24 красавiка 2024, Серада, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як страйкуюць беларускія аўтамабілісты

57
Як страйкуюць беларускія аўтамабілісты
ФОТА: RIA.RU

Кіроўцы сталі аднымі з самых заядлых апазіцыянераў.

На разгляд Лукашэнкі ўнеслі праект указа, згодна з якім плаціць дарожны збор будуць паводле новых правіл. Улады абяцалі новыя правілы з 1 красавіка, але дакумента ніхто так не ўбачыў.

З 2014 года прайсці тэхагляд без квітанцыі аб выплаце дарожнага збору проста немагчыма. Таму беларускія аўтамабілісты для сябе гэтую праблему развязалі проста - байкатавалі ТА. Тэхагляд не праходзілі ад чвэрці да паловы аўто. Не спяшаюцца з гэтым кіроўцы і цяпер.

«Белнафтахім» складана абвінаваціць у марудлівасці. Канцэрн штотыдзень падымае кошт паліва, ператвараючы паездку на аўтамабілі ў дарагое задавальненне.

Чаго чакаць ад новага закона аб дарожным зборы і ці выйдзе ён у свет? Чаму беларускія кіроўцы байкатуюць тэхагляд? Як беларускія кіроўцы рэагуюць на тактыку «Белнафтахіма»? Сайт Charter97.org даведаўся пра усё ў міжгародняга перавозчыка з Баранавічаў Уладзіслава:

- Хочацца пачаць з таго, што я ўжо некалькі разоў чуў пра тое, што дарожны збор збіраюцца адвязаць ад тэхагляду. Абяцалі, што зробяць гэта з 1 красавіка.

Як бачыце, нічога пакуль не памянялася.

Як ІП хачу адзначыць, што для нас ніякіх паслабленняў у праекце новага закона не будзе. Пра гэта ўжо афіцыйна заявілі.

Што да асабістага транспарту, то я тэхагляд пакуль не спяшаюся праходзіць.

Многія мае знаёмыя і раней яго байкатавалі. Бо часцяком танней заплаціць штраф, чым пастаянна аплачваць тэхагляд.

Акрамя таго, дзяржаўны тэхагляд, у прынцыпе, з'яўляецца вельмі сумнеўным мерапрыемствам. Растлумачу чаму. Паводле статыстыкі толькі 2% аварый здараюцца з прычыны таго, што аўтамабіль знаходзіцца ў дрэнным тэхнічным стане. Разумны чалавек сам заедзе на станцыю ТА, правядзе дыягностыку аўтамабіля. Але не трэба рабіць з гэтага «абавязалаўку».

Калі камусьці не дарагое ягонае жыццё і ён прадаўжае ездзіць на няспраўным аўтамабілі, то гэта не кіроўца, а самазабойца. Калі б колькасць аварый з прычыны тэхнічнай няспраўнасці транспартных сродкаў складала 30% - можна б было казаць пра неабходнасць абавязковага тэхагляду.

У нас жа дзяржаўны тэхагляд ператварыўся ў выдатны артыкул даходу для дзяржавы.

- Якім павінен быць справядлівы дарожны збор у Беларусі?

- Ідэальны варыянт - цалкам уключыць дарожны збор у кошт бензіну. Іншых шляхоў для аб'ектыўнага падаткаабкладання я не бачу. Гэта вынішчала б абсалютнае глупства, якое мы маем у выглядзе «максімальнай вагі», ад якой залежыць сума дарожнага збору.

Сёння нам прапануюць проста плаціць асобным артыкулам дарожны збор. Вось і што для мяне мяняецца?

Больш за тое, дарожная інфраструктура - гэта багацце краіны. Мы - транзітная краіна. Чаму ўлады, якія зарабляюць мільярды даляраў на месцазнаходжанні нашай краіны, не могуць узяць на сябе адказнасць за нашы дарогі? Проста яны не ўважаюць Беларусь за родную для іх краіну. Як гішпанскія каланізатары на землях Паўднёвай Амерыкі. Галоўнае - нажыва. А беларусы могуць і па «грунтоўцы» пакатацца.

Даслоўна кожны дзень у СМІ з'яўляюцца гісторыі пра тое, як асфальт кладуць у бруд і снег, ямы латаюць цаглінамі. Вось скажыце, мне няма куды грошы падзець?

- Як вы пракаментуеце падаражанне бензіну ў нашай краіне?

- З коштам бензіну ў нас такая ж гісторыя. Наша краіна - сапраўдны нафтавай эмірат. Палова Еўропы ездзіць на бензіне, які вырабляюць у нас. Няўжо нельга ўвесці мараторый на гэтыя кошты? Я разумею, што ў нас няма сваіх пакладаў нафты, але ж доўгі час мы яе ў Расеі бралі за бесцань, прыдумлялі схемы ўвозу гатовых нафтапрадуктаў, каб зарабіць на сваіх.

Уся фантазія і энэргія ідзе на тое, каб нажыцца.

Цяжка назваць людзей, у якіх на розуме адны шкурныя інтарэсы і домікі ў Драздах побач з «урадам». Гэта купка кантрабандыстаў, жулікаў і падманшчыкаў. Таму нашая краіна стала аб’ектам для жартаў і анекдотаў пра «беларускую ікру і крэветкі».

З такімі магутнасцямі ў нафтаперапрацоўцы можна было раздаваць людзям бензін бясплатна, альбо ўвесці сімвалічную плату. Але мы маем справу з хапугамі ў кабінетах.

- Як вам новая тактыка ад «Белнафтахіма», калі паліва даражэе амаль кожныя выходныя?

- Новая тактыка падобная да кітайскага катавання, калі кожную хвіліну на лоб падае кропля вады. Я некалькі разоў стаяў у чэргах за дзень да падаражання бензіну. Дык вось, штораз гэтыя чэргі ўсё больш і больш незадаволеныя.

Тут справа нават не ў гэтай капейцы, на якую амаль кожныя выходныя ўлады падвышаюць кошты.

Нас зноў трымаюць за дурняў, маўляў, будзем на капейчыну падвышаць і ўсе будуць задаволеныя. Вось такое стаўленне абурае, маўляў, мы вас перахітрылі. Але спяшаюся засмуціць Белнафтахім, нікога вы не перахітрылі. Людзі ўсё памятаюць і нічога не забываюць. Грошы беларусы лічыць навучыліся.

- Сёння аўтамабіль у Беларусі гэты транспартны сродак або прадмет раскошы?

- Сёння аўтамабіль становіцца велізарнай клопатам. Я займаюся транспартнымі перавозкамі і выдатна адчуваю гэта на сабе. Калісьці ў мяне было чатыры мікробусы, а сёння засталося два. Спачатку ўлады прыціснулі нас з законам аб «рэгулярных перавозчыках», сёння даціскаюць ростам кошту бензіну.

Калі чалавек ездзіць на «Майбаху», то яго мала хвалюе кошт бензіну і сума дарожнага збору. Ды і дарогі ад Драздоў да Менска выдатнай якасці.

Ведаеце, аўтамабілісты - адны з самых заядлых апазіцыянераў. Кіроўцы ганяць Лукашэнку перад кожнай запраўкай і станцыяй ТА.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках