29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выйшла кніга Змітра Саўкі «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы»

1
Выйшла кніга Змітра Саўкі «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы»
СВЯТКАВАННЕ 50-ГОДДЗЯ БАЗА. НЬЮ-ЁРК 1999
ФОТА З КНІГІ

Зміцер Саўка напісаў даследаванне пра беларускую эміграцыю.

Тры гады таму пайшоў з жыцця стваральнік і кіраўнік моўнай службы «Белсату» Зміцер Саўка. Спадчына ж навукоўца не абмяжоўваецца лінгвістычнымі працамі. Да сумных угодкаў выйшла кніга Саўкі «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы», паведамляе «Белсат».

Піша філолаг Настасся Мацяш, якая ведала Дзмітрыя Саўка асабіста.

Цывілізацыя? Так!

Пакінем грунтоўны разгляд шасцісот старонак даследавання – прафесійным крытыкам, а зробім для чытачоў belsat.eu пункцірны агляд кнігі. Ды пачнем з кідкай назвы.

Хоць фармальна Зміцер Саўка напісаў гісторыю адной з найбуйнейшых амерыканскіх арганізацыяў беларусаў, Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), кніга шырока ахоплівае падзеі, звязаныя з паваеннай эміграцыяй: «На працягу больш як паўстагоддзя ў Амерыцы дзеялі палітычныя, грамадскія, культурніцкія інстытуцыі, паўставалі беларускія цэрквы, выходзілі перыёдыкі, ставіліся спектаклі, праводзіліся выставы, ладзіліся самыя розныя імпрэзы, збіраліся подпісы, адбываліся дэманстрацыі, а ў беларускіх школах гадаваліся беларускія дзеці». Усё гэта склалася ў культурны слой, сведчанне якога – кнігі, газеты, архіўныя дакументы, здымкі, запрашальнікі – і гаворыць нам сёння пра існаванне Беларускай Цывілізацыі па-за Беларуссю.

Зміцер Саўка напісаў даследаванне пра беларускую эміграцыю (а не пра эміграцыю з Беларусі). Гэта кніга пра людзей, якія ехалі на Захад не па лепшы кавалак хлеба, не па заробак ды выгоды, яны ехалі, каб застацца беларусамі, перахаваць – мову, традыцыі, сваю беларускасць. Каб вярнуцца і аддаць гэта ўсё Бацькаўшчыне. Вярнуцца не ўдалося, але ўдалося пабудаваць сапраўдную Беларускую Цывілізацыю. Важны досвед для нас сённяшніх!

Хто ж будаваў Беларускую Цывілізацыю ў Амерыцы?

Савецкая гістарыяграфія, не стамляючыся, ляпіла крыўдны і несправядлівы цэтлік «калабарант» на кожнага, хто па Другой сусветнай вайне апынуўся на Захадзе. На жаль, сучасная афіцыйная гістарыяграфія не далёка адышла ад простага і лёгкага падзелу на «белае» і «чорнае», на «нашых» і «ворагаў». І чытач Саўкавай кнігі ў шмат якіх выпадках пагодзіцца: падзяліць – сапраўды проста, трэба толькі ведаць факты і ацэньваць сваім розумам, а не праз прызму штампаў.

Зварот Роналда Рэйгана да ўдзельнікаў 17-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Ілюстрацыя з кнігі

Напрыклад, сябра БАЗА Станіслаў Грынкевіч восем месяцаў правёў у нацысцкім карным лагеры: бо пратэставаў супраць высылання Гітлеру віншавальнае тэлеграмы з нагоды захопу Парыжу.

Базавец Мікола Кумейша быў арыштаваны за крытыку тэорыі вышэйшасці нямецкай расы.

Станіслаў жа Станкевіч, які за немцамі быў прызначаны старшынём Барысаўскай акругі, а з узнікненнем БЦР – намеснікам прэзідэнта БЦР на Баранавіцкую акругу, як адміністратар выратаваў ад нацысцкай расправы шмат беларусаў і габрэяў.

Людзі траплялі на Захад па-рознаму. Нехта сам эвакуяваўся, уцёк ад саветаў, некага немцы прымусова вывезлі. А часам беларусаў падхопліваў вір выпадковасцяў. Міхась Страпко быў змабілізаваны ў Чырвоную Армію, але ж камандзеры – разбегліся, і таму…

«Вырашылі мы ісці далей у Фінляндыю. Праз дзень, пад вечар, выйшлі на дарогу й шпацыруем па ёй. Бачым, пры дарозе стаяць немцы, па пояс голыя, мыюцца. Заўважылі нас, але надта не глядзяць. Што мы маем рабіць? Будзем уцякаць — паб’юць. І мы ідзем, стрэльбы нясем. Савецкі жаўнер выглядаў як старая баба: у куфайцы, на нагах шалагі – шматы ці анучы накручаныя. Пайшлі мы проста да немцаў. Сталі каля іх, а яны памыліся, сабраліся ды пайшлі. Потым адзін жаўнер падышоў…

– Чаго вы прыйшлі?

– Бо ня ведаем куды дзецца.

– Вы галодныя?

– Так, галодныя.

– Кідайце свае стрэльбы, сядайце тут.

Прынеслі нам па цэлай манашцы густога супу з макаронаю й мясам. За дзве мінуты мы ўсё з’елі. Капітан вярнуўся й спытаў:

– Мо яшчэ хочаце?

– Хочам.

Прынеслі й другі раз. Паелі. Седзімо далей. Капітан папярэджвае, што па нас прыедзе машына. Ну, думаем, накармілі, а цяпер павязуць расстрэльваць. Прыехала машына, у дарогу нам далі масла, каўбасы, кожнаму бохан хлеба: кажуць, вячэра вам будзе. Завезлі нас траёх у бярозавы падлесак і пакінулі самы́х, без усякай аховы; наламалі мы галля ды зрабілі сабе пераначаваць буданы. Наранні прывезлі нам снеданне: хлеба з маслам і каўбасы, кавы – колькі хочаш, а самі паехалі. Абед – зноў прывозяць, макарону, так смачна, што й не наясіся. А нам усё вязуць і вязуць, мы ўжо пачалі пакідаць».

І на фоне такіх паўанекдатычных гісторыяў мацней высвечваецца ваенная трагедыя, страшнае. З успамінаў Антона Шукелойця:

«Я жыў недалёка ад рынку. На рынак прыязджалі з сёлаў прадаваць хто што меў, пераважна яду; там стаў і Беларускі Дом, дзе часта рабілі пастаноўкі, круцілі кіно. От бягу ў школу праз рынак, а на слупох навешана людзей, перад кожным напісана па-беларуску: «Я быў у партызанах», «Я памагаў партызанам», «Я падкладаў бомбы»; аднаго разу чалавек 50 іх вісела. Гэтых людзей вешалі пасля таго, як саб’юць і наздзекуюцца ў SD».

І тым, хто добраахвотна эвакуяваўся разам з немцамі (абы падалей ад саветаў!), і тым, каго вывезлі прымусова, і тым, у каго лёс склаўся вось так, а не іначай, давялося вытрываць нягоды, нястачу і голад, перш як падняцца на ногі. Людзі перажылі вайну, перажылі паваенны ліхі час і стварылі «феномен беларускага замежжа», які лучыць нас, беларусаў метраполіі, з імі, беларусамі Амерыкі. Наталля Арсеннева, беларуская паэтка і дзяячка паваеннай эміграцыі, базаўка, зазначала:

«Феномену замежжа»… на маю думку, мо не было б наагул, каб не папярэдзілі яго гады нямецкае акупацыі. Гэтыя жахлівыя, нялюдскія гады, якія каштавалі нашай бацькаўшчыне і ўсім тым, што іх перажылі, безліч ахвяраў, як гэта ні дзіўна, а спрычыніліся ў вялікай меры да адраджэння беларускае нацыянальнае сведамасці».

Што гуртавала людзей на чужыне?

БАЗА – вялікая, уплывовая, але не адзіная арганізацыя паваенных эмігрантаў у Амерыцы. Што схіляла беларусаў далучацца да пэўнага грамадскага аб’яднання? Вядома, палітыка. У Вольны Свет прыехалі беларусы рознай палітычнай арыентацыі, прыхільнікі Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і прыхільнікі Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). Кожная з плыняў мела моцнае падтрыманне, прызнаных аўтарытэтаў, сваё ўяўленне пра кірункі грамадскай дзейнасці. Людзі зарганізоўваліся найперш з улікам сваіх палітычных перакананняў – і, на жаль, палітычных распадзелаў. БАЗА – грамадская арганізацыя праБНРаўскай палітычнай плыні.

Але цікавы факт: мацнейшым за палітыку чыннікам часам быў спорт. У заснаванні кліўлэндскай калоніі беларусаў вялікую ролю адыграў футбол. Вячка Станкевіч згадваў:

«У нас была футбольная каманда «Пагоня», і таму мы стараліся сцягнуць добрых футбалістаў і, ясна, разам з імі – іхныя сем’і. (…) Першымі ў Кліўлэндзе былі Кастусь Калоша (ён і зараз застаецца там адным з асноўных арганізатараў), Міхась Баранок (ён меў дзеда, які жыў у Кліўлэндзе), быў вельмі здольны спартовец, які, на жаль, памер маладым, — Іван Пагуда, першы капітан нашай футбольнай каманды. З Пагудам я быў знаёмы яшчэ з Міхэльсдорфу, дзе ён таксама быў капітанам футбольнай каманды».

Ёсць чаму павучыцца

Ці не найперш хочацца павучыцца згуртаванасці вакол грамадска значных справаў. Уразіла набыццё і будаванне грамадскай маёмасці – на ахвяраванні базаўцаў. Людзі збіралі грошы – і ўласнасцю БАЗА рабілася зямля, на якой будавалі (у тым ліку і фізічна – сваймі рукамі) адпачынкавыя дамы, залы на 300 асобаў, грандыёзныя цэрквы.

А яшчэ можна па-добраму пазайздросціць размаху, грандыёзнасці святаў ды імпрэзаў. Вось статыстычная інфармацыя пра Першы беларускі фестываль у Нью-Джэрзі (12 чэрвеня 1976 года):

– 5 тыс. уваходных квіткоў;

– канцэрт доўжыўся 2,5 гадзіны;

– выступілі 160 артыстаў;

– працавала выстава мастацкіх вырабаў, сувеніраў, для якой замовілі тысячу дэкаратыўных талерак з выяваю Пагоні;

– быў аформлены кніжны стэнд;

– можна было падсілкавацца стравамі беларускай кухні;

– ну а на заканчэнне – вечарына!

Штатавыя ўлады абвесцілі гэты дзень Днём беларускай спадчыны ў штаце Нью-Джэрзі.

А як жа надзённы гучаць словы Марата Клакоцкага пра канфлікт, які разгарэўся ў БАЗА. Так і хочацца, каб прачыталі нашыя палітыкі і актывісты. Прачыталі і прынялі:

«Увогуле лічу найбольшым недахопам у дзейнасці нашых грамадскіх арганізацыяў тое, што падчас непаразуменняў і вырашэнняў спрэчных пытанняў мэтаю становіцца не пошук кампрамісу, а дзейнасць на кампраметацыю і поўнае знішчэнне апанентаў».

Проста базавец?

Сярод іншага, кніга Змітра Саўкі – крыніца ведаў пра слынных беларусаў. Зора Кіпель працавала як хімік у знакамітай лабараторыі Дж. Гопкінза. Лявон Норык – аўтар запатэнтаванага вынаходніцтва для авіяцыйных рухавікоў, якімі асталёўваліся ваенныя самалёты серыі F. Аўген Вярбіцкі – стваральнік «касмічнае ежы», якая выкарыстоўвалася ў касмічных палётах амерыканскіх астранаўтаў. Ягоны заслугі былі адзначаная, калі тыя прывезлі з Месяца месяцовую пароду: кавалачак яе прэзідэнт ЗША ўручыў таксама й Вярбіцкаму. Васіль Русак меў патэнты ў галіне дынамікі помпаў.

Цікава, што беларусы залучалі ў беларускае грамадскае жыццё сваіх сужэнцаў – небеларусаў. Гэтак, сярод актыўных базаўцаў – сын італьянскіх эмігрантаў Фрэнк Рамана, а таксама Ларэйн Кіпель (у дзявоцтве Сўіні) – амерыканка італьянска-ірландскага паходжання.

Калейдаскоп дэталяў, або адкуль пайшла карупцыя

Значную і для мяне найцікавейшую частку кніга складаюць успаміны базаўцаў. Чаго тут толькі няма! Вартыя ўвагі, напрыклад, аповеды пра грунтоўную міжваенную адукацыю. Мяне, колішнюю студэнтку філфаку і маці сённяшняга студэнта, уразілі словы Антона Шукелойця:

«Я яшчэ вучыўся ў гімназіі ў Ашмяне‚ калі першы раз на просьбу ведамага этнографа Казімежа Машыньскага выканаў апытальнік, прысвечаны народнаму мастацтву. Я досыць шырока апрацаваў адказ – напісаў пра цэлы цыкл веснавых абрадаў. Ён лістом падзякаваў мне й паведаміў‚ што вельмі хацеў бы, каб я быў адным з ягоных вучняў, і што, калі я не магу прыехаць навучацца ў Кракаў‚ то ён мае зáдум пераехаць у Вільню выкладаць».

Міжволі параўноўваеш з сучаснаю ўніверсітэцкаю навукаю ды дачыненнямі студэнтаў і выкладчыкаў… Ці такое здараецца? І ці наагул магчымае?..

У калейдаскопе дэталяў пра жыццё-быццё насмяшыла буркатня ва ўспамінах (насамрэч зусім не смешных) Яніны Каханоўскай (мая бабуля Тоня, гледзячы тэлевізар, казала роўна тое самае!), якая параўноўвала рок-музыкаў з вар’ятамі:

«Мне запомнілася, як перад вайною адзін хворы з вар’яцкага дому выйшаў на бераг Свіслачы (а тая больніца на высокім беразе ракі), як на сцэну, і пачаў выступаць як цяпер рок, – крычыць, спявае. А ты з супрацьлеглай стараны ракі ідзеш і бачыш. Во такіх жа вар’ятаў я бачу цяпер на сцэне. І маюць поспех! Праўда, цяпер касцюмы спецыяльныя, капелюшы, але голас, рухі, міміка – усё супадае».

Некаторыя ж згадкі здольныя змяніць уяўленне пра Беларусь. Дый выклікаць сорам: як жа кепска я ведаю гісторыю сваёй краіны. Васіль Шчэцька згадвае, што «пры Польшчы ездзіў цягнік Парыж – Стоўпцы».

Хочаце ведаць, адкуль пайшла карупцыя? Шчэцька дае адказ, расказваючы пра прыход саветаў і новыя парадкі:

«А купіць матар’ялу, каб пашыць ці рубашку, ці порткі, ці пінжак, – то не было. Некаторыя ездзілі ў Беласток, там гэтыя матар’ялы рабілі. Але каб ехаць, трэба дастаць пропуск, а гэта ня так лёгка было: адразу з’явіўся і блат, і взятки».

Пастка для карэктара

Немагчыма не заўважыць, што кнігу пра Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне напісаў лінгвіст. Перад намі стройная (а нават, ведаючы Змітра і ягоныя моўныя прыярытэты – ідэальная) моўная сістэма, але… далёкая ад афіцыйнага, «школьнага» ўяўлення пра мову. Гэта «амерыканская» беларуская мова. Кніга напісаная класічным правапісам («тарашкевіцай»), што выглядае цалкам лагічна: паваенныя эмігранты іншага правапісу не прызнавалі. Пэўныя ж арфаграфічныя асаблівасці выдання – даніна павагі да амерыканскіх беларусаў, пра якіх кніга і якія перанеслі пэўныя традыцыі англійскай мовы на беларускую глебу. Чытач пабачыць нязвыклае, без злучка, напісанне гарадоў Нью Ёрк, Нью Джэрзі, Іст Брансўік, якое паўтарае графічнае афармленне гэтых назваў у англійскай мове: New York, New Jersey, East Brunswick. Таксама згодна з амерыканскай традыцыяй усе словы ў назвах арганізацыяў, інстытуцыяў, падзеяў у кнізе пішуцца з вялікай літары: Беларускі Грамадскі Цэнтр у Брукліне, Выстава Беларускага Мастацтва, Беларуска-Амерыканская Федэральная Крэдытавая Кааператыва. І гэта несумненны выклік, а то і пастка для карэктара: у складаных выпадках з аўтарам – не параішся…

Часам Зміцер дае цікавыя філалагічныя каментары. Напрыклад, у адной са зносак – тлумачыць тэлеграму старшыню Вярхоўнага Савету БССР, якая віншуе «Яго Міласць Спадара Мікалая І. Дземянцея»: «Імя сп. Дземянцея падаецца тут паводле амерыканскага стандарту: першае імя цалкам, другое — ініцыялам».

З моўных цікавінак вока зачапілася за «самахот» (= «добраахвотнік»), «канцатыдзень» (= «ўік-энд») – якія зразумелыя, «свае» гэтыя словы! А ўспаміны Нюры Русак падкінулі іншыя развагі:

«Я напісала й доўга чакала адказу, а Валодзя з мяне смяяўся, што як людзі атрымаюць ліст, то падумаюць, нейкія вар’яты да іх звяртаюцца. І вось на Каляды — уваходзіць!»

Папяровы ліст уваходзіць з дапамогай традыцыйнай зямной пошты. Ну а як інакш, адкуль бы ў нас на камп’ютарах узялася тэчка «Уваходныя»?

Зміцер Саўка цвердзіць, што «Беларуская Амэрыка – гэта рэчаіснасць, не больш і не менш дзіўная за любую іншую праяву жыцця». Для мяне ж гэтая кніга – пра чалавекаў-інстытутаў. Галоўнае ж адкрыццё – што магчыма жыць і рабіць СТОЛЬКІ. Актыўнасць кожнага базаўца можна вымераць сумарнай дзейнасцю тузіна нашых сучаснікаў і суайчыннікаў – такіх, як я (і паводле бурлівасці, і паводле выніковасці). Вось бы яе, Беларускую Цывілізацыю – ды нам у Беларусь.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках