29 красавiка 2024, панядзелак, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Эдуарда Лобава: Ва Украіне знік банкаўскі рахунак сына

108
Маці Эдуарда Лобава: Ва Украіне знік банкаўскі рахунак сына
МАРЫНА ЛОБАВА
ФОТА: CHARTER97.ORG

Дакументы загінулага беларускага добраахвотніка ёй таксама дагэтуль не вярнулі.

У Варшаве 28 кастрычніка прайшла вечарына памяці добраахвотніка Эдуарда Лобава і іншых беларускіх воінаў, якія загінулі на вайне ва Украіне.

На мерапрыемстве, арганізаваным галоўнай рэдактаркай сайта Charter97.org Наталляй Радзінай, маці загінулага добраахвотніка Марына Лобава распавяла, што ёй дагэтуль не аддалі дакументы Эдуарда, а ва ўкраінскім банку знік рахунак, на які ён атрымліваў заробак падчас службы ва УСУ.

Сайт Charter97.org даведаўся ў Марыны, ці змянілася нешта за гэты час:

- У пэўных момантах ёсць зрухі, а нешта засталося без змен. Наконт дакументаў я сама патэлефанавала ў частку, там мне дапамог начальнік фінансавай службы Ян Грысь. Дакументы нібыта ўжо высланыя ў вайсковы камісарыят, праўда, не ведаю, ці дайшлі яны, іх яшчэ не атрымалі.

У 72-й брыгадзе, у якой служыў Эдзік, мне ўсе дапамагалі. Але ёсць такая Юлія Гайдукевіч, якая заявіла, што адказвае за "двухсотых". Так яна назвала загінулых герояў Украіны, кантрактнікаў - "контрыкамі", увесь час карысталася слэнгам. Думаю, што для сваякоў загінулых гэта абразліва гучыць. Для мяне гэта сын, жывы чалавек, герой, які аддаў жыццё за Украіну, а не "двухсоты", як яна яго называе.

Мабыць, яна ўзяла на сябе паўнамоцтвы Міністэрства абароны Украіны і падумала, што мне "не належыць атрымліваць агулам і дакументы, і кампенсацыю". Гайдукевіч адмовіла мне яшчэ і ў кампенсацыі, хаця я нічога не пісала ў 72-ю брыгаду аб гэтым пытанні, гэта разглядае Міністэрства абароны Украіны.

Гайдукевіч тлумачыла, што "мне не належыць атрымліваць дакументы, бо ў мяне беларускі пашпарт", таму яна і не высылае мне дакументы сына. Атрымалася такая дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы. Ва Украіне няма абмежаванняў, што сваякам загінулых беларусаў нельга дасылаць дакументы.

Але мы ўжо развязалі з начальнікам фінансавай службы гэтыя праблемы, ва ўсякім разе - мне сказалі, што дакументы высланыя. Спадзяюся, што выслалі ўсё неабходнае.

ЭДУАРД ЛОБАЎ

- Ці атрымалася чагосьці дамагчыся ў справе з банкаўскім рахункам Эдуарда?

- Пасля прэзентацыі фільма да мяне падышоў супрацоўнік пасольства Украіны Раман Шэпяляк. Я яму выслала дакументы, якія пацвярджаюць, што мой сын служыў ва УСУ, што меў выплаты на рахунак "Прыватбанка". Раман паабяцаў, што перашле гэтыя дакументы ў Кіеў, каб там нешта зрабілі, пашукалі гэты рахунак. Але, на жаль, ужо прайшло больш за месяц з таго часу, а вынікаў ніякіх няма, цішыня.

Я і сама ездзіла ў Хмяльніцкі да натарыуса, падала гэтыя дакументы з часткі, што былі выплаты, каб ён падаў яшчэ раз запыт у банк. Першы раз, калі яны падавалі, ім увогуле адказалі, што «рахунку няма і быць не можа». А выплаты ішлі ў “Прыватбанк”.

- Ці ёсць падобныя праблемы ў сваякоў вайскоўцаў?

- Так, я пра гэта чула, чытала ў інтэрнэце, што некаторыя камандзіры частак пералічвалі грошы сабе на рахунак. Але каб проста знік рахунак у банку - такога я яшчэ не чула.

- Ці ёсць нейкія зрухі з прысваеннем Эдуарду годнасці Героя Украіны?

— Гэтым зараз займаюцца ва Украіне, таксама я падпісала дамову з арганізацыяй беларусаў у Нямеччыне Freedom for Belarus gUG, якія, спадзяюся, мне будуць дапамагаць у гэтай справе. Збіраюцца подпісы пад петыцыяй.

Кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтру ў Львове Аляксей Францкевіч накіраваў запыт у 72-ю брыгаду, каб яны хадайнічалі са свайго боку, бо без гэтага хадайніцтва не можа быць прысвоеная годнасць Героя Украіны. Працэс ідзе, але невядома, чым гэта скончыцца.

Хацела б выказаць падзяку 8-му палку Сіл спецыяльных аперацый, дзе мой Эдзік служыў раней. Яны сапраўды памятаюць яго і шмат у чым мне дапамаглі. У Хмяльніцкім быў пастаўлены памятны знак, і дзякуючы таму, што яны падалі запыт у гарадскую раду Хмяльніцкага, майму Эдзіку была прысвоеная годнасць ганаровага гараджаніна.

Таксама хацела б падзякаваць гарадскім вайсковым камісарыятам Хмяльніцкага, адкуль набіралі Эдзіка. Яны мне дапамаглі ў атрыманні дакументаў, пісалі звароты ў 72-ю брыгаду.

Даведка

Беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня 2023 года, абараняючы Вуглядар. Ён служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе, удзельнічаў у вызваленні Кіеўскай вобласці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў.

Эдуард Лобаў - былы палітвязень. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года разам з лідарам "Маладога фронту" Змітром Дашкевічам, а затым незаконна асуджаны на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Эдуард цалкам адбыў свой тэрмін у калоніі "Ваўчыныя норы".

Эдуард Лобаў ваяваў ва Украіне з 2015-га года.

У 2014 годзе сайт Charter97.org абвясціў яго лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках