26 красавiка 2024, Пятніца, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як князь Тройдзень змог узвысіць ВКЛ

Як князь Тройдзень змог узвысіць ВКЛ

Подзвігі нашых продкаў на карысць дзяржавы.

Вялікі князь літвінаў Войшалк застаўся ў памяці нашчадкаў як знакаміты валадар-манах, які адчайна шукаў ісціну ў Святым пісанні, у манастырскай адзіноце. Войшалк падумваў не толькі пра абарону сваіх уладанняў, але і духоўную дасканаласць. Праўда, дамагчыся гармоніі было немагчыма ў стагоддзе сталых войнаў. Аб чым сведчыць і гісторыя ягонага пераемніка, князя Тройдзеня, піша «Літвін».

Тройдзень (Тройдэн, Трайдэн, Трайндзяніс) стаў вялікім князем літоўскім блізу 1270 года. Стрыечнаму пляменніку Войшалка давялося правіць княствам да 1282 г. Ён прыйшоў да ўлады ў гады цяжкіх выпрабаванняў. Да межаў княства ўшчыльную падышлі нямецкія крыжакі. Агрэсіўных намераў не ўтойвала суседняе Галіцка-Валынскае княства. Падчас бесперапынных войнаў загінулі два браты Тройдзеня - Лесій і Свялкеній.

АТАКА НЯМЕЦКІХ РЫЦАРАЎ

У 1274 г. вялікі князь руйнуе Дарагічын, які належыць Льву Даніілавічу Галіцкаму. Той у адказ просіць аб дапамозе ардынца Меньгу Цімерэна. Супраць Тройдзеня арганізоўваецца ваенны паход, які ўключае акрамя татарскіх войскаў атрады Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага, пінскіх і тураўскіх князёў. Хаўруснікі паспелі пасварыцца яшчэ да пачатку выступлення.

Асадзіўшы ўсё ж Навагрудак, яны канчаткова пасварыліся што да плану ўсёй кампаніі і павярнулі назад з «гневам пра Льва» - ініцыятара ўсёй ваеннай аперацыі. Перамога дасталася Тройдзеню без бою. Ягоныя дружыннікі не паспелі здзейсніць подзвігі на полі бою, але затое былі захаваныя вайсковыя сілы дзяржавы літвінаў.

Вялікі князь разумеў, што спадзявацца на спрэчкі непрыяцеляў - не самы найлепшы выхад. Ён пачынае актыўна ўмацоўваць абараназдольнасць ВКЛ. На тэрыторыі дзяржавы спешна ўзводзяцца ўмацаваныя цытадэлі. Першы мур з’яўляецца ў Наваградку, які зазнаў напад.

Тройдзень прымае прускіх бежанцаў, якія пацярпелі ад нямецкай экспансіі. Рассяліўшы іх усцяж Нёмана, князь накладае на новых жыхароў асаблівую павіннасць па ўзвядзенню мастоў.

Вялікую ўвагу Тройдзень надае фармаванню і навучанню моцнага войска. На чале войска ён здзяйсняе ўдалыя паходы на Валынь, Мазовію, Лівонію.

Леў Даніілавіч не пакідае спробаў захапіць тэрыторыю ВКЛ. Паміж ім і Тройдзенем не спыняюцца ваенныя сутыкненні, падчас якіх дружыннікі ліцвінскага войска здзяйсняюць адважныя подзвігі. Доблесць абаронцаў Княства адкінула ворагаў ад яго межаў.

У 1275 г. Лівонскі ордэн засноўвае горад-цытадэль Дынабург (сучасны Даўгаўпілс). Нямецкія рыцары ўскладаюць на гэты апорны пункт вялікія надзеі ў планах пашырэння сваёй экспансіі. Праз два гады нечакана пад сценамі мура з'яўляецца войса Тройдзеня. Ён цягам месяца ажыццяўляе аблогу цытадэлі, але, даведаўшыся аб падрыхтоўцы чарговага паходу галіцка-валынскіх князёў, здымае аблогу.

Нягледзячы на няўдачу Тройдзеня, ягоная дзёрзкая спроба прымушае крыжакоў сур'ёзна задумацца. Вялікі князь вёў аблогу вельмі ўмела, абстрэльваючы цытадэль з балістаў і пабудаваўшы спецыяльныя вежы для штурму. Вайсковыя інжынеры літвінаў здзейснілі сапраўдныя подзвігі, у сціснутыя тэрміны пабудаваўшы кідальныя машыны і забяспечыўшы атрадам літвінаў падтрымку стральбой з далёкіх дыстанцый.

Напад на ВКЛ адбыўся ў канцы 1278 г. Татарскія атрады і галіцка-валынскія дружыны, як і раней, не здолелі дамовіцца паміж сабой. Ардынцы пачалі рабаваць наваколлі Наваградка, а Мсціслаў Луцкі і Юрый Галіцкі - прадмесці Гародні. Жыхары горада здзейснілі ўначы вылазку, перабіўшы вялікую колькасць воінаў. Штурм Гародні ні да чаго не прывёў. Галіцка-валынскія князі былі вымушаныя з ганьбай адступіць і адмовіцца ад далейшых спроб заваявання Літвы.

МАКЕТ МУРА Ў ДЫНАБУРГУ

Адначасова з гэтым нападам нямецкія рыцары адпраўляюцца ў крыжовы паход на Літву. Цягам усёй зімы 1278-1279 гадоў яны руйнуюць тэрыторыі ВКЛ.

Тройдзень на чале войска даганяе крыжакоў, якія вяртаюцца з багатай здабычай у Рыгу. Вясной 1278 года ён наносіць ім поўную паразу блізу Ашэрадэна. Падчас бітвы гіне нават магістр Ордэна Эрнэст фон Ратцэбург.

У 1279 года Тройдзень укладае выгадны шлюб дачкі Прадславы з князем Мазовіі Баляславам. Гэты шлюб дазваляе вялікаму князю ўмацаваць свае пазіцыі ў еўрапейскай палітыцы.

Няма дакладных звестак пра абставіны гібелі Тройдзеня ў 1282 г. Паводле некаторых версій, ён стаў ахвярай наёмнага забойцы. Прычым пабіў яго мячом у спіну дружыннік з ягонага найбліжэйшага атачэння, падкуплены ворагамі. Ад падступнага ўдару не ратавала ніякая ахова. Калі не дапамагаў меч наёмнага забойцы, то звярталіся да атруты.

За гады нядоўгага праўлення Тройдзеню ўдалося абараніць незалежнасць сваёй дзяржавы. Ён быў прымушаны весці сталую вайну на два франты і з гонарам выйшаў з гэтага выпрабавання. Вялікае княства Літоўскае за Тройдзенем значна ўмацавалася і пашырыла свой уплыў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках