20 красавiка 2024, Субота, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

75 гадоў таму полк «Нармандыя-Нёман» увайшоў у склад 3-га Беларускага фронту

13
75 гадоў таму полк «Нармандыя-Нёман» увайшоў у склад 3-га Беларускага фронту
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Французскі авіяполк удзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944 года.

75 гадоў таму ў гады Другой сусветнай вайны французскі авіяполк "Нармандыя" пад камандаваннем маёра П'ера Пуяда быў накіраваны на 3-і Беларускі фронт. Полк "Нармандыя-Нёман" – 1-ы асобны французскі знішчальны авіяполк, які ўдзельнічаў у баях на савецка-нямецкім фронце супраць фашысцкай Нямеччыны.

Паводле дамовы паміж урадам СССР і Нацыянальным камітэтам "Свабодная Францыя" (пазней – "Змагарная Францыя") у лістападзе 1942 года ў Савецкі Саюз прыбыў асабовы склад эскадрыллі "Нармандыя" (72 добраахвотнікі, у тым ліку 14 лётчыкаў і 58 авіямеханікаў), названай у гонар асабліва пацярпелай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў французскай правінцыі Нармандыя.

У сакавіку 1943 года эскадрылля, аснашчаная самалётамі-знішчальнікамі ЯК-1 (пазней ЯК-9 і ЯК-3), пачала баявыя дзеянні; у ліпені 1943-га разгорнутая ў полк, укамплектаваны французскімі лётчыкамі і савецкім тэхнічным складам.

25 траўня 1944 года авіяполк з чатырох эскадрылляў увайшоў у склад 3-га Беларускага фронту. У траўні 1944-га савецкія войскі рыхтаваліся да аперацыі вызвалення Беларусі. Да пачатку баявых дзеянняў французскія лётчыкі ўдзельнічалі ў прыкрыцці лагеру беларускіх партызанаў брыгады "Дзядзькі Колі", якія апынуліся ў фашысцкай блакадзе, ад варожых знішчальнікаў і бамбавікоў у раёне возера Палік.

Авіяполк удзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944 года, у тым ліку ў разгроме авіяцыі і войскаў праціўніка на аэрадромах Балбасава (Аршанскі раён), Дакудава (Крупскі раён), пад Талачынам і Барысавам, нагадвае БелТА.

Толькі 26 чэрвеня 1944 года французскія лётчыкі здзейснілі 72 баявыя вылеты, знішчылі восем варожых самалётаў. За паспяховыя дзеянні пры фарсіраванні ракі Нёман палку 28 кастрычніка 1944 года прысвоенае ганаровае найменне "Нёманскі". Полк пачаў называцца "Нармандыя-Нёман".

За 1943–1945 гады 148 лётчыкаў авіяпалка "Нармандыя-Нёман" здзейснілі больш за 5 тыс. баявых вылетаў, правялі 869 паветраных баёў, збілі блізу 280 варожых самалётаў. На баявым сцягу палка разам з французскімі ордэнамі Ганаровага легіёна, Баявога крыжа з пальмай, Ваеннага медаля, Крыжа вызвалення знаходзяцца савецкія ордэны Чырвонага Сцяга і Аляксандра Неўскага. Многія лётчыкі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі СССР, лётчыкам Марсэлю Лефеўру, Ралану дэ ля Пуапу, Жаку Андрэ і Марсэлю Альберту прысвоенае званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля перамогі над Нямеччынай французскія добраахвотнікі на самалётах ЯК-3, перададзеных СССР у дар Францыі, вярнуліся на радзіму.

У гонар палка "Нармандыя-Нёман" названая вуліца ў Барысаве. Адзін з самалётаў Як-3, на якім ваявалі лётчыкі "Нармандыі", у цяперашні час захоўваецца ў музеі авіяцыі і касманаўтыкі ў Ле Буржэ (Францыя).

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках