20 красавiка 2024, Субота, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ферма

36
Ферма
ІРЫНА ХАЛІП

Чалавека адрознівае ад жывёліны гістарычная памяць.

Мы даўно звыклі параўноўваць сітуацыю ў Беларусі з раманам Джорджа Оруэла «1984». Вялікі Брат, двухдумства, «свабода - гэта рабства» - сапраўды вельмі падобна. Праўда, не толькі мы, але і ўсе жыхары таталітарных дзяржаў, у якіх яшчэ можна чытаць кнігі, параўноўваюць свае родныя краіны з Акіяніяй з кнігі Оруэла. Такія рэжымы падобныя, як аднаяйкавыя двайняты, тут няма нічога дзіўнага. Але апошнім часам родная дзяржава куды больш нагадвае мне не «1984», а іншы твор таго ж аўтара - «Ферма».

Гэты твор, калі хто забыўся, пра тое, як на ферме да ўлады прыходзяць свінні і выганяюць адтуль людзей. Дакладней, свінні сцвярджаюць, што да ўлады прыйшлі ўсе жывёліны і што наогул тыя, у каго чатыры нагі, роўныя. Але з часам свінні ператвараюць астатніх у рабоў, а самі займаюць панскі дом, смачна п'юць гаспадароў віскі, асвойваюць пугу і ладзяць паказальныя пакаранні. Вам гэта нічога не нагадвае? Так, вядома, і я пра тое ж.

Учарашняе знішчэнне крыжоў у Курапатах - гэта найвышэйшы пункт развіцця фермы. І найніжэйшы пункт чалавечага падзення. Справа нават не ў крыжах як такіх (на іх месцы маглі быць камяні, або папяровыя караблікі, або рыбацкія сеткі - ды што хочаце). Справа ў памяці. Чалавека адрознівае ад жывёліны зусім не простаджэнне, а гістарычная памяць. Павага да тых, каго ніколі не ведаў, смутак па незнаёмцах, захапленне гераічным чынам, даўно развеянымі ў стагоддзях. А яшчэ - жаданне пакланіцца чужому праху, пакласці кветкі на месцы пахавання тых, з кім цябе быццам бы нічога і не звязвае, прыбраць смецце з незнаёмай магілы. Той, каму гэта ўласціва, - чалавек. А каму неўласціва - той, ужо прабачце, свіння.

Дарэчы, тыя оруэлаўскія свінні былі вельмі хітрыя: яны вынішчалі памяць пра мінулае паступова і па-майстэрску. Гэтыя - прасцей, яны толькі АМАП ды лясгас выкарыстоўваюць. Зрэшты, пэўную вынаходлівасць праяўляюць і гэтыя. Знішчаючы Курапаты, яны адкрываюць мемарыял у Трасцянцы. Таму што гандляваць забітымі габрэямі выгадна ва ўсіх кірунках. Вось Аўстрыя, да прыкладу, і грошай на помнік сваім загінулым у Трасцянцы выхадцам дала, і канцлера Курца на адкрыццё адправіла. А дзе адкрыццё - там і сустрэча тэт-а-тэт, і ўсялякая падтрымка.

Узгадайце, што сказаў Курц даслоўна тыдзень таму ў Менску: «Я вельмі добра сябе адчуваю ў вашай краіне. І мне вельмі важна, каб Аўстрыя як частка Еўрапейскага Звязу магла наладжваць добрыя доўгатэрміновыя стасункі з вашай краінай. Мне здаецца, што вы знайшлі вельмі пазітыўны, правільны шлях збліжэння з Еўрапейскім Звязам без разрыву вашых партнёрскіх стасункаў з Расеяй». Бачыце, якая выгадная ўгода атрымалася. Бо ў Трасцянец звозілі габрэяў не толькі з Аўстрыі, але і з Нямеччыны, і з Чэхаславакіі. Нямеччына таксама, дарэчы, грошы на мемарыял давала, і на адкрыццё прэзідэнт прыязджаў. Выдатнае месца для гандлю атрымалася.

Іншая справа ахвяры сталінскіх катаў - за іх ні шэлега не атрымаў. Гэта ўжо ўнутраная гісторыя, без сусветных войнаў. І добра б, калі б усе гэтыя дзясяткі тысяч былі з імёнамі ды з багатымі спадкаемцамі дзе-небудзь у Амерыцы: тады б сюды пацякла шырокая рака нашчадкаў, а з імі і не менш шырокія грашовыя плыні. Але ж гэтыя нябожчыкі - бедныя савецкія грамадзяне, ды яшчэ і ў большасці сваёй безыменныя. Няякасны, увогуле, тавар. Заляжалы ва ўсіх сэнсах.

Ды яшчэ і выгляд гэтых крыжоў абуджае дакучлівы ўспамін пра тое, што менавіта з Курапатаў пачынаўся супраціў - тады яшчэ савецкай сістэме, - што менавіта шэсце туды, да месца пахавання, стала першай несанкцыянаванай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі і, нарэшце, што сам факт існавання Курапатаў абуджае ва ўсякага нармальнага чалавека нянавісць да катаў - тагачасных і цяперашніх. Значыць, гэтага месца на карце і на планеце наогул не павінна быць. Трэба знішчыць памяць, а разам з ёй - душу, розум, мінулае, будучыню. І тады людзі павераць, што менавіта свінні павінны імі кіраваць.

Дарэчы, у Оруэла свінні праз некалькі ўраджаяў пачалі паспяхова гандляваць з фермерамі-суседзямі, хоць тыя спачатку не прызнавалі Ферму і патрабавалі вярнуць яе гаспадарам. Рабілі нават разнастайныя жорсткія дзеянні, каб паказаць свінням іх месца. Але потым зразумелі ўсю выгаду ўзаемнага гандлю і добрасуседства і нават пачалі хадзіць да свіней у госці. Сядаць за адзін стол. Прамаўляць тосты. Вось, да прыкладу, містар Калмінгтан, падымаючы тост за Ферму, казаў аб задавальненні ад таго, што доўгім гадам узаемнага недаверу і неразумення прыйшоў канец. Раней жа ў фермераў існавалі памылковыя ўяўленні. Меркавала, што Ферма, якая належыць свінням і кіруецца імі, з'ява не зусім нармальная. Аднак цяпер усе сумненні развеяліся. Высветлілася, што інтарэсы свіней і людзей ніякім чынам не супярэчаць адзін аднаму.

Тост містара Калмінгтона бессмяротны. Парафразы гэтага тоста гучаць апошнія гады з вуснаў многіх еўрапейскіх чыноўнікаў і дыпламатаў. Словы аўстрыйскага канцлера Курца - усяго толькі вольны пераказ таго тоста. Як і нядаўняе інтэрв'ю амбасадаркі Вялікабрытаніі Фіёны Гібс газеце «Вечерний Брест»: «Я размаўляла з калегамі, якія працавалі тут 5-10 гадоў таму. І, мне здаецца, Беларусь рухаецца ў правільным кірунку ў плане рэформаў і дэмакратызацыі...» Можна далей нагадваць імёны і цытаты, але ці варта? І так усё зразумела. Містар Калмінгтон - зборны вобраз.

А вось свіння - канкрэтны.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках