гэтых спецыфічных харчовых злучэнняў былі звязаныя з паляпшэннем кардыяметабалічных паказчыкаў здароўя», - пішуць аўтары даследавання.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках