15 траўня 2024, Серада, 12:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка застаўся з пудзілам

31
Лукашэнка застаўся з пудзілам

За год ніякага прарыву ў дачыненнях з Зімбабвэ не адбылося.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго запланаваны візіт у Экватарыяльную Гвінею. У сувязі з гэтым варта ўспомніць аб ягонай паездцы ў іншую афрыканскую краіну - Зімбабвэ, якая адбылася ў пачатку года.

Тады Аляксандр Лукашэнка абяцаў прарыў у супрацоўніцтве:

"Гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш як 3,7 тысяч адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу найбліжэйшых паўтара года».

А ўжо пасля вяртання Лукашэнкі ў Менск было заяўлена, што дзякуючы ягонаму візіту ў Зімбабвэ ўдалося ўкласці кантракты на суму $200 млн.

UDF расказвае, што здарылася далей і ці былі рэалізаваныя дамоўленасці.

Візіты і падпісанні папер

Далейшы фармат супрацоўніцтва ўладаў Беларусі і Зімбабвэ можна падзяліць на дзве катэгорыі - асабістыя кантакты і падпісанні розных папер. Сустракаліся чыноўнікі з пачатку лютага даволі шмат.

Сакавік. Візіт міністра замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыка Шавы ў Менск, яго размова з Лукашэнкам.

Красавік. Візіт у Менск першай лэдзі Зімбабвэ Аксіліі Мнангагвы. Афіцыйна мэтай яе візіту назвалі цікавасць да беларускай сістэмы аховы здароўя і дапамогі дзецям, вытворчасці дзіцячага харчавання. Пры сустрэчы з Лукашэнкам першая лэдзі Зімбабвэ назвала яго не толькі "бацькам краіны, але і маці".

Пры іх размове прысутнічаў Аляксандр Зінгман - бізнэсовец, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі.

Жнівень. У Менск прыбыў новапрызначаны пасол Зімбабвэ ў Беларусі Ігнатыюс Грэм.

Нягледзячы на ўкладзеныя ў пачатку года дамоўленасці, чыноўнікі працягнулі падпісваць розныя паперы. Сярод іх - указ Лукашэнкі аб стварэнні супольнай камісіі ў супрацоўніцтве, падпісанне міністрамі адукацыі дарожнай карты на 2023-2025 гады ў сферы вышэйшай адукацыі і навукі, ратыфікацыя дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў пагаднення паміж Беларуссю і Зімбабвэ аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання.

Але які ж вынік мелі ўсе гэтыя шматлікія рухі цела?

Жорсткая праўда аб пастаўках беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ

Інфармацыі аб тым, як выконваюцца ўкладзеныя на пачатку года падчас візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ дамоўленасці, практычна няма. У адкрытых крыніцах можна адшукаць толькі такое паведамленне: у жніўні дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА напісала, што ў 2023-2024 гадах у Зімбабвэ плануецца паставіць 3 575 трактароў, іх адгрузка пачалася ўжо.

З гэтай інфармацыі вынікае, што з пачатку года справа практычна не прасунулася - тады Лукашэнка заявіў, што Беларусь паставіць 3 700 трактароў.

Чаму дамоўленасці не рэалізоўваюцца, цалкам можна здагадацца: у Зімбабвэ на набыццё беларускай тэхнікі, здаецца, проста няма грошай. У жніўні зімбабвійская дэлегацыя, у складзе якой былі прадстаўнікі CBZ BANK, наведала "Бабруйскаграмаш", але, відаць, безвынікова.

Некалькі месяцаў таму Беларусь перадала Зімбабвэ 23 пажарныя машыны. Паведамілі пра гэта менавіта з фармулёўкай аб "перадачы", а не продажы.

Нагадаем, што нядаўна прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка канстатаваў аб сітуацыі ў стасунках з Афрыкай:

"Аб'ектыўна ацэньваючы знешнегандлёвую сітуацыю, трэба шчыра прызнаць, што назапашаны палітычны капітал пакуль не канвертаваны ў належнай ступені ў паспяховыя гандлёва-эканамічныя праекты".

Такім чынам, ледзь не адзінае, што здолеў атрымаць беларускі бок за мінулы год – пудзіла льва, падоранае Лукашэнку падчас яго візіту ў афрыканскую краіну.

У цэлым спробы Лукашэнкі наладзіць супрацоўніцтва з Зімбабвэ можна растлумачыць двума магчымымі прычынамі: ці дзеяннямі ад безвыходнасці ў сувязі з заходнімі санкцыямі, ці спробай выбудаваць карупцыйную схему пад выглядам міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

Незалежныя афрыканскія СМІ ўжо не раз пісалі, што Беларусь праз Віктара Шэймана і Зінгмана спрабуе дамовіцца з уладамі Зімбабвэ аб непразрыстай набыцці карысных выкапняў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках