24 красавiка 2024, Серада, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ларыса Геніюш: сімвал непахіснага змагання

Ларыса Геніюш: сімвал непахіснага змагання

7 красавіка – гадавіна смерці беларускай паэткі.

«Белсат» згадвае яе творчы і жыццёвы шлях.

Нязломная, моцная, мужная, смелая, непрымірымая, сапраўдная гераіня, барацьбітка з таталітарнай савецкай сістэмай.

А ў рэальнасці?

Ларысе Геніюш падабаўся Пятро Машэраў і яна шчыра бедавала, калі ён загінуў.

Ненавідзела мясцовае зэльвенскае начальства, але часам наіўна верыла, што там, у Менску, кіруюць больш справядлівыя людзі, і пісала ім па-дзіцячы шчырыя лісты, у якіх прасіла выпусціць яе за межы Беларусі, хоць у «якую Аўстралію».

Яна, чалавек узнёсла-рамантычнага складу, напісала нямала патрыятычна-пафасных твораў, прысвечаных мужным беларусам, іх гісторыі, змаганню.

На жаль, не аддзяляла рэчаіснасць ад мастацтва, таму і ад рэальных нелітаратурных мужчын патрабавала быць кніжна-магутнымі як маральна, так і фізічна. Адсюль яе шматлікія расчараванні.

Пражыўшы ўсё свае жыццё з мужам Янкам, як толькі яго не бэсціла. Ён і абыякавы да яе творчасці, ён і эгацэнтрык, вечна незадаволены тып, які адно бурчыць і ніяк не хоча разумець яе тонкую паэтычную натуру. Ды і ўвогуле эмацыйна сваю жонку не адчувае.

Самае ж вялікае абвінавачанне і крыўда ў яе была на тое, што калі была нагода ў сярэдзіне 40-х эміграваць, збегчы, ён наадрэз адмовіўся, сказаўшы: «Ты можаш куды хочаш ехаць, а я застануся і сына табе не аддам». Таму іх арышт у 1948-м і далейшыя лагерныя пакуты Ларыса лічыла цалкам на сумленні Янкі Геніюша.

А як яе раздражняў славуты беларускі оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі! Гэты самазакаханы нарцыс, які дбаў, паводле яе ўспамінаў, толькі пра ўласны камфорт і людзей, якія яго акружалі, адно толькі выкарыстоўваў.

Яе злаваў і Уладзімір Караткевіч. Не магла яму дараваць яго празмернай любові да Бахуса.

Яе любімы тып мужчыны - высокі, чарнявы, упэўнены, артыстычны, падцягнуты. Такі, як згаданы ўжо Пётр Машэраў, Ніл Гілевіч, Аляксей Карпюк.

Часам Ларыса Геніюш упадала ў адчай: як жа так, чаму вакол яе толькі слабыя, эгаістычныя, зусім не геройскія мужчыны?

Адкуль такая несправядлівасць?

І тады яна з яшчэ большым імпэтам паглыблялася ў стварэнне рамантычна-балючых твораў пра ідэальных магутных беларусаў, якія маюць сілу Зігфрыда, палымянасць Кастуся Каліноўскага, мудрасць Усяслава Чарадзея.

Яе вершы нагадваюць паводле свайго падкрэслена-узвышанага тона, оперныя арыі.

З твораў Ларысы Геніюш магла б атрымацца неблагая опера.

Яе любімы тып мужчыны – высокі, чорнавалосы, упэўнены, артыстычны, падцягнуты. Такі, як згаданы ўжо Пятро Машэраў, Ніл Гілевіч, Аляксей Карпюк.

У большасці яе твораў, напісаных для дарослага чытача, – няма гумару, арыгінальна прыхаванага падтэксту альбо нейкай незвычайнай метафары. Усё тут дастаткова адназначна. Пра гэта яшчэ, дарэчы з лёгкім сумам, згадваў у сваіх дзённікавых запісах Максім Танк, паэт, які ёй заўсёды спрыяў і, дзякуючы ініцыятыве якога, Ларыса Геніюш змагла ў самыя застойныя брэжнеўскія часы ізноў друкаваць свае кнігі.

Зусім іншай наша гераіня выглядала, калі складала вершы для дзяцей. Тут аднекуль з’яўляецца брутальны гарэзлівы гумар, іронія і тое, без чаго не можа абысціся сапраўдная паэзія – нечакана-парадаксальная метафарыстыка. У адным дзіцячым хорар-вершыку птушкі па-караваджаўску смачна «ядуць муху», у другім творы – аднекуль прыляцелы папугай закахаўся ў сціплую беларускую ластаўку, але гэтая «нацыяналістычна» настроеная птушка не паддаецца яго заляцанням, бо ён не ўмее гаварыць па-беларуску.

Дзіва дзіўнае, як такія крамольныя вершы прапускала цэнзура.

І ўвогуле, сапраўдная загадка – як магла друкавацца ў брэжнеўскія часы Ларыса Геніюш, будучы адкрытым ворагам гэтай сістэмы, не зʼяўляючыся грамадзянкай савецкай краіны?

Няўжо гэтаму паспрыяў адно толькі ўсемагутны Максім Танк?

Хутчэй за ўсё яе імя проста выкарыстоўвалі ў ідэалагічных мэтах. Вось, маўляў, глядзі і дзівіся ўвесь дэмакратычны заходні свет, як мы выпускаем кніжкі такой страшнай дысідэнткі! Так што ўсе гэтыя размовы пра несвабоду – падман. У той жа час, савецкая прапаганда апрацоўвала вядомага беларускага эмігранцкага паэта Клішэвіча, запрашала ў БССР, выдала яго кнігу. Гэта быў час тонкіх палітычных гульняў і Ларыса Геніюш міжволі, нават не здагадваючыся пра гэта, была адной з удзельніц падобных спектакляў.

У жыцці з ёй было цяжка. Ад яе капрызаў стамляўся заўсёдна-шляхетны Максім Танк.

Калі прыязджаў з Беластока сын Юрка, то падобныя сустрэчы завяршаліся крыкам, лямантам, выбітымі шыбамі. Чалавек вялікай сілы волі, яна патрабавала такога ад кожнага і часта заставалася ў гордай балючай адзіноце.

Пасля смерці такіх людзей міфалагізуюць. Не пазбегла гэтага і Ларыса Геніюш. Але рабіць з яе сацрэалістычны партрэт не выпадае.

Гэтая імпульсіўная, крыху аўтарытарная, строгая жанчына была адначасова (у 30-х – пачатку 40-х гг.) мілай какеткай з калекцыяй шыкоўных капелюшоў. Праз яе страляліся на дуэлях, і ад яе веяла непрыхаваным эратызмам (нездарма Забэйда-Суміцкі прапаноўваў ёй руку і сэрца, за што быў спушчаны з лесвіцы). Яна была вялікай прыхільніцай прыгодніцкага французскага кіно. Асабліва фільмаў, дзе іграў Жан Марэ. Любіла эксцэнтрычныя камедыі з Луі дэ Фюнесам. Паглядзеўшы некалькі яго стужак, натхнялася і складала які-небудзь востры, незвычайны дзіцячы вершык.

Ларыса Геніюш не была помнікам самому сабе. Яна была жывой, нечаканай, творча-незвычайнай, прыцягальнай ды імпэтнай.

І менавіта такой і мусіць захавацца ў нашай памяці.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках