Лукашэнка загадаў пабудаваць ля Курапатаў выставачны цэнтр
43- 14.05.2019, 18:56
- 48,968
Выдзелены ўчастак непасрэдна суседнічае з лесам у Курапатах.
Аляксандр Лукашэнка 14 траўня даручыў пабудаваць да 2021 года Нацыянальны выставачны цэнтр на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра «Экспабел», якая мяжуе з Курапатамі, піша прэс-служба дыктатара.
Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын заявіў, што Выставачны цэнтр з'явіцца побач з гандлёва-забаўляльным цэнтрам «Экспабел» на поўначы Менска.
Пазначаны на карце ўчастак - адзінае вольнае месца для будоўлі. Астатнія прасторы зямлі па суседстве належыць розным юрыдычным асобам.
Аднак гэты ўчастак непасрэдна суседнічае з лесам у Курапатах. «Дарога смерці», якая праходзіць праз поле, хутчэй за ўсё, стане мяжой выставачнага цэнтра, піша «Наша Нiва».
Прынамсі так выглядаў папярэдні праект, які быў часова адхілены.
«Дарогай смерці» называюць былы шлях на полі паміж Курапатамі і «Экспабел», па якім у 1930-я гады людзей вазілі ў «чорных варанках» з Менска ва ўрочышчы на расстрэл. Траса гэтага шляху ідзе ад МКАД да шашы «Заслаўе-Калодзішчы» амаль паралельна лініі ўсходняй мяжы курапацкага лесу.
Што думаюць пра сітуацыю абаронцы Курапатаў? Палітык Павел Севярынец сказаў, што «справа дрэнная, трэба будзе станавіцца на абарону».