15 траўня 2024, Серада, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль распляжыў «гняздо тэрору» ў сектары Газа і рыхтуе наземную аперацыю

Ізраіль распляжыў «гняздо тэрору» ў сектары Газа і рыхтуе наземную аперацыю

Знішчаныя важныя цэнтры ХАМАС.

У сераду, 11 кастрычніка, войска Ізраіля працягвае наносіць удары па сектары Газа пасля маштабнай атакі ХАМАС, якая пачалася раніцай пяць дзён таму. За апошні дзень ізраільская авіяцыя пашкодзіла сотні аб'ектаў у Газе, сярод якіх - дамы сваякоў камандзіра ХАМАС Махамеда Дэйфа: забітыя яго сямейнікі.

Таксама Ізраіль рыхтуецца да пачатку наземнай аперацыі ў сектары Газа, а прэзідэнт ЗША Джо Байдэн перасцярог Іран і яго хаўруснікаў ад спроб умяшацца ў ваенныя дзеянні.

У войску Ізраіля ЦАХАЛ заявілі, што ізраільская авіяцыя знішчыла звыш 200 цэляў у Газе, у раёне Аль-Фуркан. Гэты раён, як сцвярджаюць ізраільскія вайскоўцы, з'яўляецца «гняздом тэрору», яго ХАМАС выкарыстоўвае ў якасці цэнтра для ўчынення нападаў на Ізраіль.

Начныя ўдары сталі трэцяй «хваляй» паветраных нападаў на Аль-Фуркан за апошні дзень: усяго за 24 гадзіны, як запэўніваюць у ЦАХАЛ, знішчана блізу 450 цэляў. Для нанясення ўдараў задзейнічалі дзясяткі знішчальнікаў.

Сярод знішчаных цэляў, паводле інфармацыі некаторых ізраільскіх СМІ, апынуўся дом сваякоў Махамеда Дэйфа, вайсковага камандзіра ХАМАС, якому прыпісваюць распрацоўку і арганізацыю аперацыі «Патоп Аль-Аксы» - так у ХАМАС назвалі напад на Ізраіль, які пачаўся 7 кастрычніка.

Падчас удару, пішуць СМІ, загінулі брат Дэйфа і іншыя сямейнікі.

Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галант падчас выступу перад жаўнерамі анансаваў для арганізацыі ХАМАС «перамены».

«ХАМАС хацеў перамен, і ён іх атрымае. Тое, што было ў Газе, болей не будзе. Мы пачалі наступ з паветра, потым наступім і з зямлі. Мы кантралюем тэрыторыю з другога дня і вядзем наступленне. Яно будзе толькі ўзмацняцца», - падкрэсліў ён.

У той жа час прэзідэнт ЗША Джо Байдэн (назваў атакі ХАМАС «актам чыстага зла» і абвясціў аб адпраўцы Ізраілю дадатковай вайсковай дапамогі. У яе, апроч іншага, увойдуць боепрыпасы і ракеты для ізраільскай сістэмы супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал»).

Таксама Байдэн паведаміў журналістам, што ЗША «ўмацоўваюць пазіцыі нашых вайсковых сіл у рэгіёне, каб узмацніць наша стрымліванне»: з гэтай мэтай была перакінутая авіяносная ўдарная група і знішчальная авіяцыя ЗША.

«Дазвольце мне яшчэ раз сказаць кожнай краіне, кожнай арганізацыі, кожнаму, хто думае скарыстацца сітуацыяй: у мяне ёсць адно слова: не рабіце гэтага», - перасцярог Байдэн тыя сілы, якія могуць мерыцца ўмяшацца ў супрацьстаянне Ізраіля і ХАМАС.

Адным з ключавых адрасатаў перасцярогі Байдэна, відавочна, з'яўляецца Іран, які адкрыта падтрымаў напад ХАМАС. Пры гэтым, як піша Reuters, афіцыйныя асобы ЗША канстатуюць, што ў іх няма довадаў таго, што Іран арганізаваў напады, але ўказваюць на доўгатэрміновую падтрымку Іранам ХАМАС.

Байдэн таксама накіраваў у Ізраіль свайго галоўнага дыпламата Энтані Блінкена, які перадасць «пасланне салідарнасці і падтрымкі».

Нагадаем, раніцай, 7 кастрычніка, баевікі ХАМАС пачалі маштабную атаку на Ізраіль: на краіну паляцелі тысячы ракет, а праз мяжу прарваліся групы тэрарыстаў, якія пачалі забіваць і выкрадаць мірных жыхароў.

У адказ на агрэсію ў Ізраілі абвясцілі аб пачатку аперацыі «Жалезныя мячы», а рада бяспекі Ізраіля аднадушна адобрыла правядзенне наземнай аперацыі ў сектары Газа. У войска мабілізаваныя ўжо больш за 300 тысяч рэзервістаў.

Таксама Ізраіль пачаў поўную блакаду сектара Газа: з панядзелка, 9 кастрычніка, туды не паступаюць харчаванне і паліва.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках