29 красавiка 2024, панядзелак, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг аб стаўленні Ізраіля да Лукашэнкі: Надышоў момант праўды

Палітолаг аб стаўленні Ізраіля да Лукашэнкі: Надышоў момант праўды
РЫГОР МЕСЕЖНІКАЎ

Дыктатар доўгі час разыгрываў добрае стаўленне да юдэяў.

Пуцін пракаментаваў напад на Ізраіль тэрарыстаў з ХАМАС. Асуджэння дзеянняў баевікоў не было, замест гэтага ён абвінаваціў ва ўсім ЗША.

Расейская прапаганда (а за ёй і лукашэнкаўская) адкрыта падтрымліваюць палестынскіх тэрарыстаў.

Чаму Крэмль і Лукашэнка салідарызаваліся з тэрарыстамі?

Гэтае пытанне сайт Charter97.org задаў славацкаму палітолагу і прэзідэнту Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгору Месежнікаву:

- Гэта ніколькі не здзіўляе, бо Масква ўжо даўно падтрымлівае кантакт з ХАМАС, можна сказаць, на ўзроўні афіцыйных двухбаковых міжнародных стасункаў. У гэтай сітуацыі сувязь з ХАМАС для Расеі не ўяўляе ніякай праблемы, хаця гэта і тэрарыстычная крымінальная структура. ХАМАС - арганізацыя, якая ажыццяўляе генацыдную палітыку. А тое, што яны ўчынілі цяпер, проста выходзіць за рамкі ўсіх магчымых зверстваў, якія толькі можа тэрарыстычная арганізацыя ўчыніць.

Тут прасочваюцца супадзенні ў падыходах у Расеі ў стаўленні да Украіны і ХАМАСа ў дачыненні да Ізраіля. Тут, як кажуць, усё адзін да аднаго. Калі іх выганяюць з тэрыторыі, якую яны да гэтага захапілі, то вайскоўцы і цывільныя знаходзяць там проста кашмарную праяву зверстваў. Тут паміж Расеяй і ХАМАС розніцы амаль ніякай.

ХАМАС уваходзіць у той самы інтэрнацыянал дзяржаў-выгнанніц, у які ўвайшлі Расея, Іран, а таксама «Хезбала», якая з'яўляецца проксі Ірана. Падыгрывае ім, вядома, Аляксандр Лукашэнка, гэта значыць, пад яго кіраўніцтвам Беларусь стала, фактычна, такой жа дзяржавай.

На жаль, гэта таксама ўрок для Ізраіля, для яго палітычнага класа. Большасць насельніцтва гэтай краіны ўсё ж сімпатызавала Украіне. Але палітычнае кіраўніцтва Ізраіля расцаніла сітуацыю так, што будзе спрабаваць застацца на роўнааддаленай дыстанцыі, дапамагаючы, вядома, Украіне шмат у чым, але не пастаўляючы зброі.

Я ніколькі не сумняваюся, што не толькі Іран, але і Расея мае дачыненне да таго, што адбылося. Таму не толькі Пуцін, але і ўвогуле ўся расейская прапаганда проста млее ад шчасця пасля здарэння, гэта проста кашмар нейкі. Гэта людзі, якія падтрымліваюць генацыд. Гэта можа быць нават яшчэ горш, чым генацыд, яшчэ не ўсё раскрытае з таго, што адбылося. Тое, што адбылося - за межамі ўсяго чалавечага, ніякія жывёліны не могуць такога ўчыніць, гэта зверства ў самым найгоршым варыянце.

- Вы сказалі, што Лукашэнка падыгрывае ворагам Ізраіля. Чаму ён гэта робіць?

- Наколькі я ведаю, ён спрабаваў гуляць картай добрага стаўлення да юдэяў, габрэйскай культуры, спрабаваў нейкім чынам падмазацца да Ізраіля. З ізраільскага боку таксама гучалі такія ноткі, што трэба ўсё ж падумаць і пра юдэяў у Беларусі, каб стасункі не ўскладняліся, каб не было рэпрэсій з боку дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да габрэяў.

Але цяпер надышоў момант праўды — ці вы на баку вось гэтага ўсяго звера, ці вы супраць. Той, хто не асуджае, пагатоў - хто з гэтым салідарны (а гэта акурат усе гэтыя расейскія Z-каналы ў Telegram), яны па факце падтрымліваюць самыя жудасныя рэчы, магчыма, нават горшыя, чым тое, што рабіла ІДІЛ.

У Беларусі, думаю, насельніцтва ўсё ж правільна зарыентаванае, хоць і зразумела, што няма магчымасці адкрыта праявіць салідарнасць з Ізраілем. Але што тычыцца Лукашэнкі, то ён цяпер знаходзіцца на баку зла.

- Расейская прапаганда салідарызуецца з Іранам і палестынскімі баевікамі. Гэта нейкая ўстаноўка ці яны дзейнічаюць аўтаномна ў гэтай сітуацыі?

— Насамрэч гэта нават і не так важна, хаця, я думаю, што нейкая ўстаноўка ўсё ж ёсць. Яна праяўляецца хаця б у тым, што крамлёўскае кіраўніцтва не асуджае ХАМАС, спрабуе прыпісаць адказнасць і таму, і другому боку. Яны кажуць, што патрэбен мір, што бакі павінны ўстрымацца і іншае. А Пуцін нават папракае Ізраіль, што ва ўсім яго віна, што прычына ўсяго - нібыта ізраільская палітыка паселішчаў. Гэта гуляе толькі на руку ХАМАСу, бо не Ізраіль гэта ўсё пачаў. Ніякай правакацыі не было з боку Ізраіля, ён наогул, як правіла, проста адказвае на зверствы, учыненыя тэрарыстамі.

Адкрыта падтрымаць такія зверскія забойствы, я думаю, што нават Крэмль бы не адважыўся. Але тым, што ў РФ не асуджаюць тое, што адбылося, там пашыраецца поле магчымага. Таму многія з усіх гэтых Z-блогераў альбо ананімна, альбо нават не хаваючы імёнаў, салідарызуюцца з тым, з чым у іх ніколі не было праблем. Яны ж абсалютна ўсе на 100% антысеміты, чарнасоценцы з антыізраільскімі поглядамі.

Яны так паводзяць сябе нягледзячы на тое, што Ізраіль стрымана павёў сябе ў дачыненні да расейскай агрэсіі супраць Украіны. Ізраіль дапамагаў Украіне, але ў гэтай дапамозе не зайшоў далей гуманітарнай, магчыма, была нейкая дапамога з інфармацыяй, якую ізраільскія спецслужбы маглі збіраць, і гэтак далей. Але спынілася ўсё перад вайсковай дапамогай.

Нават калі б Ізраіль нейкім чынам у нечым і падтрымліваў Расею (на шчасце, гэтага не было, няма і не будзе), яны ўсё адно б засталіся антысемітамі. Гэта не змяніла б іх настроі, іх уяўленні. Гэтыя людзі цяпер паказваюць свой сапраўдны твар, яны здольныя не толькі падтрымаць, але і ажыццяўляць тое, што робяць хамасаўскія тэрарысты.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках