$ 900 млн выдаткавала Беларусь на стратныя цэментныя заводы
27- 21.05.2019, 10:50
- 19,979
Толькі кітайскіх крэдытаў на «цэментавую мадэрнізацыю» ў 2015-2019 гадах Беларусь узяла амаль $600 мільёнаў.
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 21 траўня апублікаваны ўказ Лукашэнкі №181 «Аб арганізацыях цэментнай галіны», які патрэбны для «фінансавага аздараўлення» стратных прадпрыемстваў «Беларускі цэментны завод», «Крычаўцэментнашыфер» і «Краснасельскбудматэрыялы», паведамляе euroradio.by.
Гэтым заводам з бюджэту кампенсуюць запазычанасць за праведзеную ў 2015-2019 гадах з рэспубліканскага бюджэту выплату асноўнай сумы пазыкі, адсоткаў, камісій і іншых плацяжоў за крэдыты (дадатак 1), а таксама адсоткаў, налічаных Міністэрствам фінансаў да 2019 года, у рэспубліканскі бюджэт.
Ва ўказе называюцца і канкрэтныя сумы крэдытаў, выдзеленых гэтым стратным цэментным заводам у 2015-2019 гадах:
- 820,7 мільёна даляраў;
- 200 мільёнаў юаняў;
- 89,8 мільёна рублёў;
- 9,8 мільёна еўра;
- 21,126 мільёна расейскіх рублёў.
Агулам сума складае амаль 900 мільёнаў даляраў, і гэта толькі на тры прадпрыемствы за 5 гадоў. З іх $549 883 769 74 прыпадае на кітайскія крэдыты.
Цэментная галіна ў Беларусі, нягледзячы на укладзеныя ў мадэрнізацыю сродкі, ужо даўно генеруе страты. Для прыкладу, «Крычаўцэментнашыфер» нясе страты шосты год запар. Напрыклад, за 2018 год страты выраслі ў 2,5 разы, да $157 млн рублёў. А ў Беларускага цэментнага завода за 2018 год чыстая страта склала 86 мільёнаў рублёў. Завод нясе чыстыя страты з 2015 года, і да пачатку 2019 года некампенсаваныя страты цэментнікаў дасягнулі 182,5 мільёна рублёў.